Прэм'ера неануар-спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча адбылася ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры.
Гэта сцэна даўно прываблівае гледачоў: тэатр нястомна радуе любімымі спектаклямі і прэм’ ерамі новага сезона. Сёлета рэпертуар папоўніўся пастаноўкай “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Дзеянне разгортваецца ў канцы ХІХ стагоддзя на беларускім Палессі. Менавіта там малады вучоны-фалькларыст збірае народныя легенды і паданні. Збіўшыся са шляху падчас восеньскай буры, ён трапляе ў старажытны маёнтак, маладая гаспадыня якога — апошняя прадстаўніца свайго шляхецкага роду — апавяла госцю вусцішную легенду пра караля Стаха, які навёў на яе род праклён. Навукоўца вырашае разабрацца ў містычнай гісторыі нашчадкаў мясцовай шляхты.
Пра працэс стварэння спектакля расказаў рэжысёр Дэвід Разумаў:
— Творчасць Караткевіча мяне зацікавіла яшчэ ў школе. Калі выбіраў твор для будучага спектакля, чамусьці ўспомнілася “Дзікае паляванне караля Стаха”. Я перачытаў аповесць і адразу прапанаваў тэатру гэтую ідэю. Мусіць, галоўная асаблівасць, якая прыцягнула маю ўвагу, — гэта тэкст: цікавы, складаны, прасякнуты болем і нашым нацыянальным каларытам, які не адпускае нават пасля прачытання.
Рэжысёр распавёў: для таго каб дабіцца ўнікальнай атмасферы палескага краю, быў выбраны пэўны жанр пастаноўкі — неануар. Увогуле тое, што адбываецца на сцэне, можна аднесці да такіх жанраў, як гістарычная драма, дэтэктыў, містыка, трылер і нават жахі. І менавіта “неануарная” эстэтыка, на думку Дэвіда Разумава, лепей за ўсё перадае змрочны, гатычны, безвыходны настрой, якім прасякнуты спектакль.
Усе вобразы персанажаў на сцэне максімальна набліжаныя да арыгінальных характараў герояў з аповесці, а каб перадаць пачуццё страху ў містычным замку, былі скарыстаны разнастайныя эфекты: рэзкія гукі, прыглушанае святло, калоны з жудаснымі бюстамі-асобамі, якія пачынаюць рухацца, калі ў доме адбываецца нешта незвычайнае.
— Вядома ж, спектакль нацэлены на тое, каб выклікаць у гледача катарсіс — то-бок ачышчэнне праз спагаду і страх. Мы праводзім гледача праз цемру і жах, але толькі для таго, каб у канцы вывесці яго да святла і надзеі, — падкрэслівае рэжысёр.
Прэм’ ера спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая прайшла на сцэне Маладзёжнага тэатра, стала сапраўднай культурнай падзеяй у жыцці Гомеля. Пастаноўка рэжысёра Дэвіда Разумава паказала, наколькі актуальна гучыць класічная літаратура сёння, і прымусіла гледачоў задумацца аб вечных пытаннях дабра і зла.
Аліса ВАРАБ’ЁВА