Ранішні Мінск яшчэ ў тумане, а за кулісамі канцэртнай залы ўжо гучаць першыя ўдары барабана — “музычная мафія” пачынае дзень. Cosa Nostra (since 2010) рыхтуецца да чарговага выступлення — аднаго з тых, што прывялі артыстаў да перамогі на “Песні года Беларусі — 2024”.
Cosa Nostra — не проста назва, гэта гісторыя працягласцю ў 15 гадоў. Пачыналі як звычайны кавер-бэнд, без амбіцый, без менеджараў — пяцёра сяброў, якія выступалі ў рэстаранах.
— Я ў гурце з самага першага дня, — згадвае заснавальнік Cosa Nostra Дзмітрый. — Мы збіраліся без планаў і вялікіх надзей — хацелі граць. Сябры, знаёмыя музыканты. Нехта затрымліваўся, нехта пакідаў калектыў у творчым пошуку. Але ўсё паступова ўстаялася. Прайшлі праз эксперыменты, перамены, і нарэшце сфарміраваўся той склад, які сёння і ёсць сэрцам гурта.
Назва з’явілася амаль выпадкова — але прыжылася, потым стала брэндавай.
— Cosa Nostra… Гучыць эфектна. Тады ніхто не думаў пра глыбокія сэнсы, — успамінае Дзмітрый. — А пасля пачалі жартаваць: мы “музычная мафія”, нібыта маем свой кодэкс і свае правілы. У перакладзе з італьянскай Cosa Nostra — “наша справа”. Так і атрымалася: гурт аказаўся справай нашага жыцця.
Сёння ў творчай суполцы восем музыкантаў з прафесійнай адукацыяй. У кожнага за плячыма гады вучобы, сцэнічнай практыкі і досвед, але круты паварот у гісторыі Cosa Nostra адбыўся толькі два гады таму. Тады калектыў наважыўся выйсці за межы кавер-фармату і засяродзіцца на ўласнай аўтарскай творчасці.
— Мелодыі, ідэі заўсёды жылі ўнутры нас, — кажа вакалістка Радміла. — Але, калі шчыра, не хапала смеласці. Бо публіка чакае хітоў, якія ўжо добра ведае і любіць.
Пераломны момант — сустрэча з паэткай і аўтаркай песенных тэкстаў Ганнай Сялук, якая ўбачыла ў калектыве нешта большае. Так стартавала супольная праца, і першым плёнам калабарацыі стала кампазіцыя “Рэтраградны Меркурый”. Менавіта з яе і пачаўся сапраўдны ўзлёт — творчы, эмацыйны і прафесійны
Канцэртная зала яшчэ пустая, сцэна патанае ў паўцемры. Але ўжо чуваць першыя гукі — артысты прыступілі да саўндчэку. Усё пакрысе ажывае: першымі абазначаюцца барабаны, за імі — бас-гітара, клавішы, электрагітара. Па чарзе далучаюцца астатнія інструменты.
— Усё як у аркестры, — тлумачыць барабаншчык. — Кожны настройваецца асобна, па-свойму, а потым — вакал. Толькі так фарміруецца цэласная музычная структура.
Гукавая рэжысура — этап, без якога немагчымае прафесійнае выступленне. Удзельнікі Cosa Nostra прызнаюцца: можна граць выдатна, але калі гук “плыве”, калі яго няправільна адбалансавалі — то глядач не зловіць настрою, не адчуе сутнасці. Таму добры саўнд-інжынер — гэта як яшчэ адзін удзельнік гурта. Часам нават як галоўны.
На сцэне — восем чалавек. Асаблівая роля належыць духавой секцыі, што ў складзе нядаўна, але змяніла аблічча калектыву, вывела творчую суполку на новы якасны ўзровень.
— Мы даўно марылі пра духавыя, — распавядае Дзмітрый. — Але прынялі канчатковае рашэнне пасля выступлення на рэспубліканскім выпускным у “Мінск-арэне” з аркестрам імя М. Фінберга. Пасля канцэрта да нас падышоў трубач і сказаў: “Вы класныя, але вам дакладна не хапае духавых”. І гэта аказаўся той штуршок, якога мы чакалі.
Пасля інтэнсіўнай рэпетыцыі наступае момант перадышкі — цішыня, што папярэднічае навальніцы вечаровага выступлення. У калідорах і грымёрках пануе расслабленая, амаль хатняя атмасфера. Хтосьці выходзіць на свежае паветра, каб перазагрузіцца. Хтосьці адпачывае на канапе. Іншыя — у тэлефонах, гартаюць навіны, чытаюць паведамленні ад слухачоў.
— Адзін рытуал у нас ёсць — паспаць, — з усмешкай прызнаюцца музыканты. — Сняданак можна і прапусціць, а вось гадзінка дрымоты перад канцэртам — гэта святое. Як настройка інструмента — дае сілы, каб гучаць чыста і ўпэўнена.
Закуліссе ў Cosa Nostra — цэлы сусвет, дзе кожны адказвае не толькі за музыку, але і за эмацыйны стан, дэталі, імідж. Тут жыве калектыўная энергія. Тут усе людзі — асобы.
У Радмілы — свая стыхія.
— Я скончыла курсы візажыстаў, — распавядае вакалістка. — Люблю прыдумляць свой сцэнічны вобраз самастойна — так ён лепш адлюстроўвае настрой, канцэпцыю выступлення. Гэта пра эканомнасць, эстэтыку і свабоду самавыяўлення.
Гурт актыўна падтрымлівае сувязь з аўдыторыяй — і не толькі са сцэны.
— Рэагуем амаль на ўсе паведамленні, дзелімся фота, робім рэпосты гісторый, — расказваюць удзельнікі. — Нават калі пасля канцэрта прылятае 100 новых запытаў — мы ўсе праглядаем, адказваем на іх. Нам важна, каб слухачы ведалі: мы людзі, а не “зоркі ў вакууме”.
Гэтая адкрытасць, чалавечнасць — і пазіцыя ў адносінах з публікай, і жыццёвы прынцып. Cosa Nostra рэгулярна ўдзельнічае ў дабрачынных праектах. Нядаўна калектыў далучыўся да моднага паказу “Каляровыя сны”, дзе мадэлямі выступалі дзеці з Івянецкага сацыяльнага пансіяната.
— Мы спявалі для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, — распавядае Радміла, — і бачылі ў іх вачах нешта большае, чым захапленне. Яны адчувалі сябе галоўнымі героямі, часткай вялікай прыгожай падзеі. І гэта незабыўна. Калі дзеці вераць, што мары спраўджваюцца, — гэта і ёсць сэнс сцэны.
Такія імпрэзы — не для галачкі, не дзеля статусу. Яны для сэрца. Каб музыка дакраналася да душы. Каб яна падтрымлівала, грэла, нараджала надзею. І каб пасля канцэрта жыццё кагосьці станавілася трошкі лепшым.
Касцюмы — на вешалках, гук правераны, святло выстаўлена. Нават харэаграфія аўтарская — ёсць.
— Мы ж, вядома, не прафесійныя танцоры, — з усмешкай прызнаецца Дзмітрый. — Брутальныя мужыкі. Але рухаемся — як умеем. І ў гэтым наша праўда. Не паказваем тое, чаго ў нас няма. Мы проста шчырыя ў рухах, як і ў музыцы.
Паварот да экспрэсіі на сцэне, пошуку новай формы прэзентацыі пачаўся пасля ўдзелу ў міжнародным фестывалі Dream Fest у Баку.
— Мы ўбачылі: добра граць — мала. Патрэбныя эмоцыі, шоу. Мы стараемся дабавіць гэта. Не ідэальна, не па ўсіх канонах сцэнічнага мастацтва. Але як умеем — па-свойму. З жывой энергіяй, трошкі грубавата, затое — ад душы і з поўнай самааддачай.
І, мабыць, менавіта гэтая сумесь шчырасці, руху і музыкі і ёсць фірменны почырк Cosa Nostra.
З-за куліс выходзіць Cosa Nostra — паўнавартасны поп-рок-калектыў з жывым гукам, філасофіяй і са сваім абліччам.
Пасля канцэрта — фота, абдымкі, новыя знаёмствы.
— Часта пытаюць: “А вы дакладна з Беларусі?” — смяюцца музыканты. — Людзі не вераць. А мы ёсць. І мы хочам быць.
Перамога на фестывалі “Песня года Беларусі — 2024” стала не выпадковасцю, а лагічным вынікам шматгадовай працы і апошніх творчых зрухаў.
— Гэта пацвярджэнне, што мы ішлі правільна, — кажуць удзельнікі Cosa Nostra. — У сацсетках кожны можа назваць сябе галоўным голасам краіны ці найлепшай групай. Але калі вас абвяшчаюць гуртом года з афіцыйнай сцэны — гэта не самалюбаванне, а адказнасць і гонар. Цяпер за намі назіраюць, на нас арыентуюцца, а значыць, мы павінны расці і задаваць новую планку.
— Што далей? — перахоплівае пытанне Дзмітрый. — Будзем змагацца з музычнай дэградацыяй. Ствараць тое, што не пасаромеемся паслухаць праз 10 гадоў. Не паўтарацца, не спрашчаць, а ўзнімаць планку якасці. Калі коратка — рабіць музыку, якая жыве.
Сёння Cosa Nostra — гэта канцэнтрат энергіі, сумленнага гуку і бясконцай любові да справы. Гурт паказвае: беларуская сцэна дыхае, поўніцца талентамі і мае чым ганарыцца.
— Калі б у нас быў дэвіз, — жартуюць выканаўцы, — ён бы гучаў вельмі проста: “Хто не з намі — той не з намі”. Без пафасу, без лішніх слоў.
Як і ўсё ў творчасці Cosa Nostra, канчатковая форма яшчэ наперадзе — яна народзіцца ў дарозе, на сцэне, у гуку. Бо для нашых герояў музыка — не фон, а падзея. І калі на афішах у вашым горадзе з’явіцца назва Cosa Nostra, ведайце: гэта будзе жывы вечар — сапраўдны і вельмі музычны.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва групы