Мастацтва памятаць

Апублiкавана: 18 мая 2025 Стужка Музеі Мінск Прэс-клуб

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Тэму “Юбілей Перамогі. Роля ўстаноў культуры ў захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і патрыятычным выхаванні моладзі” абмеркавалі падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе медыяхолдынга “Культура і мастацтва”.

Гасцямі студыі сталі кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Аўдзей, дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Артур Карчэўскі і загадчыца аддзела музейных камунікацый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Юлія Мірошнік. 

— За 80 мірных гадоў памяць аб Вялікай Айчыннай вайне для беларусаў стала істотнай часткай нацыянальнай культуры. Падзеі ліхалецця зафіксаваныя ў шматлікіх творах літаратуры, жывапісу, кіно. Якія праекты да юбілею Перамогі рэалізуюцца ў сістэме Міністэрства культуры сёння? 

Надзея Аўдзей: Для ўсіх нас 80-годдзе Вялікай Перамогі — знамянальная дата. Трагічныя і гераічныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, пакінулі глыбокі след у нашай гісторыі. І сёлета практычна кожная ўстанова культуры прысвячае юбілею свае мерапрыемствы. 

Ужо з пачатку года рэалізоўваецца шэраг праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта патрыятычныя акцыі і флэшмобы, перасоўныя выставы, якія арганізуюцца ў кожным рэгіёне. Гэта і значныя канцэрты, што ладзяцца да 9 мая. Таксама ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Перамогі, на якіх прадстаўляецца Беларусь за мяжой. 

У маі плануецца правесці шэраг рэканструкцый падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Некаторыя праекты ўжо прадстаўлены грамадскасці. Гэта, напрыклад, выстава “Дарожны ліст — Перамога!” у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. І рэалізаваны Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Раманава конкурсна-выставачны праект “80 рэліквій Перамогі”. Яны экспануюць прадметы, дакументы і асабістыя рэчы салдат, што сведчаць аб тых страшных падзеях. 

Нельга не распавесці пра праекты, падрыхтаваныя студэнцкай супольнасцю. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў паказваюць тэатральныя пастаноўкі, арганізоўваюць флэшмобы ў буйных наведвальных аб’ектах. У імпрэзах адлюстраваныя гісторыя і сучаснае асэнсаванне падзей вайны. 

Сёння мы прасоўваем гістарычную праўду. Гаворачы аб Вялікай Айчыннай вайне, паказваем канкрэтных людзей і іх ахвяры на алтар Перамогі. Гэта не толькі салдаты. Гэта дзеці, старыя і жанчыны. Яны таксама многае зрабілі, каб мы мелі мірнае неба над галавой. Мы стараемся раскрыць усе аспекты ліхалецця: паўсядзённае жыццё, боль і трагедыі, перажытыя беларускім народам, гераізм савецкіх салдат у заваёве Вялікай Перамогі. 

— Захаванне памяці і яе перадача новым пакаленням — галоўная задача Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Юлія Генадзьеўна, раскажыце аб формах і метадах работы, якія вы выкарыстоўваеце, новых праектах, якія рэалізуеце. 

Юлія Мірошнік: Летась нашаму музею споўнілася 80 гадоў. Ён пачаў стварацца яшчэ да заканчэння вайны. У нас больш за 160 000 адзінак захоўвання. Матэрыялу шмат, і працуем мы з ім актыўна. Перш за ўсё гэта работа з моладдзю. Праз сацыяльныя сеткі і ў асабістых зносінах мы пастаянна атрымліваем зваротную сувязь з наведвальнікамі. Даведаемся, што падабаецца, а што можна ўдасканальваць. У Telegram-канале музея ідуць актыўныя абмеркаванні. Хлопцы і дзяўчаты падказваюць, якія формы музейнага абслугоўвання ім цікавыя, што варта ўкараніць. 

Моладзь любіць наш музей. Мы цесна супрацоўнічаем з многімі ўстановамі сярэдняй адукацыі, ёсць сувязь з кіраўніцтвам і педагогамі. Некаторыя юнакі і дзяўчаты пасля візіту ў музей вяртаюцца да нас і прапануюць сваю дапамогу на валанцёрскай аснове. 

Да 80-годдзя Перамогі мы распрацавалі квэстбук. Гэта своеасаблівы даведнік, дзе сабрана інфармацыя аб экспазіцыі. На ўваходзе адміністратар выдае яго юным наведвальнікам, і яны могуць прайсці самі па экспазіцыі, з дапамогай QR-кодаў паглядзець дадатковую інфармацыю аб экспанатах у інтэрнэце. 

Актыўна працуе наша мабільная экспазіцыя, так званы музей на колах. Ён аб’ездзіў усю Беларусь. І цяпер па рэгіёнах вандруе ўжо абноўленая экспазіцыя. Графік шчыльны: музей вельмі папулярны сярод моладзі. 

Да святкавання юбілею Перамогі мы арганізавалі конкурс дзіцячай вакальнай творчасці “Сэрца спявае — Перамога жыве”. У ім удзельнічаюць спевакі ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў з усёй Беларусі. Найлепшыя вакальныя творчыя нумары будуць паказаны ў Ноч музеяў, якая адбудзецца 17 мая.

У бліжэйшы час мы пачнём актыўна развівацца ў TikTok: раскажам пра экспанаты ў інтэрактыўнай форме. Гэта рэакцыя на шматлікія пажаданні наведвальнікаў і падпісчыкаў з сацсетак, як дарослых, так і дзяцей. 

Мы стараемся ісці ў нагу з часам і задзейнічаць інавацыйныя тэхналогіі мультымедыя. На сайце ўстановы і на канале ў YouTube прадстаўлены шэраг мультымедыйных праектаў і віртуальных выстаў. 

А ў сакавіку Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правёў міжнародны форум “Памяць і інавацыі. Гісторыя Вялікай Перамогі ў сучасных мультымедыя”. Спецыялісты музейнай справы з Беларусі і Расіі, а таксама эксперты ў галіне мультымедыя і тэхналогій паспяхова абмяняліся досведам выкарыстання перадавых тэхналогій у распрацоўцы праектаў па гісторыі вайны і патрыятычным выхаванні моладзі. 

— Гомельскі абласны музей ваеннай славы ўнікальны тым, што вырас з сапраўды народнай ініцыятывы. Чым яшчэ адметная ваша ўстанова? 

Артур Карчэўскі: Наш музей адносна малады — працуе з 23 лютага 2006 года. Маем невялікі двухпавярховы будынак і наш гонар — адкрытую выставачную пляцоўку. На ёй — больш за 40 узораў ваеннай тэхнікі: танкі, чыгуначны цягнік, верталёты, самалёты, многае іншае. Усё ў вольным доступе, можна дакранацца рукамі. Дзецям вельмі падабаецца. 

Хоць музей невялікі, але ў экспазіцыі і ў фондах ёсць значныя экспанаты — асабістыя рэчы абаронцаў нашай Радзімы. Сапраўдных герояў, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Гомельшчыны. 

Таксама маецца невялікі музей крыміналістыкі, які паказвае барацьбу са злачыннасцю пачынаючы з 1917-га па двухтысячныя, ахоплівае ўвесь савецкі перыяд і “ліхія 90-я”. 

Некалькі гадоў таму адкрыўся філіял “Партызанская крынічка” — месца, дзе 17 жніўня 1941 года ўтварыўся партызанскі атрад “Бальшавік”. Мы там рэканструявалі Стэлу памяці, уладкавалі дадатковую пляцоўку на плошчы 4 га. Гэта пяць зямлянак з лакальнымі экспазіцыямі і досыць вялікі драўляны навес для арганізацыі мерапрыемстваў з дзецьмі. Спектр нашых магчымасцей па патрыятычным выхаванні пашыраецца максімальна. Мы праводзім “зарніцы”, частуем юных наведвальнікаў салдацкай кашай. Жадаючым прапануем пастраляць з халастой зброі. Праводзім квэсты для дзяцей і дарослых. 

А тры гады таму заняліся арганізацыяй ваенна-гістарычных рэканструкцый. Ужо выйшлі за рамкі свайго комплексу і праводзім іх на іншых пляцоўках. Летась, напрыклад, на месцы пачатку аперацыі “Баграціён”. 

У нас шмат напрацовак, як зацікавіць гісторыяй падрастаючае пакаленне. Калі дзеці могуць дакрануцца да экспанатаў уласнымі рукамі, паесці простую з выгляду, але вельмі смачную салдацкую кашу, пастраляць і ў касцы прабегчыся па акопах, яны больш актыўна праяўляюць цікавасць да вывучэння гісторыі і таго, што адбываецца ў сучасным свеце. 

Акрамя асноўнай дзейнасці, займаемся яшчэ і стварэннем музейных экспазіцый па вобласці. Так, у 2023-м быў адкрыты мемарыяльны комплекс у Азарычах — на месцы фашысцкага лагера смерці. Яго экспазіцыя зроблена сіламі супрацоўнікаў нашай установы. Мы рабілі абноўленую экспазіцыю для музея мемарыяльнага комплексу ў Але. У снежні мінулага года адкрылі адзіны ў рэспубліцы музей, прысвечаны дзецям — ахвярам вайны ў Красным Беразе. 

Цяпер шчыруем над экспазіцыяй новага вялікага музея. Ён прысвечаны пачатку аперацыі “Баграціён” і размесціцца на знакавым месцы ў Слаўгарадскім раёне Гомельскай вобласці. Яшчэ супрацоўнічаем з Бранскім краязнаўчым музеем. Расійскія калегі запрасілі нас стварыць экспазіцыі ў мемарыяле на месцы лагера “Дулаг-142”. 

Таксама працуем шчыльна з пракуратурай Гомельскай вобласці і Гомельскага раёна: нам шмат чаго перадаюць з раскопак месцаў масавых пахаванняў. Гэтыя рэчы — сведчанні трагедыі і генацыду беларускага народа. Гэта варта паказваць, пра гэта трэба ведаць і памятаць. У першую чаргу падрастаючаму пакаленню.

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА