Шчыра. Музычна. Паэтычна

Апублiкавана: 16 чэрвеня 2025 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

“Маладзечна-2025” цешыць багаццем айчыннай культуры: галоўныя мерапрыемствы XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі прыпадаюць на 13 і 14 чэрвеня.

 

СВЯТОЧНЫ ТЫДЗЕНЬ

 Традыцыйная культурная падзея аб’яднала вядомых выканаўцаў, кампазітараў, паэтаў, майстроў народнай творчасці і таленавітую моладзь. Удзельнікі з’ехаліся з розных рэгіёнаў Беларусі. Завіталі і госці з Бранскай, Смаленскай і Уладзімірскай абласцей Расійскай Федэрацыі, а таксама з Рэспублікі Інгушэція. 

Кожны дзень свята, якое пануе ў Маладзечна з 10 чэрвеня, насычаны цікавымі імпрэзамі: канцэрты, конкурсы, творчыя сустрэчы, выставы, прэзентацыі, майстар-класы.

 Арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга”, Белтэлерадыёкампанія.

ЯРКІ ПРАЛОГ 

Яркім пралогам “Маладзечна-2025” стаў праект “Фестываль духавой музыкі «Майскі вальс»” на Цэнтральнай плошчы горада. У ім паўдзельнічалі як музыканты з рэгіёнаў, так і вядомыя заслужаныя калектывы. Гэта, прыкладам, Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, духавы аркестр Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама і ганаровы госць — Цэнтральны пагранічны ансамбль ФСБ Расійскай Федэрацыі. 

На маляўнічай вуліцы Прытыцкага разгарнуўся горад майстроў, дзе прадстаўлены традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абласцей Беларусі. Тут захаваныя і адноўленыя промыслы прадстаўлены як у першародным выглядзе, так і ў сучасным прачытанні. Кожны метр “пешаходкі”, працягласць якой больш за кіламетр, быў размеркаваны паміж удзельнікамі задоўга да пачатку фестывалю. Свае вырабы дэманструюць майстры ўстаноў культуры, рамеснікі з розных куткоў краіны. Побач — расійскія калегі.

СЛОВА ПРА СЛОВА

Традыцыйна ў фестывалі ўдзельнічаюць пісьменнікі, песеннікі, барды. Сярод найбольш значных мерапрыемстваў — “Літаратурны Алімп Беларусі”, сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; прэзентацыя міжнароднага кніжнага праекта Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэгіянальных аддзяленняў Расіі “Победили! Перамаглі!”, прысвечанага 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; а таксама кнігі “У іх жыцці была вайна” — сумеснага праекта Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Музея гісторыі беларускай літаратуры. 

БУДУЧЫЯ ЗОРКІ 

У чацвер адбыўся фінал XI Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2025”.

 — Сёлета дзіцячы конкурс выйшаў на новы ўзровень, — лічыць Максім Расоха, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя Міхаіла Фінберга. — Унікальная магчымасць і стымул для фіналістаў — выступленне ў суправаджэнні нашага аркестра. Магчыма, сярод іх будучыя зоркі, якія праславяць краіну на міжнародных спаборніцтвах. Многія пераможцы мінулых конкурсаў сёння працуюць у складзе самога аркестра. Гэта цудоўная традыцыя: мы самі сабе рыхтуем змену.

 За званне найлепшага вакаліста змагаліся 16 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі і расійскага горада Невель. Ацэньвала таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі: старшыня — народная артыстка Рэспублікі Беларусь, кампазітар Ядвіга Паплаўская, сустаршыня — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Фінберга” Максім Расоха, а таксама заснавальнік і мастацкі кіраўнік конкурсу “Маладзічок”, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч і музычны рэдактар, журналіст, аўтар праекта “Маладыя таленты Беларусі”, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Таццяна Якушава. Асаблівая ўвага надавалася ўзроўню выканальніцкага майстэрства, сцэнічнай культуры, вакальным даным і артыстызму выканаўцы, пастаноўцы нумара, сцэнаграфіі, здольнасці перадаць мастацкі вобраз, а таксама іншым важным аспектам.

 

 ПРЫВАБНЫЯ ПУНКТЫ 

Сёлета фестываль пашырыў свае межы: канцэртныя праграмы праходзяць не толькі на галоўных гарадскіх пляцоўках. Выступленні творчых калектываў з нашага і бліжэйшых раёнаў могуць убачыць вяскоўцы і работнікі прадпрыемстваў без адрыву ад вытворчасці. Па цэнтральнай вуліцы курсіруе “Літаратурны экспрэс”: у бібліобусе гучаць творы айчынных аўтараў; з беларускай песняй і паэзіяй можна пазнаёміцца і на прыпынках. Пра юных гасцей свята таксама паклапаціліся: вялікая дзіцячая лакацыя з атракцыёнамі разгорнутая ў цэнтральным парку. 

З кожным годам колькасць гасцей фестывалю расце, таму арганізатары пашырылі зону гандлю і грамадскага харчавання. Побач з канцэртнымі і выставачнымі пляцоўкамі, па дарозе да амфітэатра, у парку размяшчаюцца шматлікія гандлёвыя пункты. Колькасць пасадачных месцаў павялічана амаль удвая. 

 

НОВАМУ ПАКАЛЕННЮ 

Наперадзе — шмат значных падзей. Фанфары музычна-паэтычнага форуму ўрачыста прагучаць 13 і 14 чэрвеня: у Летнім амфітэатры пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю. 

А ў суботу глядзельная зала Палаца культуры Маладзечна стане месцам правядзення ІІ і ІІІ тураў рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. 

Таксама заўтра пройдзе канцэрт акадэмічнай харавой музыкі духоўнай накіраванасці “Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню XXI стагоддзя”. Паводле слоў старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч, гэты інавацыйны культурна-адукацыйны праект быў падтрыманы грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры на 2021 год. Дзякуючы яго рэалізацыі з’явілася магчымасць знаёміць гледачоў у розных кутках краіны з творамі сучасных айчынных кампазітараў і развіваць традыцыі беларускага харавога выканальніцтва. 

— Праект аб’яднаў майстэрства калектываў сталічнай вобласці, у прыватнасці канцэртнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі, змешанага хору Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, салістаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, харавога ансамбля сучаснай музыкі “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў і іншых, — расказала Алена Мікалаеўна. — Нараўне з маладымі артыстамі ў праекце ўдзельнічаюць і зоркі беларускай эстрады, уладальніцы медаля Францыска Скарыны — народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанэт. Публіка пачуе прэм’еру “Дальва” кампазітара Леаніда Захлеўнага, а таксама яркія творы Ігара Лучанка, Аліны Безенсон, Алега Хадоскі, Дзмітрыя Даўгалёва, Ганны Казловай.

 СТРАКАТАЯ ПАЛІТРА

 Мінскі абласны краязнаўчы музей запрасіў гледачоў на сумесны з Дзяржаўным музеем “Смаленская крэпасць” праект “Дзве краіны — адна Перамога”. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — на рэквіем “Вечар” Аляксея Дударава. Таксама ў фестывальнай афішы заяўлены канцэртная праграма “Грай, музыкант!” заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі і творчая сустрэча з ім — праект “Асоба эпохі”; прэзентацыя выставы “Мастацтва без межаў” творцы з асаблівасцямі слыху Аляксандра Пакацілы, “Магія ночы” з начнымі паказамі мастацкіх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Наогул на апошнія дні фестывалю запланавана яшчэ шмат мерапрыемстваў. Пра самыя цікавыя імпрэзы і іх удзельнікаў — у наступных нумарах “К”. Заставайцеся з намі!

 

 Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Ангеліны САРОКІ