Маштабныя міжнародныя праекты і спадчына творцаў-франтавікоў: працягваем агляд мастацкіх выстаў, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі.
Экспазіцыя “Колеры Вялікай Перамогі”, падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў сумесна з Саюзам мастакоў Расіі, працуе да 1 чэрвеня. На выставе ў Палацы мастацтва прадстаўлена больш за дзве сотні аўтараў — пераважна тых, хто нарадзіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі і ведае аб ліхалецці толькі паводле аповедаў. Погляд новага пакалення творцаў дадаў у тэму Вялікай Айчыннай акцэнт на лёсе асобнага чалавека — удзельніка або сведкі трагічных і гераічных падзей.
Фрагмент экспазіцыі "Колеры Вялікай Перамогі"
У канцэпцыі “Колераў Вялікай Перамогі” закладзена некалькі праектаў. Частка экспазіцыі ўключае працы з фондаў Беларускага саюза мастакоў — айчынную класіку ХХ стагоддзя. Сярод аўтараў у тым ліку і вядомыя майстры, якія прайшлі дарогамі вайны. Тут прэзентаваны творы Барыса Аракчэева, Фёдара Бараноўскага, Уладзіміра Гардзеенкі, Аляксея Глебава, Мая Данцыга, Аляксандра Кішчанкі, Паўла Масленікава, Івана Стасевіча і іншых. Некаторыя карціны ажыўлены з дапамогай лічбавых тэхналогій дапоўненай рэальнасці, якія дазваляюць убачыць анімацыю на экране смартфона. Атрымліваецца гэткі дыялог з палатном: наведвальнік экспазіцыі ўжо не толькі сузіральнік, але і паўнавартасны ўдзельнік дзеяння.
Аднак асноўная ўвага на выставе надаецца сучасным творцам з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўнае мастацтва, дызайн. Асобны праект у рамках “Колераў Вялікай Перамогі” — жывапіс і графіка аўтараў з Масквы і Варонежа, членаў Саюза мастакоў Расіі. На прыкладзе прац, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, прадэманстравана выбітная роля выяўленчага мастацтва ў захаванні гістарычнай памяці.
Яшчэ адзін міжнародны праект — “Напішу неба мірным” — рэалізаваны цягам 2024—2025 гадоў Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў сумесна з Таганрогскім мастацкім музеем. У айчыннай частцы экспазіцыі паказаны карціны народных мастакоў Беларусі Івана Ахрэмчыка і Віктара Грамыкі, заслужаных дзеячаў мастацтваў Рэспублікі Беларусь Антона Бархаткова, Натана Воранава, Івана Дмухайлы і іншых. Тут жа і графічны цыкл Васіля Шаранговіча “Памяці вогненных вёсак”, партрэты абаронцаў Брэсцкай крэпасці, створаныя Пятром Дурчыным, а яшчэ такія маштабныя палотны, як “Лёс. Памяці бацькі” Івана Кліменкі, “Полымя вайны” Міхаіла Чэпіка, “Мір усім” Алы Замай і трыпціх Ісака Давідовіча “Апамятайцеся, людзі!”.
Таганрогскі мастацкі музей прэзентаваў копіі франтавых замалёвак народнага мастака РСФСР, прафесара Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Аляксандра Раманычава і выпускніка Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў Канстанціна Малчанава.
Фрагмент экспазіцыі "Колеры Вялікай Перамогі"
У рамках экспазіцыі таксама можна паглядзець фільмы аб вызваленні і пасляваенным аднаўленні гарадоў нашай краіны, прадстаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Праект даступны да 8 чэрвеня.
Персанальная выстава “Горыч страт. Радасць перамог” заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева (1926—2013) разгорнута ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна да 3 чэрвеня. Народжаны ў Яраслаўскай вобласці, у гады Вялікай Айчыннай вайны Барыс Уладзіміравіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, адкуль у 1944-м быў накіраваны ў Бабруйск, а затым у сталіцу нашай краіны. Там дэмабілізаваўся і ў 1950-м паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое за добрую паспяховасць скончыў у 1953-м датэрмінова. У 1959-м выпусціўся з Беларускага тэатральна- мастацкага інстытута, дзе настаўнікам Барыса Аракчэева стаў вядомы жывапісец і педагог Віталь Цвірка. Батальны жанр і ўвогуле тэма перажытага ліхалецця займалі важнае месца ў творчасці Барыса Уладзіміравіча. Між іншым, разам з Леанідам Асядоўскім, Фёдарам Бараноўскім і Мікалаем Залозным ён выступіў адным з аўтараў дыярамы “Мінскі кацёл” (1969—1972) у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас адкрыцця выставы "Горыч страт. Радасць перамог"
У адкрыцці экспазіцыі ўзяла ўдзел дачка майстра — мастачка Аксана Аракчэева. Яна прадставіла нядаўна адшуканыя бацькавы работы, якія раней не паказваліся публіцы. Скласці ўражанне аб постаці жывапісца гасцям імпрэзы дапамаглі захаваныя ў сямейным архіве відэасюжэты пра Барыса Аракчэева, якія выходзілі ў розныя гады на айчынным тэлебачанні, унікальныя кадры, знятыя ўнукам творцы ў лютым 2004-га.
Антон РУДАК
Фота аўтара