Міждзяржаўнай прэміяй “Зоркі Садружнасці” 14 мая ў Душанбэ ўзнагароджана старшыня Беларускага саюза кампазітараў, стваральніца і нязменны кіраўнік цыклавой камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч. Наша размова з гераіняй — пра яе ўражанні ад паездкі і новыя далягляды.
— Таджыкістан — гасцінная краіна, — гаворыць Алена Віктараўна. — Урачыстасць зладзілі на адкрыцці ХVIII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД, гасцей апекавалі супрацоўнікі тамтэйшай Нацыянальнай акадэміі навук. Мы пабывалі ў мясцовым Нацыянальным музеі, у тэатры оперы і балета імя Садрыдзіна Айні, дзе выступіў Маладзёжны сімфанічны аркестр СНД, у Нацыянальнай бібліятэцы. Наведалі майстэрню народных рамёстваў, этнамузей. Душанбэ абнаўляецца, але архітэктура здзіўляе не сучаснымі гмахамі, а тонкім працягам усходніх традыцый. Уразіла, што больш за 90 % тэрыторыі краіны займаюць горы. Шмат карысных выкапняў, таму добра развіта выбітная тэхніка каменнай мазаікі. Вырабы з яе вельмі самабытныя, нагадваюць адначасова карціну, своеасаблівы габелен, нават насценны дыван. Спякотна, але сталіца Таджыкістана патанае ў кветках: іх добра даглядаюць. Усё навокал бы нейкі квітнеючы рай… А ўжо на наступны дзень, як вярнулася з Душанбэ, я рушыла ў Валожын на святкаванне 125-годдзя паэткіаматаркі Ганны Рубацкай, на словы якой у мяне таксама ёсць творы.
— Вы раней наведвалі Таджыкістан? Летась у Белдзяржфілармоніі прайшла грандыёзная прэм’ера вашай харавой паэторыі “Тайны быцця. Ісціны ад Амара Хаяма”. Усе яе 12 частак напісаны на словы знакамітага філосафа, што стаў нацыянальным гонарам адразу трох краін.
— Не, я там была ўпершыню. А знаёмства з таджыкскай культурай, што мае багатыя старадаўнія карані, пачалося якраз з філасофіі Амара Хаяма. Я ўнікала ў яе праз гэты твор — і ў кожным са сціслых выказванняў знаходзіла столькі глыбіні, якую хацелася выявіць, падкрэсліць музыкай.
— Цікава, што ваша паэторыя атрымалася не стылізаванай пад усходнюю, а вельмі беларускай — з тыповым для нашага мастацтва эпіка-лірычным ухілам. Узнік гэткі дыялог дзвюх культур, што ўзбагачае кожную з іх. Здаецца, вас увогуле апошнім часам натхняе Сярэднявечча, зварот да глыбінных традыцый, пранесеных праз стагоддзі.
— Вы пра Еўфрасінню Полацкую? Між іншым, яна была малодшай сучасніцай Амара Хаяма. Іх пры ўсёй розніцы культур, веравызнанняў яднае схільнасць да агульначалавечай мудрасці, ідэі служэння вечным духоўным каштоўнасцям. Я завяршыла новы фартэпіянны цыкл “Музычнае прынашэнне прападобнай Еўфрасінні, ігуменні і князёўне Полацкай”. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр запрасіў мяне і выканаўцаў правесці 25 мая перадпрэзентацыю нізкі. Ігумення Еўдакія блаславіла твор, напісала да яго ўступнае слова. Зборнік выйдзе 5 чэрвеня, акурат да 900-годдзя манастыра, прычым вялікім тыражом у 3000 асобнікаў. Ноты багата ілюстраваны, маюць QR-код, з дапамогай якога можна будзе паслухаць усе п’есы. Мы наўмысна не спяшаемся аддаваць кнігу ў друк, каб на апошняй старонцы змясціць яшчэ інфармацыю з паездкі.
— А як увогуле з’явілася думка напісаць інструментальны цыкл пра Еўфрасінню? Раней вы працавалі над песнямі, харавымі творамі пра яе.
— Ідэя насамрэч належала не мне, а піяністцы Ірыне Літвін, лаўрэату міжнародных конкурсаў. Яна склала план, якія павінны быць часткі, дала ім назвы: “Княжна Прадслава”, “Анёл”, “Малітва”, “Фрэскі Спаса-Праабражэнскага храма”, “Абраз Эфескай Божай Маці”, “Паломніцтва”, “Вяртанне дадому” і іншыя. Мне заставалася толькі апісаць усё гэта ў музыцы. Цыкл незвычайны яшчэ і таму, што ў ім, акрамя сольных п’ес, ёсць некалькі ў чатыры рукі і нават адна ў шэсць рук — “Сёстры”: піяністы ўвасабляюць асветніцу з яе роднай і стрыечнай сёстрамі. Таму да Ірыны Літвін далучыцца Аляксандр Баравікоў з вучнем. А перад кожнай часткай будзе расказвацца пра жыццё і дзеянні Еўфрасінні. Выступіць таксама канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі пад кіраўніцтвам дырэктара гэтай навучальнай установы, знанага хормайстра Аляксея Снітко.
— Сапраўды, у рэпертуары беларускіх і расійскіх калектываў шмат вашых твораў духоўнай тэматыкі — тыя ж песні “Святая асветніца”, “У мігаценні лампад”.
— Літаральна днямі выйшаў з друку мой харавы зборнік “Белая царква. Праваслаўны сшытак”. Асобныя нумары адтуль ужо выконвала Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Р. Шырмы на чале з Вольгай Янум, расійскія прафесійныя хары. У чэрвені дзякуючы Дзяржаўнаму камернаму хору прагучыць цалкам усё, але дырыжыраваць ім будзе не кіраўнік Наталля Міхайлава, а згаданы Аляксей Снітко.
— Багата ў вас і работ ваенна-патрыятычнай тэматыкі. За кантату “Дарогамі вайны і Перамогі”, што вытрымала некалькі выданняў для розных складаў, вас паўтара месяца таму ўганаравалі прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
— Зварот да тэмы Вялікай Айчыннай усвядомлены. Мая маці была юнай партызанкай, летась я пахавала яе. Ветэраны паступова сыходзяць ад нас, і вельмі важна данесці праўду пра вайну да новых пакаленняў.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні