Філасофія “Пітэра Пэна”

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, выпусціўшы шэраг спектакляў для дарослых, звярнуўся да “Пітэра Пэна”. І паставіў, як пазначана ў праграмцы, “чароўную казку для ўсёй сям’і”. 

КРАІНА ПЭНАЎ 

“Пітэр Пэн” — шмат у чым знакавае найменне для нашай нацыянальнай культуры. У 1987-м на “Беларусьфільме” выйшла двухсерыйная стужка Леаніда Нячаева. А ў 1990-м у Вялікім тэатры быў паспяхова ўвасоблены беларускі мюзікл для дзяцей. Нароўні з дарослымі там спявалі юныя салісты. І менавіта гэтай прэм’ерай адкрываўся тады Дзіцячы музычны тэатр-студыя пры славутым калектыве, што і сёння забяспечвае оперныя і балетныя спектаклі ўдзелам добра падрыхтаванай дзятвы. Нарэшце, хлопчык Пітэр, прыдуманы шатландскім пісьменнікам Дж. Бары ў пачатку ХХ стагоддзя, — аднафамілец знанага віцебскага мастака Юдаля Пэна, які быў першым настаўнікам жывапісу сусветна вядомага Марка Шагала. Так што з’яўленне тюгаўскай прэм’еры, лічыце, заканамернасць. Пагатоў рэжысёр Ганна Джамілашвілі выношвала сваю задуму дастаткова доўга: ад нараджэння ідэі да практычнай рэалізацыі мінула ажно сем гадоў. 

ЧАРАЎНІЦТВА СІНТЭЗАЎ 

Цяперашняя прэм’ера вельмі адрозніваецца ад іншых увасабленняў гісторыі пра хлопчыка, які не хацеў сталець. Так, у спектаклі маюцца цікавыя музычныя нумары, песні і танцы. Вельмі ўдала, прычым зусім простымі тэатральнымі сродкамі, перададзена здольнасць герояў лётаць. Але на першы план выходзіць не звыклая дзіцячая казачнасць, нават не бязмежная “фантазійная фантастыка”, а гэткая разумная, глыбока асэнсаваная, у поўным сэнсе філасофская відовішчнасць. Мабыць, менавіта ў гэтым і заключаецца чараўніцтва? 

Пастаноўчая каманда прапануе сінтэз ледзь не ўсіх відаў мастацтва. Пачатак пераносіць нас у часы нямога кіно. І гэта не прыхамаць рэжысёра, а спасылка на тыя гады, калі ствараліся кнігі пра Пітэра Пэна. У гэтых сцэнах шмат гумару, перазоваў з мастацтвам фатаграфіі, бо сям’я Дарлінгаў (маці — Ала Паплаўская, бацька — Павел Церахаў) раз-пораз пазіруе і замірае, каб здымак добра сфакусаваўся. 

Наяўнасць вялізнага сабакі — быццам жывога, рухавага — вымушае згадаць магчымасці сучаснага тэатра лялек. І саму яго эстэтыку! Бо літаральна праз некалькі хвілін, калі жартоўнае адлюстраванне рэальнага жыцця незаўважна перацячэ ў казачны аповед, экран на задніку ператворыцца ў адчыненае акно, канапа — у аблачынку, лесвіца — у магчымасць палёту, агромністае люстра — у тэатр ценяў (мастак — Дар’я Волкава). 

Пластыка, памножаная на ўласцівую мастацкай гімнастыцы працу са стужкамі-тканінамі, выйдзе на першы план у сцэне русалчыных гульняў. Гэтыя міфічныя істоты ў па-беларуску тумановых прыцемках нечакана атрымаюць усходні каларыт — праз выкшталцонае выкарыстанне веераў (харэограф — Дзіна Юрчанка). Фотамастацтва зноў выплыве ў фінале, калі на задніку пачнуць з’яўляцца дзіцячыя здымкі занятых у спектаклі артыстаў. Разам з гэтым няхітрым прыёмам узнікне не асацыятыўная, а цалкам рэальная повязь эпох, дыялог пакаленняў. Невыпадкова першай гераіняй, якую мы бачым пасля адкрыцця тэатральнай завесы, аказваецца Вэндзі-бабуля (Раіса Астрадзінава): менавіта яна распавядае (а спачатку і ўвогуле чытае) гэтую гісторыю. 

ЛУНАННЕ СМЕРЦІ 

Подых смерці ў “Пітэры Пэне” адзначалі многія. Праз гэта (і з некаторых іншых прычын) кніга пэўны час была нават забароненая. Але ў фільмах і спектаклях, прызначаных для дзяцей, гэтая тэма звычайна не ўзнімалася. Мікшыравалася. Сыходзіла на другі план. “Не заўважалася”. Хаця даследчыкі называлі Пітэра забойцам хлопчыкаў. 

У спектаклі — усё іначай. Смерць паўстае шматаблічнай. Натуральная, у сілу састарэлага ўзросту — як павольны ўзлёт на нябёсы, лунанне душы. Так знікае ў фінале Вэндзі-бабуля, узняўшыся на лесвіцу. Заўчасная ж смерць — як вечнае дзяцінства на далёкім востраве, куды проста так не дабрацца. І невыпадкова там адны хлопчыкі. І невыпадкова — у бясконцым проціборстве з Капітанам Крукам. Бо ўсе яны, уключаючы піратаў, — загінулыя на вайне. 

Магчыма, на такое ўспрыманне паўплывала атачэнне прэм’еры, безліч ваенна-патрыятычных праектаў да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Але міжволі ўзнікаюць паралелі з тымі хлопчыкамі 1940-х, учарашнімі школьнікамі, што засталіся вечна маладымі. 

СТАЛАСЦЬ ХАРАКТАРАЎ 

Гронкі цікавых рэжысёрскіх прыдумак, яркасць сцэнаграфіі, касцюмаў, прыцягальнасць тэатральнай праграмкі з дададзеным кропкавым малюнкам, які трэба з’яднаць па лічбах, — усё гэта можа страціць сэнс без добрага акцёрскага ансамбля. У спектаклі сабрана сапраўднае суквецце артыстаў, прычым без аніякіх зорных комплексаў, што вымушаюць цягнуць коўдру на сябе. Кожны стварае папраўдзе сталы, адчувальны, запамінальны характар свайго персанажа. І пры ўсім гэтым — зменлівы, пададзены ў кантрастах і развіцці эмоцый. Займальна сачыць, як у Вэндзі (Настасся Крыштаповіч) прачынаюцца мацярынскія рысы. Як у Пітэры Пэне (Уладзіслаў Вінаградаў) змагаюцца супрацьлеглыя жаданні: прага чалавечага цяпла і боязь страціць эфемерную свабоду. Пры такім раскладзе Фея Дзінь-Дзінь (Кацярына Крылова) становіцца яго крывым люстэркам. А яе смешныя істэрыкі — адбіткам неўтаймоўнага пажару ў яго душы, што можа пакінуць папялішча. 

Вядома, у кожнага можа быць сваё прачытанне. І гэта цудоўна! Бо спектакль папраўдзе сямейны — на ўсе ўзросты і тэмпераменты. Прыходзьце і глядзіце! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА