Статус культурнай сталіцы Беларусі прыцягвае ўвагу да яго ўладальніка — горада Іванава, што на Брэстчыне. А сярод славутасцей асаблівую цікавасць выклікае Напалеон Орда: помнік і музей яго імя абмінае рэдкі турыст. Між тым яшчэ гадоў 70 таму пра гэту асобу мала хто ведаў. Ды і сёння жыццяпіс знакамітага мастака і кампазітара захоўвае шмат таямніц. Але зараз мы прыадкрыем адну з іх.
Усім, каго цікавіць бурная гісторыя жыцця Напалеона Орды, пашанцавала: наш знакаміты зямляк напісаў у 1875 годзе аўтабіяграфію — на ёй грунтуецца ўся белетрыстыка, што папулярызуе жыццё, дзейнасць і творчасць гэтай асобы. На жаль, шматлікія кнігі, артыкулы і буклеты на розных мовах толькі шматкроць цытуюць гэты дакумент і адно аднаго. Тое ж можна прачытаць і ў інтэрнэце… Мабыць, рэдкае радаснае выключэнне тут — серыя публікацый пра Напалеона Орду ў часопісе “Гістарычная брама” і грунтоўны артыкул па французскіх крыніцах у “Весніку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта” №1 за 2017 год.
Дык што ж падштурхнула нас да даследавання? З аўтабіяграфіі мастака і кампазітара ва ўсе артыкулы і кнігі перавандравала звестка: Напалеон Орда ў 1847-м прызначаны дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Гэты факт нібыта павінен паказваць, што ўраджэнец цяперашняй культурнай сталіцы Беларусі быў у Францыі далёка не шараговым імігрантам. Аднак ніхто раней не вырашаўся разабрацца, чым менавіта кіраваў Орда. І зразумела чаму. Ніякага будынка з такой назвай ніколі не існавала…
"Салон мадам Віярдо", 1853
Да нядаўніх часоў у адсутнасць інтэрнэту і затым, да напаўнення Сеціва масівамі дадзеных па самых разнастайных пытаннях, высветліць гэта было немагчыма. Ды і сёння без ведання замежных моў, з дапамогай аднаго толькі гугл-перакладчыка вельмі цяжка разабрацца ў гісторыі французскага тэатральнага мастацтва і месцы, якое ў ім займаў ThéâtreItalien. Менавіта так па-французску называлася ўстанова, узначаленая Напалеонам Ордай.
Аказваецца, у Італьянскага тэатра Парыжа доўгая, надзвычай цікавая і пакручастая гісторыя. Яна ідзе ад 1680-га, часоў каралеў Кацярыны і Марыі Медычы. І ўяўляе сабой заблытаны клубок розных труп, кіраўнікоў, назваў і сцэнічных пляцовак. А самае галоўнае — жанраў. Адзінае, што аб’ядноўвала гэты тэатр на працягу ўсёй яго гісторыі, — італьянская мова пастановак.
Для самых скрупулёзных чытачоў адзначым, што ў літаратуры і публікацыях па гісторыі французскага тэатра ў бурным ХІХ стагоддзі шматкроць сустракаецца назва Comédie-Italienne. Супастаўленне дат выступленняў гэтай трупы на розных пляцоўках Парыжа дазваляе сцвярджаць з высокай доляй верагоднасці: гэтая Італьянская камедыя, яна ж Каралеўскі італьянскі тэатр, і Théâtre-Italien — адно і тое ж. Але трэба падкрэсліць, што да лёсу Напалеона Орды не мае ніякага дачынення Опера Ле Пелецье (Opéra Le Peletier), з якой пазней вырасце Парыжская Нацыянальная опера.
“Італьянская опера” — так названая ўстанова ў аўтабіяграфіі. Але ўсім жадаючым працягнуць даследаванні гісторыі жыцця Орды ў эміграцыі трэба памятаць, што ён быў прызначаны дырэктарам менавіта ў Théâtre-Italien. У 1841-м гэты тэатр канчаткова асталёўваецца ў канцэртнай зале Вентадур. Яго трупа ставіць оперы на італьянскай мове. Зорка і прыма — Паліна Віярдо. А дырэктар тэатра — яе муж Луі Віярдо. Дарэчы, да яго там шмат гадоў запар кіраваў Джаакіна Расіні, а пасля дырэктарства Орды — Джузэпэ Вердзі.
Вось так, праз разбіральніцтва ў гісторыі тэатра, мы выйшлі на сувязь нашага земляка з сямействам Віярдо. І на выдатны малюнак, які ўпрыгожвае старонку сусветна знакамітай опернай дзівы ў “Вікіпедыі”. Падпісана, што гэта ілюстрацыя “Салон мадам Віярдо” да артыкула Аўгустына-Жазэфа дзю Пайса. У англійскай версіі “Вікі” гаворыцца, што дадзены артыкул быў апублікаваны ў французскім штотыднёвіку L’illustration 19 сакавіка 1853 года. Там жа, як у французскай і рускай версіях электроннай энцыклапедыі, пазначаны найбольш ганаровыя госці: І.С. Тургенеў, О. дэ Бальзак, С. Франк, А. Дзюма-бацька, Жорж Санд, А. дэ Мюсэ, Ш. Берыа, А. В’етан. Ля аргана — дзеці мадам Віярдо і дачка расійскага генерала М.М. Венедыктава Капіталіна.
Сучасны выгляд будынка залы Вантадур у Парыжы
Лагічна было б выказаць здагадку, што гэтыя людзі і пералічаны ў артыкуле. Але не! Знайшоўшы гэтую велізарную публікацыю сярэдзіны пазамінулага стагоддзя і ўважліва яе прагледзеўшы, мы высветлілі: там няма спісу гасцей. Аднак, па традыцыі тых гадоў, ілюстрацыі ў газетах былі дакументальныя. І выконваліся па натурных замалёўках. Такім чынам, усе намаляваныя персанажы цалкам гістарычныя. Адкуль жа ўзялася такая расшыфроўка спісу гасцей? Падобны пералік ёсць у іншым сучасным артыкуле аднаго англамоўнага аўтара аб салоне Віярдо. Там гэтыя знакамітасці без згадкі дзяцей абазначаны ў кантэксце таго, што наведвалі прадстаўленні ў дадзеным салоне. А даваліся яны штотыдзень!
Такі факт прымусіў задумацца: а як наогул вызначаюць асоб на старых малюнках? І ці можа на гэтай ілюстрацыі быць выява чалавека, які вадзіў самыя прыяцельскія адносіны практычна з усімі вышэйпералічанымі? Аказалася, методык адназначнага вызначэння асобы па карціне не існуе, паколькі ў кожным рукапісным малюнку будуць прысутнічаць суб’ектыўныя сляды мастака.
Гэта крыху расчаравала. Тым не менш, узброіўшыся цэлым стосам лічбавых выяў Напалеона Орды розных гадоў, маляваных і фатаграфічных, мы працягнулі даследаванне. Характэрнымі рысамі ўраджэнца цяперашняй культурнай сталіцы Беларусі, важнымі менавіта ў гэтым выпадку, былі прычоска, форма лба, барады і вусоў. Практычна адразу ж па іх быў вылучаны госць, падобны да нашага Напалеона. Бо галоўная асаблівасць яго знешнасці — нос. Яго своеасаблівая форма на фотаздымках выглядае больш-менш звычайна. А вось кожны маляваны партрэт Орды перадае гэту частку аблічча па-рознаму. Сапраўды, такі ж непаўторны нос на малюнку ў L’illustration 1853 года мы бачым толькі ў адзінага чалавека.
Але гэта яшчэ не ўсё. Пошукі ішлі сваім парадкам. Аб’яўляць іх вынікі не спяшаліся, пакуль у Сеціве не вылавілі тры новыя фатаграфіі. Распазнаванне рысаў твару на малюнках амаль двухсотгадовай даўнасці — справа сумнеўнай выніковасці. А вось позы, якія чалавек прымае ў пэўных сітуацыях, — рэч вызначальная. Не можа быць двух розных людзей, якія міжвольна прымаюць аднолькавыя паставы ў розных сітуацыях на працягу жыцця. А ў нас цяпер ёсць малюнак і фатаграфіі з выявамі Напалеона Орды ў адной і той жа характэрнай пазіцыі — падпёршы кулаком левай рукі левую шчаку.
Вуаля, цяпер мы можам з упэўненасцю сцвярджаць: на малюнку “Салон мадам Віярдо” 1853 года сярод гасцей — галоўны герой культурнай сталіцы 2025 года — горада Іванава Брэсцкай вобласці. І гэтая выява па праве можа ўпрыгожыць як экспазіцыю мясцовага музея, так і старонку ў “Вікіпедыі”, прысвечаную Напалеону Орду.
Аб салонах шляхты ХІХ і больш ранніх стагоддзяў мы ведаем у асноўным па літаратурных творах і кінафільмах. І вельмі папулярнае меркаванне, быццам там толькі і рабілі, што марнатравілі жыццё на балях ды за картачнымі гульнямі. Аднак рэальнасць, як заўсёды, нашмат складанейшая.
Напрыклад, у сямейства Віярдо было цэлыя два салоны. Першы — у сярэднявечных вясковых руінах. Другі — у Парыжы. Прадстаўленні даваліся ў абодвух штотыдзень. У адным — па чацвяргах, у іншым — па нядзелях. У вёсцы разыгрываліся сцэны і спектаклі. Да акцёрства далучаліся ўсе члены сям’і, уключаючы дзяцей. А ў сталіцы да справы падыходзілі яшчэ больш сур’ёзна.
У салоне Віярдо быў усталяваны адзін з 16 паўнавартасных арганаў, якія знаходзіліся ў прыватным валоданні ў Парыжы. Таму вечарынкі гэтай сям’і рэгулярна збіралі ўсе вяршкі французскай эліты. Там рэгулярна прэзентавалі навінкі самыя вядомыя кампазітары таго часу. І натуральна, у цэнтры ўвагі гасцей салона раз-пораз мог быць і Напалеон Орда.
Théâtre-Italien у зале Вантадур, 1843
А Паліна Віярдо не толькі спявала, але і грала ўласныя творы. Па сведчанні мастацтвазнаўцы Крысцін Хайтман, оперная дзіва напісала каля 250 кампазіцый у розных жанрах, сярод якіх найбольш значнае месца займаюць песенныя кампазіцыі для аднаго або некалькіх галасоў у суправаджэнні фартэпіяна. Віярдо стварала таксама камерную музыку, п’есы для фартэпіяна і для сцэны, у тым ліку Operettes de salon для голасу, хору і фартэпіяна, якія заўсёды выконвала самастойна.
Віктар ГАЎРЫШ