У Беларусі Дзень Незалежнасці святкуюць нароўні з Днём Вялікай Перамогі. Памяць пра подзвіг няскоранага народа — пытанне нацыянальнай годнасці, без чаго размовы пра незалежнасць — проста словы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — свята, якое мае фундаментальнае значэнне для беларусаў.
— Незалежнасць — гэта свабоднае і мірнае жыццё, бяспека і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Так мы павінны разумець сваю незалежнасць. Беларускі народ добра памятае, што значыць страціць усё гэта ў адзін момант. І ведае, што значыць пакласці жыццё на алтар будучыні роднай Айчыны. У нашай гісторыі так было не раз. Але дата вызвалення Мінска ад фашысцкай акупацыі — 3 ліпеня — стала рубяжом. Рубяжом духоўнага і грамадзянскага станаўлення нацыі, якая агнём і крывёй умацавалася ў сваім статусе, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Вялікая Айчынная вайна, самая бесчалавечная з усіх войнаў, перавярнула свядомасць сусветнай супольнасці, прымусіла жыхароў усіх кантынентаў задумацца аб каштоўнасці свабоды і крохкасці жыцця.
— У вачах усяго свету рухнуў міф аб гарантыях бяспекі. Гарантыях, якія павінны былі забяспечваць ваенныя саюзы, кааліцыі, пакты аб ненападзенні і іншыя міжнародныя пагадненні. Слухайце, як быццам сёння, — заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, прыклад толькі адной Беларусі, якая страціла за няпоўныя тры гады трэць насельніцтва, уключаючы самых слабых і безабаронных — жанчын, старых і дзяцей, — падзяліў гісторыю на да і пасля.
— Гэта быў сапраўдны генацыд. Не толькі нашу гісторыю падзялілі. Усе, хто сачыў за бітвай стагоддзя, якая пачалася на подступах да Брэсцкай крэпасці, дзе быў дадзены першы дастойны адказ агрэсару, той разумеў, што лёс свету будзе вырашацца тут, на ўсходнеславянскіх землях. І вырашаць яго будуць сілы нашай Чырвонай Арміі. Гэты гістарычны факт — і наш боль, і наша гордасць, — падкрэсліў беларускі лідар.
— Мы прадаўжаем гісторыю няскоранага народа. Памяць пра яго подзвіг — пытанне нацыянальнай годнасці, без чаго размовы пра незалежнасць, суверэнітэт, свабоду — проста словы. Мы ж абапіраемся на рэальны вопыт і рэальныя дасягненні, — адзначыў Прэзідэнт. — Колькі мы ведаем народаў, якія былі пастаўлены на мяжу поўнага знішчэння, падобна да савецкага народа, беларусаў, але са зброяй у руках выстаялі? Колькі такіх народаў? Колькі мы ведаем дзяржаў, якія гэтак жа гераічна, як і мы, трымалі ўдар цэлай арміі нацысцкіх ваенных фарміраванняў, сабраных з 30 краін Еўропы? Колькі такіх дзяржаў? Удар трымалі байцы, партызаны, падпольшчыкі. Змагаліся жанчыны, старыя, дзеці. Як роўныя. Са зброяй у руках.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта на беларускай зямлі захопнікі сутыкнуліся з масавым і ўсебаковым супраціўленнем, сталі сведкамі небывалай смеласці моцных духам і нязломных людзей.
— Славу Перамогі над гітлераўскімі акупантамі мы, безумоўна, падзяляем з былымі савецкімі рэспублікамі. Інакш нельга. Помнім усіх, хто стаяў насмерць за кожную пядзю нашай зямлі. З належнай павагай адносімся да гісторыі краіны, якая перамагла фашысцкую Германію і яе сатэлітаў. І ў 1990-я гады свядома выбралі шлях гістарычных пераемнікаў гэтай вялікай дзяржавы. Мы не адмаўлялі і не перакрэслівалі нашу гісторыю. Паняцце “братэрскія народы” для нас не фігура маўлення. Гэта спадчына, якую мы беражом, — заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што толькі ў Беларусі Дзень Незалежнасці святкуюць нароўні з Днём Вялікай Перамогі.
— Таму што тады, у самы востры перыяд, у самы востры момант пераможнага наступлення Чырвонай Арміі, дзень вызвалення Мінска стаў прадвеснікам пераможнага 9 Мая, сімвалам адраджэння беларускай зямлі ды і ўсяго савецкага народа. Выбар даты нашага галоўнага дзяржаўнага свята гістарычна абгрунтаваны і прыняты сэрцам кожнага з нас, кожнага беларуса. У гэтым выбары — воля не толькі нас, сучаснікаў, якія не маглі зрабіць інакш, але нашых бацькоў і дзядоў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да ветэранаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны вытрымалі неймавернай сілы ўдар і выстаялі ў эпахальнай бітве — бітве за жыццё іх дзяцей і ўнукаў.
— За наша жыццё і тых, хто прыйдзе пасля нас. Нізкі вам паклон! Ваша пакаленне здзейсніла подзвіг, роўнага якому ў гісторыі не было, няма і ці будзе. Сёння мы разам з вамі зноў схіляем галаву ў памяць аб героях той вайны. Вечная слава, бязмерная ўдзячнасць праз стагоддзі ўсім, хто здзейсніў ваенны і працоўны подзвіг. Подзвіг, які стаў нашым маральным арыенцірам, — сказаў Прэзідэнт.
Падрабязнасці — на сайце president.gov.by