Музей, прысвечаны віртуознаму музыканту, таленавітаму кампазітару і аранжыроўшчыку, заснавальніку і кіраўніку культавага беларускага ансамбля “Песняры” Уладзіміру Георгіевічу Мулявіну, 2 мая адзначае 20-годдзе.
— Падчас цырымоніі развітання з Уладзімірам Мулявіным, які пайшоў з жыцця 26 студзеня 2003 года, Аляксандр Лукашэнка заявіў: памяць аб творцу павінна беражліва захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням, падкрэсліваючы важнасць яго ўкладу ў культуру краіны, — расказвае загадчыца музея Вольга Касцюковіч. — А 18 красавіка Кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне аб увекавечанні памяці народнага артыста СССР і Беларусі. У дакуменце гаварылася і аб заснаванні ў Белдзяржфілармоніі музея Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна. Творчую групу ўзначаліла аўтар канцэпцыі новай установы, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. У працу ўключыліся вядомыя мастакі, дызайнеры, адміністрацыя і спецыялісты філармоніі.
У фарміраванні калекцыі актыўна ўдзельнічала ўдава Уладзіміра Георгіевіча, Святлана Аляксандраўна Пенкіна, якая на працягу 10 гадоў кіравала музеем. Яна перадала дакументы, фатаграфіі з асабістага і сямейнага архіва, дапамагла падабраць прадметы, што выкарыстоўваліся ў рабоце артыстаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.
Сярод рэчаў — сцэнічныя касцюмы Уладзіміра Георгіевіча, у тым ліку добра знаёмыя гледачам “кальчуга”, звязаная ўручную з воўны і лёну, белы касцюм з аплікацыяй на спіне. Адкрыццё экспазіцыйнай прасторы адбылося 2 мая 2005 года.
Музей знаходзіцца ў памяшканнях Белдзяржфілармоніі, якія ў 1990-х займаў ансамбль “Песняры”. У 2004-м быў узноўлены кабінет Уладзіміра Георгіевіча. Тут мэбля, тэлевізар, відэаплэер, якімі карыстаўся маэстра. Пласцінкі, якія любіў слухаць. Фартэпіяна, кнігі з дароўнымі надпісамі аўтараў, сувеніры, дакументы, шмат фатаграфій і асабістых рэчаў. Здаецца: іх гаспадар проста на хвілінку выйшаў...
Музычны пакой — гэта прастора з інсталяцыямі, фатаграфіямі, вялікай колькасцю вітрын і экспанатаў.
— Каб глыбей пагрузіцца ў творчасць любімага артыста, можна паслухаць музыку, — заўважае Вольга Алегаўна. — Ёсць архіў аўдыя- і відэаматэрыялаў. У працэсе экскурсіі мы вызначаем, што даспадобы той ці іншай групе або асобным гасцям. Часам яны самі просяць паставіць пэўную кампазіцыю. Увогуле, многае залежыць ад таго, хто да нас завітае. Сустракаючы наведвальнікаў, знаёмімся, высвятляем, якія моманты цікавяць больш, што для людзей аказалася адкрыццём.
Госці, бывае, дзеляцца ўспамінамі, — працягвае загадчыца музея. — Напрыклад, пра тое, як навучэнец музычнага вучылішча патрапіў за кулісы, дзе атрымаў блаславенне ад самога Мулявіна, і як гэтая падзея паўплывала на жыццё. Кранальна бачыць, як сталы чалавек, што рэалізаваўся як асоба, тут і цяпер ператвараецца ў таго самага юнага прыхільніка, які з трапятаннем захоўвае такія памятныя моманты. Вось і атрымліваецца: у нас няма “класічных” экскурсій — яны больш нагадваюць сардэчныя гутаркі.
Наведванне музея бясплатнае. Паводле слоў Вольгі Алегаўны, ёсць пастаянныя госці, якія, прыходзячы ў філармонію на канцэрт, заўсёды рады выказаць пашану Уладзіміру Георгіевічу. Многія ўдзельнічаюць у папаўненні фонду.
— Часцей у музей прыносяць афішы, праграмкі, білеты, фота з аўтографамі Уладзіміра Мулявіна і музыкантаў, якія ў розны час працавалі ў “Песнярах”. Уявіце, наколькі здымкі каштоўныя: юнак ці дзяўчына ў сярэдзіне 1970-х з цяжкасцю трапляе на канцэрт куміраў і атрымлівае аўтограф, — распавядае Вольга Касцюковіч. — Вельмі ўдзячныя ўсім дарыльшчыкам, у тым ліку аднаму з нашых сяброў, які жыве ў Санкт-Пецярбургу: гэты чалавек часта перадае дыскі і вінілавыя альбомы “Песняроў”, касеты, рэдкія “пірацкія” запісы. Дзякуючы падоранаму сучаснаму прайгравальніку з’явілася магчымасць не толькі слухаць пласцінкі, але і алічбоўваць матэрыялы, а таксама распрацаваць экскурсію, прысвечаную дыскаграфіі зорнага калектыву. Асаблівасць праграмы — у гнуткасці: адаптуем пад розныя мэтавыя аўдыторыі, бо веды старэйшага пакалення і моладзі аб вініле вельмі адрозніваюцца.
Каб як мага больш людзей убачыла прадметы з фондаў, музей перыядычна прадстаўляе іх у часовых экспазіцыях на сваёй пляцоўцы і ў арганізаваных сумесна з іншымі ўстановамі культуры: з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Буйны праект, прымеркаваны да 55-годдзя ансамбля “Песняры”, атрымаўся ў выніку творчай калабарацыі з Нацыянальным гістарычным.
У дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 12 студзеня, выстава “З любоўю і павагай” распачала цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею музея. У экспазіцыі — падарункі, паднесеныя Уладзіміру Георгіевічу. У іншай — “Сердцем хранимые” — падарункі ад маэстра родным і блізкім. Амаль усе экспанаты перададзены дзецьмі Уладзіміра Мулявіна: Марынай, Вольгай і Валерыем. У музея з сям’ёй музыканта даўняе сяброўства.
— Наперадзе яшчэ шмат цікавых падзей, — запэўнівае Вольга Касцюковіч. — Запрашаем!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва музея