На палатне, на фотастужцы, на экране…

Жывапіс, графіка, скульптура… Фотаздымкі і кінакадры… Слынныя і новыя імёны… Выставы да 80-годдзя Вялікай Перамогі разгорнуты ў гэтыя святочныя дні па ўсёй краіне.

“Мастак на вайне. Мастак пра вайну. Мастак пасля вайны” — пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі працуе экспазіцыя жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзяў. Тут можна пазнаёміцца з творамі відавочцаў, якія прайшлі праз франтавую барацьбу, майстроў, чыё дзяцінства прыпала на ваенныя гады, а таксама тых, хто ведаў пра ліхалецце толькі з апавяданняў. Для праекта адабраны замалёўкі 1941—1945-га, выявы аднапалчан і побытавыя сюжэты. Адмысловым блокам прадстаўлены партрэты і аўтапартрэты мастакоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Значную частку складаюць работы, створаныя ў мірны час, на іх — вобразы герояў, будні працоўных у тыле, смутак па палеглых. Экспазіцыя дапоўнена архіўнымі здымкамі-партрэтамі мастакоў ваенных гадоў, тагачаснай фота- і кінахронікай. Акрамя таго, у музеі дзейнічае выстава “Адольф Гугель. Аповесць, напісаная фарбамі”. Праект прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння майстра, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай. 

Галерэя Леаніда Шчамялёва прадстаўляе выставу жывапісу, графікі і скульптуры “Вясна Перамогі” з фондаў Музея гісторыі горада Мінска. У экспазіцыі — больш за 50 работ Заіра Азгура, Рыгора Віткоўскага, Івана Міско, Кацярыны Паплаўскай, Анатоля Тычыны, Васіля Шаранговіча, Леаніда Шчамялёва ды іншых на тэмы вайны і Перамогі. 

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прэзентаваны праект “Святло Перамогі нязгаснае”, у рамках якога можна пабачыць творы сучасных аўтараў і з фондаў установы. Многія працы дэманструюцца ўпершыню. Сярод іх ёсць і выкананыя студэнтамі, якія ў далейшым зрабіліся лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў, дзяржаўных прэмій і ўладальнікамі разнастайных іншых узнагарод. 

А ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны арганізавалі персанальную выставу заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Абрамовіча “80-годдзю Перамогі прысвячаецца”. Тэма вайны асабліва важная для жывапісца, народжанага ў 1951-м. Аўтар з’явіўся на свет у Цвярской вобласці, але паходзіць з нашай краіны. Героі палотнаў Уладзіміра Абрамовіча — беларускія і расійскія франтавікі, якія змагаліся за Радзіму супраць агульнага ворага.

ХРОНІКА ВАЙНЫ І МІРУ 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлена выстава “Памяць у аб’ектыве — 80 гадоў подзвігу”. Гэта каля 200 здымкаў — франтавых фота, партрэтаў на памяць з подпісамі блізкім ад салдат, хроніка ваенных карэспандэнтаў, а таксама тэматычныя цыклы сённяшніх творцаў — членаў Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў. Кадры з фронту і акупаванай тэрыторыі суседнічаюць з рэпартажнымі здымкамі гарадскіх свят, парадаў і шэсцяў, прымеркаваных да важных дат, партрэтамі ветэранаў, а таксама з фотатэхнікай тых часоў і біяграфічнымі звесткамі пра аўтараў ды ўладальнікаў выяў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай. 

А ў Доме-музеі І з’езда РСДРП зладжана экспазіцыя, у аснове якой — матэрыялы з фондаў маскоўскага Дзяржаўнага цэнтральнага музея кіно. Выстава прысвечана рэжысёрам, аператарам і кіраўнікам кінагруп, якія ў 1941—1945 гадах працавалі на вайне. Тут даступныя фота аператараў у працэсе работы на лініі фронту, кадры са здымак дакументальных фільмаў і хронікі. Таксама наведвальнікі могуць пазнаёміцца з фотаапаратурай, якую выкарыстоўвалі карэспандэнты цягам Вялікай Айчыннай.

КІНАЛЕТАПІС БАРАЦЬБЫ 

У галерэі “Універсітэт культуры” дзейнічае выстава эскізаў і кадраў з карцін савецкіх аўтараў “Вобразы Вялікай Перамогі ў беларускім кіно”. У экспазіцыі — дзве тэматычныя часткі, якія змяшчаюць шматлікія візуальныя матэрыялы з гісторыі айчыннага сінема. Першая частка ўключае выявы з фотатэк Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” і Дзяржфільмафонду Азербайджана. Тут можна пабачыць малавядомыя кадры са здымак такіх класічных стужак, як “Канстанцін Заслонаў”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я родам з дзяцінства”, “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны сыходзяць у бой” і “Альпійская балада”. Вядомы калекцыянер Надзея Майданская прапанавала для выставы работы выдатнага савецкага фатографа Мікалая Гнісюка, на якіх адлюстравана праца над карцінамі “Ідзі і глядзі” ды “Дажыць да світання”. З фотатэкі калекцыянера Яўгена Коктыша — партрэты пісьменніка Алеся Адамовіча, кінарэжысёра Элема Клімава і мастака-графіка Георгія Паплаўскага падчас здымак стужкі “Ідзі і глядзі”. На кадрах з архіваў БелТА і газеты “Звязда” — працэс стварэння фільмаў “У жніўні 44-га…” і “Брэсцкая крэпасць”. 

У другой частцы выставы — эскізы і жывапіс з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, выкананыя мастакамі беларускага кіно. Сярод іх нямала ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай: Юрый Альбіцкі (стужкі “Воўчая зграя” і “Дзень вяртання”), Уладзімір Белавусаў (“Чужое імя”, “Руіны страляюць…”, “Доўгія вёрсты вайны”), Яўген Ганкін (“Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я родам з дзяцінства”, “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны сыходзяць у бой”, “Мама, я жывы!”, “Яго батальён”), Уладзімір Дзяменцьеў (“Трэцяя ракета”, “Цераз могілкі”) і іншыя. Суарганізатарамі праекта выступілі Беларускі саюз кінематаграфістаў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і Нацыянальны гістарычны музей. 

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту прадстаўляе выставу “Дарогамі Перамогі”, дзе можна пабачыць краявіды скансэна на кадрах ваенных кінакарцін. Экспазіцыя размешчана пад адкрытым небам у сектары “Цэнтральная Беларусь”. З самага пачатку свайго існавання ўстанова служыць пляцоўкай для здымак фільмаў і тэлевізійных перадач. Тутэйшыя вуліцы, помнікі дойлідства і іх інтэр’еры фігуравалі ў дзясятках мастацкіх і дакументальных стужак, многія з якіх сёння ўжо набылі статус класікі. Значную частку сярод гэтых работ складае кіно ваеннай тэматыкі — “У жніўні 44-га…”, “Франц і Паліна”, “Лета ваўкоў”, “Наркамаўскі абоз”, “Анёл-ахоўнік”. Наведвальнікі выставы могуць паспрабаваць пазнаць музейныя лакацыі, якія ў розныя гады прыйшліся даспадобы здымачным групам.

З УСІХ КУТКОЎ КРАІНЫ

Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” прадстаўляе выставу “Час не ўладны над веліччу Подзвігу”. У экспазіцыі дэманструюцца прадметы мастацтва, дакументы і асабістыя рэчы франтавікоў, узнагароды вайскоўцаў Брэсцкага гарнізона 1941 года, абаронцаў Брэсцкай крэпасці, партызан, удзельнікаў Берлінскай наступальнай аперацыі і штурму Рэйхстага, якія пераможна завяршылі вайну ў маі 1945-га. Праект рэалізаваны сумесна з Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем, Круглянскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем імя Ф. Багушэвіча, Мазырскім аб’яднаным краязнаўчым музеем і Ушацкім музеем народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Лабанка. А ў філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея — Музеі выратаваных мастацкіх каштоўнасцей — можна паглядзець праект “Дзеля жыцця на зямлі” са збораў Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Тут прадстаўлены творы відавочцаў блакады, абароны ды вызвалення Ленінграда і пасляваенных гадоў. 

У віцебскім Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання даступная выстава ваенна-гістарычнай мініяцюры “Маршалы Перамогі”. Аўтар работ — дацэнт кафедры мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Ігар Гарбуноў, які больш за 30 гадоў прысвяціў гэтаму віду майстэрства. Яшчэ адмысловец даследуе праектаванне музейных экспазіцый і з’яўляецца распрацоўшчыкам больш як 10 экспазіцый і дыярам у Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Ваўкавыску, Дзяржынску, Оршы, а таксама ў Расіі. Стварэнне маленькіх фігур салдат з мастацкага пластыку — няпросты працэс, які вымагае падрабязнага вывучэння дакументаў па гісторыі ваеннай формы. На выставе — 125 мініяцюр, што характарызуюць розныя часы ад Руска-японскай вайны (1904—1905) да Другой сусветнай. Цэнтральнае месца займаюць выявы маршалаў Савецкага Саюза. 

У гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў можна пазнаёміцца з экспазіцыяй “Дарожны ліст — Перамога!”. Тут прэзентаваны гісторыі і рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, якія прайшлі Еўропу і пакарылі Берлін: элементы абмундзіравання, паштоўкі і лісты, адпраўленыя дадому з фронту, дакументы і агітплакаты, манументальныя жывапісныя палотны, графіка і скульптура савецкіх мастакоў. 

А ў Сенатарскай зале Новага замка ў Гродне праводзіцца выстава “Доўгія дарогі вайны”. Яна складаецца з прадметаў, перададзеных у музей ваеннымі камісарыятамі, а таксама нашчадкамі ветэранаў і іншымі неабыякавымі грамадзянамі. Асабліва цікавыя асабістыя рэчы, дакументы і фатаграфіі падпольшчыкаў ды партызан і матэрыялы, прысвечаныя 3-му гвардзейскаму кавалерыйскаму корпусу. Асобны комплекс артэфактаў распавядае пра маршала Савецкага Саюза Васіля Сакалоўскага — некаторыя з іх прадстаўлены ўнукам военачальніка Сяргеем Яўгенавічам. Частка экспазіцыі расказвае пра гродзенцаў Аляксея Карпюка і Хайкеля Паеса, якія штурмавалі Берлін. Таксама тут можна пабачыць творы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Пушкова, Канстанціна Пятрова, Аляксандра Чэчына, Аляксандра Захарава і іншых. Некаторыя жывапісныя палотны былі адноўлены мастакамі-рэстаўратарамі адмыслова для выставы. 

Антон РУДАК 

Фота з сайтаў музеяў