Усёабдымная падтрымка і гарантыі

Апублiкавана: 11 чэрвеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Якія аспекты маладзёжнай палітыкі прыярытэтныя для сферы культуры? Што робіцца для ўдасканалення адукацыйных працэсаў і выхаваўчай працы? Пра пазітыўныя тэндэнцыі і зрухі распавяла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч падчас нядаўняй выязной калегіі ў Баранавічах.

— Моладзь у Беларусі налічвае больш за 1,5 мільёна чалавек. Гэта працоўны, інтэлектуальны і творчы рэсурс грамадства. Для рэалізацыі свайго прызначэння ёй патрэбныя гарантыі набыцця адпаведных грамадскаму запыту ведаў, прафесійнай падрыхтоўкі, рэалізацыі творчых магчымасцей і ўваходжання ў самастойнае жыццё, — адзначыла Марына Юркевіч. 

МАДЭРНІЗАЦЫЯ — БЕСПЕРАПЫННАЯ 

Удасканальванне сістэмы адукацыі ў сферы культуры ахоплівае ўсе яе ўзроўні: ад дзіцячых школ мастацтваў да ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у мадэрнізацыю навучальных праграм якіх актыўна далучаюцца прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. 

Сярод важных дасягненняў аптымізацыйных працэсаў, накіраваных на задавальненне патрэбнасцей эканомікі і сферы культуры ў кадрах, — удасканальванне падыходу да фарміравання кантрольных лічбаў прыёму на запатрабаваныя спецыяльнасці, у тым ліку павялічванне кантрольных лічбаў прыёму на 11 запатрабаваных спецыяльнасцей у ВНУ, зніжэнне набору на платнае навучанне, адкрыццё новых спецыяльнасцей з мэтай прыцягнення патэнцыйных абітурыентаў, ажыццяўленне набору па спецыяльнасці “Акцёрскае мастацтва” (прафілізацыя “Мастацтва мюзікла”). 

План прыёму ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паглыбленай адукацыі ў 2024-м выкананы на 100%, колькасць мэтавікоў у каледжах павялічылася да 163 чалавек, а ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — да 18. 

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў у 2024-м таксама палепшылася, — распавяла Марына Браніславаўна. — Гэта, у прыватнасці, увод у эксплуатацыю новага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава, капітальны рамонт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, замена вокнаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, закупка новай стацыянарнай інтэрактыўнай і мультымедыйнай тэхнікі, музычных інструментаў, харэаграфічных станкоў, сучаснага тэатральнага абсталявання. Падобная праца праведзена ў рэгіянальных установах адукацыі. У ВНУ былі абсталяваны студыі гуказапісу з поўным камплектам прафесійнай тэхнікі для запісу і апрацоўкі фанаграм у лічбавым фармаце. 

У 2023-м на капітальны рамонт ВНУ было выдаткавана 1 331 028,0 рублёў, а ў 2024-м — 4 779 691,92 рублёў. На бягучы рамонт ССНУ і ВНУ ў 2023-м было выдаткавана 697 565,0 рублёў, а ў 2024-м — 1 214 115,0 рублёў. 

Працягвае дзейнічаць сістэма падтрымкі навучэнцаў, што прадугледжвае льготы пры паступленні, прызначэнне стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скідкі на навучанне, перавод з платнага навучання на бюджэт, размеркаванне на першае працоўнае месца і многае іншае. 

У 2024-м размеркаванню падлягалі 457 выпускнікоў ВНУ. Сярод выпускнікоў платнай формы 16 чалавек накіраваны на працу па размеркаванні ў адпаведнасці з іх жаданнем. 

Для забеспячэння практыка-арыентаванай падрыхтоўкі навучэнцаў да адукацыйнага працэсу працягваюць далучацца вядучыя спецыялісты арганізацый — заказчыкаў кадраў. Колькасць дыпломных работ, выкананых па ўзгодненым з прадпрыемствамі тэмах, летась склала 306, а колькасць навучальных праграм, распрацаваных або ўзгодненых прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, — больш за 100. 

— Якасная падтрымка аказваецца маладым вучоным: штогод студэнтам прысуджаюцца імянныя стыпендыі, пры прызначэнні якіх улічваюцца поспехі ў навуковай працы, а таксама заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На базе ВНУ функцыянуюць больш за 30 навуковых гурткоў і навукова-творчых аб’яднанняў, крэатыўных лабараторый, аматарскіх калектываў, майстэрняў, — расказала Марына Юркевіч. — Як вынік — арганізавана сем міжнародных навукова-практычных канферэнцый у рамках Плана навуковых і навукова-практычных мерапрыемстваў, у саветах па абароне дысертацый у ВНУ абаронена 16 дысертацый. Навуковымі калектывамі ВНУ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2024-м завершана работа па выкананні пяці праектаў у рамках Плана навуковых даследаванняў і распрацовак агульнадзяржаўнага, галіновага прызначэння, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

АРЫЕНЦІРЫ — СТАНОЎЧЫЯ 

Значным складнікам адукацыйнага працэсу застаецца ідэалагічнае, грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, а таксама заха ванне і папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, развіццё працоўнай матывацыі, дзеля чаго выкарыстоўваецца ўвесь спектр формаў культурна-дасугавай дзейнасці. Не менш увагі надаецца фарміраванню здаровага ладу жыцця. Летась арганізацыямі культуры і ўстановамі адукацыі праведзены шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, у праграму навучання ССНУ ўведзены факультатыў “Здаровы лад жыцця”. 

— Летась клубныя ўстановы зладзілі больш за 4800 мерапрыемстваў па фарміраванні здаровага ладу жыцця, адбыліся дзясяткі накіраваных на згуртаванне сям’і сустрэч з псіхолагамі і праглядаў адпаведных фільмаў, — адзначыла начальнік аддзела. — Працягваюць функцыянаваць саветы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, праводзяцца гутаркі, куратарскія гадзіны, медыяўрокі па пытаннях прафілактыкі алкагалізму. 

Што да часовай занятасці ў вольны ад вучобы час, ва ўсіх установах адукацыі сферы сфарміраваны студэнцкія сэрвісныя атрады, функцыянуюць штабы працоўных спраў, вядзецца актыўная канцэртная дзейнасць. Моладзь, да прыкладу, дапамагае падчас уступнай кампаніі, падрыхтоўкі ўстаноў да новага навучальнага года. Штогадовы ахоп другаснай занятасцю — каля 2500 чалавек, амаль 30% ад агульнай колькасці навучэнцаў. 

Папулярнасць набывае праца ў валанцёрскіх атрадах. За падтрымку дабрачынных праграм Беларускага дзіцячага фонду, накіраваных на дапамогу дзецям-сіротам, хворым дзецям і дзецям з інваліднасцю кіраўніку валанцёрскага клуба “СЛОН” БДУКМ аб’яўлена падзяка Беларускага дзіцячага фонду. 

Важным аспектам выхаваўчай работы, па словах Марыны Юркевіч, застаецца арганізацыйна-метадычнае і педагагічнае суправаджэнне пярвічных арганізацый БРСМ і прафсаюза студэнтаў, органаў студэнцкага самакіравання і іншых маладзёжных ініцыятыў. 

Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі студэнтаў Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі спорту і турызму ў сферы культуры працягваюць абараняць сацыяльна-эканамічныя правы студэнтаў, удзельнічаюць у размеркаванні, аказанні матэрыяльнай дапамогі, арганізацыі аздараўлення і культурнага адпачынку студэнтаў. Дарэчы, лепшыя паказчыкі ахопу моладзі студэнцкай прафсаюзнай арганізацыяй дэманструюць установы адукацыі Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага рэгіёнаў, Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназіякаледж, БДУКМ. 

ПРАЦАВІТАСЦЬ — ЗАЎВАЖАНА

Творчая самарэалізацыі навучэнцаў — аб’ект пільнай увагі ўстаноў сферы. Для стварэння спрыяльных умоў пры падтрымцы Міністэрства культуры рэгулярна праводзяцца конкурсы, прызёры якіх удзельнічаюць у тэлевізійных праграмах, канцэртах, міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. За высокія дасягненні яны залічваюцца ў банк даных таленавітай моладзі і атрымліваюць істотную матэрыяльную падтрымку: ад заахвочванняў установамі адукацыі за кошт пазабюджэтных сродкаў, прэмій абласных выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў да ўзнагарод спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

У 2024-м заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі былі ўдастоены 41 прадстаўнік таленавітай моладзі і 3 творчыя калектывы. Узнагародай “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” адзначаны 5 педагогаў сферы. За кошт сродкаў гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь рэалізаваны шэраг праектаў, накіраваных на папулярызацыю дасягненняў таленавітай моладзі і патрыятычнае выхаванне маладых грамадзян. Сярод іх — “Трохкутнік надзеі” (БДУКМ), “Музыка. Талент. Сутворчасць” (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), дзіцяча-юнацкі культурнаасветніцкі праект “Мы — музычная будучыня краіны” (Мінскканцэрт). 

— За актыўную дзейнасць у патрыятычным выхаванні моладзі, рэалізацыю грамадска-патрыятычнага праекта “Лінія памяці. Код вайны” калектыву БДУКМ прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, а калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за плённую працу ў сферы навучання і выхавання творчай моладзі, актыўную грамадска-патрыятычную дзейнасць, — расказала начальнік аддзела. 

КАР'ЕРНЫ РОСТ — ЗАБЯСПЕЧАНЫ 

Работа з кадрамі, стварэнне ўмоў для прафесійнага і творчага росту моладзі — значныя напрамкі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Замацаванне маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы — важны аспект у рабоце з пачаткоўцамі, які ажыццяўляецца ўсімі ўпраўленнямі культуры і міністэрствам. Лепшыя паказчыкі ў гэтым кірунку дэманструюць Мінск, Брэсцкая і Віцебская вобласць. 

Па стане на 1 студзеня 2025 года ў арганізацыях культуры працуе больш за 8 тысяч работнікаў ва ўзросце да 31 года, што складае 12% ад агульнай колькасці работнікаў сферы. У падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацыях працуе каля 1000 маладых людзей ва ўзросце да 31 года, а гэта 14% работнікаў. 

— Істотная падтрымка аказваецца маладым сем’ям. Гэта, у прыватнасці, забеспячэнне жылля і дадатковага водпуску з захаваннем заработнай платы і матэрыяльнай дапамогі ў выпадках шлюбу і нараджэння дзіцяці. Дзейнічаюць спецыяльныя групы рэзерву кадраў Міністэрства культуры і рэзерв кадраў на кіраўнічыя пасады для работнікаў з моцнымі лідарскімі здольнасцямі, — распавяла пра метады стымулявання працоўнай зацікаўленасці Марына Юркевіч. — Для раскрыцця творчага патэнцыялу маладых спецыялістаў паўсюдна прыцягваюць да арганізацыі і правядзення маштабных мерапрыемстваў, прымеркаваных да важных падзей у жыцці краіны. 

У 2024—2025 гадах за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам культуры ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на павышэнне кваліфікацыі накіравана больш за 50 работнікаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў. Для ўдзелу ў конкурсе для наступнага навучання па праграмах падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі ў адпаведнасці з дзяржаўным заказам сёлета накіраваны 18 чалавек з ліку маладых перспектыўных кіраўнікоў і асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў і ў перспектыўным кадравым рэзерве. 

— Рэалізацыя мерапрыемстваў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, — падсумоўвае Марына Браніславаўна, — знаходзіцца на пастаянным кантролі Міністэрства культуры і будзе прадоўжана ў гэтым годзе. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сайта Міністэрства культуры