Да 80-годдзя Вялікай Перамогі і 30-годдзя Ансамбля кафедры харэаграфіі БДУКМ у канцэртнай зале “Мінск” была зладжана праграма “Сны, дзе няма вайны”, складзеная з дыпломных балетмайстарскіх работ студэнтаў выпускнога курса.
Дваццаць два выбітныя нумары. Відовішчны пралог, створаны як прэзентацыя далейшых харэаграфічных кампазіцый. Выдатна зробленая відэасправаздача пра дзейнасць ансамбля за апошнія чатыры гады, на працягу якіх вучыліся цяперашнія выпускнікі, што спецыялізаваліся на народным танцы. Дзве гадзіны праляцелі на адным дыханні!
Дыпломныя работы выхаванцаў кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў часцяком трапляюць на канцэртную сцэну. Былі паказы ў Музычным тэатры, у Спартыўна-культурным цэнтры самога ВНУ. Але вялізная зала КЗ “Мінск” — новая вяршыня. Скарыць такую, ды яшчэ на майскіх выхадных, калі святочных мерапрыемстваў — безліч, атрымліваецца далёка не ў кожнага. Аднак канцэрт выклікаў мора яркіх эмоцый, уразіў прафесійнасцю, адшліфаванасцю кожнай дэталі, хаця заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Святлана Гуткоўская — стваральніца і мастацкі кіраўнік ансамбля — лічыць, што дапрацоўваць можна многае. Здаровы перфекцыянізм? Ды такія дыпломы годныя ўзнагарод міжнародных фестываляў!
Тэматыка — цалкам патрыятычная, нацыянальная. Туга па малой радзіме, старонкі гісторыі роднай зямлі, старадаўняя беларуская міфалогія, народныя традыцыі ў розных відах і жанрах мастацтва, харэаграфічнае ўвасабленне сялянскага побыту, разнастайных гаспадарчых работ і дэкаратыўных вырабаў. Асобны блок прысвечаны Вялікай Айчыннай — з такім жа ўдумлівым, фантазійным рашэннем кожнага з нумароў, як і ва ўсёй праграме.
А якія цікавыя назвы! Ніводнай шараговай: тут і трапныя народныя выразы, прыказкі-прымаўкі (“Вясна кружыць, лета кліча”, “Навука хоць памучыць, але жыць навучыць”, “Наш пастух ідзець, у руках пугу нясець”, “Як клікнеш, так і адгукнецца”), і азначэнне гаспадарчых дзеянняў (“Жаночыя промыслы — свае помыслы”, “Алей біць”, “Ткаць. Каваць. Фармаваць”), і працяг фальклорных танцавальных традыцый (полькі “Рах-чах-чах”, “Растрападка”).
Вядучы канцэрта Аляксандр Кудзін (дарэчы, таксама былы выпускнік кафедры) не проста аб’яўляў нумары, а выразна зачытваў да кожнага з іх сціслыя, але надзвычай паэтычныя па стылі і вельмі дакладныя, тонкія па зместу эсэ, у большасці напісаныя самой С. Гуткоўскай. Не выпадкова ж яна кандыдат філалагічных навук: ёй бы ў вольны час, якога, вядома, няма, літаратурную кар’еру паралельна развіваць!
Сцэнічныя строі Юрыя Піскуна добра падкрэслівалі закладзеныя ў харэаграфію пачуцці і думкі. Яно і не дзіва: цудоўны мастак, знаўца народнага і гістарычнага касцюма, ён шмат працуе з найлепшымі прафесійнымі калектывамі краіны — з “Песнярамі”, “Харошкамі”, Дзяржаўным акадэмічным народным хорам Беларусі і іншымі. І без таго поўную карціну дапаўняў шыкоўны і вельмі разнастайны відэакантэнт, які падбіралі самі балетмайстры. Асобнае слова — пра музыку. Не было занадта папулярных мелодый, што ва ўсіх на слыху. Гэта адно з патрабаванняў і Святланы Гуткоўскай, і музычнага кіраўніка Алены Ільіной. Але ж наколькі арганічна харэаграфія суіснавала з астатнімі складнікамі! Ва ўсім выяўляўся высокі густ, уменне чуць і адчуваць характар гучанняў, тэмбравыя фарбы, тыя няўлоўныя імпульсы, што фарміруюць адпаведную пластыку. Музыку аднаго з нумароў увогуле сачыніў студэнт-скрыпач БДУКМ Уладзімір Кузьмік — спецыяльна для “Вяртання дадому”.
Уласна харэаграфія закранала самыя розныя стылі і тэхнікі. Апроч народнага танца, на якім спецыялізуюцца будучыя балетмайстры, можна было заўважыць contemporary dance, элементы брэйка, неакласікі, эстрадных плыняў, гімнастыкі, пластычнага тэатра. У многіх кампазіцыях выкарыстоўваўся сцэнічны рэквізіт, што даўно ўжо стала своеасаблівай ра- зыначкай балетнага мастацтва. Але тканіна, шырокая стужка, палкі вялікія і маленькія, пуга, саламяныя птушкі, разам збітыя дошкі і іншыя дадатковыя прадметы ніколькі не перацягвалі ўвагі на сябе — наадварот, удала дапаўнялі, пераасэнсоўвалі рухі, тлумачылі змест нумароў. Запатрабаванай аказалася і эстэтыка тэатра лялек з яе пераўвасабленнямі, у тым ліку нежывых рэчаў у жывыя. Асабліва гэта тычылася доўгіх ручнікоў, што паўставалі і абрусам, і галаўнымі ўборамі, нават “варотамі” пры гульні ў ручаёк.
Раз-пораз бліскалі маленькія пластычныя знаходкі, хаця прыдумаць штосьці новае ў танцавальнай лексіцы дастаткова складана. У кагосьці яны былі сціплымі, але здараліся і больш буйныя, “на ўвесь голас”. Зразумела, новых рухаў і нечаканых падтрымак хапіла не на ўсіх: у рэшце рэшт, далёка не ўсе стануць пастаноўшчыкамі, многія размеркаваны артыстамі ў вядучыя калектывы краіны. Але нават больш простыя нумары, заснаваныя на звыклых харэаграфічных хадах, былі пазбаўлены трывіяльнасці. Бо ў кожным — свая канцэпцыя. Змест, сэнс, мастацкасць — і гармонія між імі. Ніводнага ні абы-якога, ні абыякавага руху — ні ў пастаноўках, ні ў іх выкананні.
Дарэчы, танцоўшчыкамі, як заўжды, выступалі найперш самі студэнты. “Багіню Лёлю” пранікнёна выканала выкладчыца кафедры Сабіна Мазгавая, якая ў свой час перамагла на IFMC — Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. А некаторыя нумары ўвогуле ствараліся на дзіцячыя ансамблі танца “Карусель” і “Чабарок”, каб папоўніць іх рэпертуар.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Дзмiтрыя РУДЭНКА