Крок за крокам да “Славянскага базару”

Апублiкавана: 02 чэрвеня 2025 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Яе голас захоплівае з першых нот, а шчырасць і майстэрства прымушаюць залу замерці. Амаліі Сухан усяго 12, але яна ўпэўнена крочыць па вялікай сцэне. Дзясяткі перамог на прэстыжных конкурсах, удзел у тэлешоу і — новы выклік. Юная спявачка прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”.

— Амалія, як пачалася ваша дарога ў музыку? Калі зразумелі, што хочаце стаць спявачкай? 

— Заўсёды любіла адкрываць для сябе нешта новае — займалася фігурным катаннем, спрабавала каратэ. У мяне два старэйшыя браты, і адзін з іх доўга гуляў у хакей. Часта бывала з ім на трэніроўках — нават прапанавалі далучыцца да юнацкай хакейнай зборнай. Але ўсё ж мяне больш прыцягвала творчасць. 

Хросная першай заўважыла мой музычны слых і параіла бацькам аддаць мяне на вакал. У 2020-м мы наведалі аж пяць студый — і паўсюль казалі: “Бяром!” Але толькі ў “Спамашы” я адчула: вось яно, маё месца. З таго часу не ўяўляю сябе без сцэны і сваёй каманды. 

— Памятаеце першы конкурс? Што адчувалі, калі выйшлі да журы? 

— Гэта быў Міжнародны конкурс мастацтваў Road to Dream — 2020, які ладзіўся ў Доме Масквы. Я займалася ўсяго некалькі месяцаў, таму вельмі хвалявалася, нават выходзіла на сцэну за руку з вядучым. Калі пачалі аб’яўляць узнагароды, не пачула свайго імя і падумала, што нічога не выйграла. А потым — гран-пры! Адразу нават не ўсвядоміла, што гэта галоўная ўзнагарода. Тады я зразумела: калі цябе заўважылі, трэба адпавядаць і працаваць яшчэ больш. 

— Цяпер на сцэне вы выглядаеце ўпэўнена і яскрава. А хто падтрымлівае рух наперад? 

— Побач заўсёды мая вялікая сям’я, якая дапамагае засяродзіцца на творчасці. Асаблівая роля ў майго педагога Таццяны Трухан — яна суцяшае мяне нават у моманты хвалявання. Вельмі ўдзячная і камандзе “Спамаша”. Разам штодня працуем над канцэпцыяй конкурсных нумароў. Рэжысёрскай часткай займаецца дырэктар прадзюсарскага цэнтра — дасведчаная Анжаліна Мікульская. Ідуць перамовы з беларускімі дызайнерамі наконт маіх сцэнічных касцюмаў, у тым ліку з маладымі ўдзельнікамі фестывалю “Млын моды”. Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору на дзіцячы конкурс “Славянскага базару” я выступала з бэк-вакалам: чатыры дзяўчынкі былі побач падчас выканання беларускай песні, што надавала асаблівую ўпэўненасць. 

— Вы ўжо другі раз удзельнічалі ў такім нацыянальным адборы. Бачыце свой рост у параўнанні з мінулым годам? 

— Летась аказалася цяжка справіцца з эмоцыямі — не хапала ўпэўненасці і прафесіяналізму. Цяпер усё інакш: я была спакойнай і сабранай. Мы ўважліва перагледзелі кожную дэталь — песні, вобразы, касцюмы. Асабліва значнай стала кампазіцыя “Я не спынюся”, якую спецыяльна для мяне напісалі Леанід Шырын і Алесь Камоцкі. Пасля першага адбору мы доўга шліфавалі яе: змянялі інтанацыі, адточвалі словы, імкнучыся да ідэальнага гучання. Гэты твор пра веру ў сябе, пра ўнутраную моц, пра тое, што нават у складаныя моманты нельга здавацца. Я пераадолела страхі, працягнула шлях наперад і ў выніку заваявала перамогу ў адборачным туры. Цяпер прыкладу ўсе намаганні, каб маё выступленне ў Віцебску стала сапраўды незабыўным. 

— Што дапамагае набрацца смеласці перад выхадам на сцэну? У вас ёсць рытуал, які здымае напружанне? 

— Так, маю некалькі сакрэтаў. Найперш гэта “квадратнае” дыханне: сачу за рухам рук, дыхаю роўна і глыбока — мозг пераключаецца, а хваляванне адступае. Калі ж гэтага недастаткова, пераходжу да фізічных практыкаванняў — раблю некалькі прысяданняў. Цела адчувае нагрузку, і на страхі ўжо не застаецца сіл.

— Можаце прыадкрыць таямніцу: якія песні выканаеце ў Віцебску? 

— Сёлета змяніліся правілы. Адна кампазіцыя павінна быць з мультфільма, другая — славянскі хіт у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга пад кіраўніцтвам дырыжора Максіма Расохі. Мы абралі “Песню аб далёкай Радзіме” Мікаэла Тарывердыева з фільма “Сямнаццаць імгненняў вясны” і Circle of Life з “Караля Льва”. Абодва творы вельмі складаныя, патрабуюць вялікай працы. І я імкнуся данесці іх сэнс да слухачоў. 

— У вас багаты досвед — выступалі на розных сцэнах, удзельнічалі ў прэстыжных конкурсах і тэлепраектах. Якія лічыце самымі важнымі? 

— Адзін з найбольш значных для мяне — Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-хало” ў Наваполацку. Гэта 2023 год. Тады я атрымала гран-пры. Менавіта з таго моманту пачаліся больш сур’ёзныя выпрабаванні. Пазней, у 2024-м, было тэлевізійнае шоу расійскага Першага канала “Голас. Дзеці” — зусім іншы ўзровень, дзе важная не толькі вакальная тэхніка, але і ўся пастаноўка. Выступленні ў прамым эфіры з аркестрам — выклік, аднак і велізарны вопыт. Праект быў цёплым і запамінальным. Я дагэтуль падтрымліваю сувязь з удзельнікамі: калі завітваю ў Маскву на канцэрты, мы абавязкова сустракаемся. Некаторыя нават плануюць прыехаць на “Славянскі базар” у Віцебск, каб быць побач у такі важны момант.

Што яшчэ прыемна: пасля выступлення з песняй “Пазаарбітныя”, якое заўважылі і адзначылі, я атрымала запрашэнне на рэспубліканскае свята “Апошні званок”, якое прайшло 22 мая ў Гомелі. Удзел у “Голасе” працягвае істотна ўплываць на маё жыццё, адкрываючы новыя гарызонты. 

— Як удаецца сумяшчаць вучобу і заняткі музыкай? Застаецца час для сяброў і простых дзіцячых забаў? 

— Я ўжо прызвычаілася. Навучылася спалучаць: урокі, канцэрты, рэпетыцыі, сябры. Нават знаходжу час на гітару, фартэпіяна і ўдарныя. І мне вельмі падабаецца такі рытм жыцця. 

— Напэўна, зараз акрыляе прадчуванне “Славянскага базару”? Якое значэнне фестываль мае для вас? 

— Гэта нешта нашмат большае за спаборніцтва, бо дэвіз форуму — “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. “Славянскі базар” — важная сцэна, дзе прадстаўнікі розных краін могуць паказаць сябе, перадаць свае пачуцці вялікай аўдыторыі праз музыку. Яшчэ для ўдзельнікаў конкурсу гэта нібы тэст — ці сапраўды ты гатовы быць артыстам: адкрытым, шчырым, упэўненым і трывалым. Я вельмі хачу прайсці гэты шлях не толькі дзеля тых, хто мяне падтрымлівае, але і дзеля сябе самой — каб ведаць, што зрабіла ўсё магчымае, годна прадставіла Беларусь на міжнародным узроўні. 

“Славянскі базар у Віцебску” для юных выканаўцаў — безумоўна, крок у будучыню. Конкурсная пляцоўка шмат чаму вучыць: дысцыпліне, адказнасці, уменню трымаць сябе перад вялікай аўдыторыяй. Фестываль дорыць новыя мары. Напрыклад, правесці сольны канцэрт з уласным рэпертуарам і ісці сваім творчым шляхам, прыносячы гледачам радасць і святло. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва гераіні