Но­вае па­ка­лен­не “Сла­вя­нач­кі”

У стракатай палітры культурнай сталіцы — горада Іванава — адметнымі яскравымі фарбамі вылучаецца дзіцячы ансамбль “Славяначка-Next”. Сакрэтам поспеху пеўчага калектыву падзялілася яго кіраўнік Святлана Ксёнда.

Гран-пры Рэспубліканскага фестывалюконкурсу “ЛьВёнок”, II Рэспубліканскага конкурсу “Жарынка”, перамога ў міжнародным творчым спаборніцтве “Ярчэй за сонца”, удзел у VII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю ў сферы культуры Global Asia — гэта толькі за апошні год! “Славяначка-Next” Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды адзначана на шматлікіх пляцоўках. 

— Святлана Іванаўна, удзельнікі калектыву — школьнікі розных узростаў са сваімі інтарэсамі, але на сцэне дзеці гучаць як адзінае цэлае, не адрозніш ад прафесійнага калектыву. Як гэта ўдаецца? 

— Усё пачалося ў 2013-м, калі група таленавітых юнакоў з нашай школы аб’ядналася ў ансамбль Next, каб паспрабаваць сілы ў эстрадным вакале. Хлопцы спявалі на некалькіх мовах, паступова авалодвалі асновамі музычнай граматыкі, развівалі майстэрства і знаёміліся з сусветнай культурнай спадчынай.

Праз год быў створаны ансамбль “Славяначка”, у які прыйшлі дзяўчаты, зачараваныя разнастайнай і глыбокай славянскай культурай. Яны пераасэнсавалі традыцыі і абрады, фальклор беларусаў, украінцаў, сербаў, балгараў і македонцаў — і склалі свой рэпертуар. 

Праз некаторы час калектывы аб’ядналіся ў “Славяначку-Next” — гурт, у якім пераплятаюцца традыцыі і сучаснасць. Гэта быў сапраўдны вакальны эксперымент — спалучэнне народных і эстрадных напрамкаў, імкненне захаваць аўтэнтычнасць і адначасова зрабіць яе блізкай і зразумелай моладзі. Мы не проста адраджаем старадаўнія мелодыі — мы ўдыхаем у іх новае жыццё. 

— Вы не толькі кіраўнік ансамбля, але і яго заснавальнік… 

— У Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў працую з 1998-га. Яшчэ тады зразумела: гэта менавіта тое месца, дзе я магу рэалізоўваць ідэі. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, затым Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе паглыблена вывучала культуру і фальклор. З 2014-га кірую гуртом “Славяначка-Next”. Лічу, што сапраўднае мастацтва — гэта няспынны пошук і адкрыццё. Іванава стала маім творчым домам. Тут пануе асаблівая атмасфера, якая натхняе на стварэнне, а дзеці і моладзь з запалам вывучаюць і захоўваюць культурную спадчыну. 

— Гучанне ансамбля залежыць і ад галасоў, і ад інструментаў. Хто вашы музыканты? 

— Асаблівая роля належыць аркестравай групе, без якой нашы выступленні не былі б такімі яркімі. Гэта мае калегі: аранжыроўшчык Дзяніс Вакер, Мікалай Гарох, Вадзім Сай, Яўген Шыршоў, Вольга Кухарчук, Ірына Вайцаховіч, Таццяна Андрас. Яны фарміруюць сапраўднае гукавое палатно. Акрамя таго, калектыў супрацоўнічаў з аркестрам народных інструментаў ДШМ, народным ансамблем танца “Янаўцы”, народным эстрадна-джазавым гуртом Minimal Groove Band, заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь “Палешукі”. 

— Кожнаму творцу патрэбны стымул. Напэўна, для артыста — гэта ацэнка яго таленту… 

— Калектыў актыўна развіваецца, удзельнічае ў канцэртах, знаходзіць новыя формы самавыяўлення. У 2022-м гурт атрымаў званне “Узорны”, якое сёлета з гонарам пацвердзіў. Мы пастаянна пашыраем творчыя гарызонты. Вынік — дыпломы лаўрэата і пераможца разнастайных конкурсаў і фестываляў. 

Аднак галоўнае — не колькасць прызоў, а сам працэс. Нашы выхаванцы не проста выконваюць песні, а быццам пражываюць кожны твор. Плённыя рэпетыцыі, праца ў камандзе, пастаяннае імкненне да дасканаласці — вось што сапраўды важна. Вядома, мы ўдзячныя за высокую ацэнку нашых намаганняў, але найбольшая ўзнагарода — адраджэнне генетычнай песеннай спадчыны. 

— Што дае ўдзел у ансамблі юным артыстам? 

— Музыка — гэта не толькі від мастацтва, але і эфектыўны сродак выхавання. Яна вучыць адказнасці, дысцыпліне, працавітасці. Дзякуючы “Славяначцы-Next” ужо не адно дзіця вырашыла прысвяціць сябе гэтаму напрамку. Многія выпускнікі працягваюць адукацыю ў спецыялізаваных музычных установах. Але нават тыя, хто выбірае іншы прафесійны шлях, не губляюць з намі сувязі: ходзяць на канцэрты, дзеляцца парадамі і часам вяртаюцца на сцэну. Гэта сапраўды каштоўна. Ансамбль таксама адкрывае шмат іншых магчымасцей: удзельнікі наведваюць майстар-класы, сустракаюцца з таленавітымі людзьмі, падарожнічаюць, вывучаюць спадчыну краіны праз тэатры і музеі. 

— Якая задача стаіць перад калектывам у год, калі Іванава носіць статус культурнай сталіцы? 

— Мэта гурта — умацаванне пачэснага імя Іванава як месца, дзе натхненне нараджаецца і ператвараецца ў яркія праекты. Дзеля гэтага і расцём, абнаўляем рэпертуар, наладжваем сувязі. 

Наш горад — каштоўная платформа для мастакоў і выканаўцаў. Ганарымся тым, што мы яе частка. Творчая супольнасць дае стымул для дасягнення амбіцыйных мэт, пошуку незвычайных ідэй і рашэнняў. Культура — жывая спадчына. Яна ўзбагачаецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне людзьмі, якія служаць сваёй справе. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву