Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага — першая публічная на тэрыторыі Беларусі — адзначае 195-годдзе. Сёння гэта не толькі галоўнае сховішча кніжнай спадчыны рэгіёна, але і сацыяльны інстытут, які адыгрывае важную ролю ў культурным і грамадскім жыцці вобласці.
У верасні 1830 года на нарадзе гродзенскага генерал-губернатара Міхаіла Бабяцінскага было прынята рашэнне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі ў Гродне. Аснову яе фонду склалі добраахвотныя ахвяраванні дваран горада — кнігі і афіцыйныя перыядычныя выданні. Доступ да іх быў адкрыты толькі невялікай катэгорыі асоб з вышэйшых слаёў насельніцтва: чыноўнікаў, дваран, памешчыкаў. Агульная колькасць чытачоў на той час складала 40 чалавек.
У 1859-м грамадзянскі губернатар Іван Шпеер прапанаваў служачым горада ахвяраваць на ўтрыманне бібліятэкі 1% са свайго месячнага заробку. На сабраныя грошы выпісалі перыядычныя выданні і закупілі некалькі дзясяткаў кніг. Асобы, якія ўдзельнічалі ў ахвяраванні, мелі права карыстацца літаратурай бясплатна. Некалі гадоў напрыканцы ХІХ стагоддзя бібліятэку ўзначальваў Адам Багдановіч — этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец, бацька славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча.
— З часам склад чытацкай аўдыторыі істотна змяняўся, і 1 мая 1940 года бібліятэку ўрачыста адкрылі для шырокіх працоўных мас, якім кнігі выдаваліся бясплатна. Штодзённа яе наведвала больш за 450 чытачоў, — распавядае намеснік дырэктара Надзея Давыдзік. — Трагічнымі для бібліятэкі сталі гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1941-га па 1944-ы яе памяшканне зай- малі немцы. Было страчана каля 35 тысяч экзэмпляраў дакументаў. Ужо на дзясяты дзень пасля вызвалення горада ад захопнікаў бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць.
Намеснік дырэктара Надзея Давыдзік
У 1957-м абласной бібліятэцы было прысвоена імя Яўхіма Карскага — першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі. А ў 1995-м зацверджаны новы статут як абласной навуковай.
Цяпер бібліятэка размешчана ў чатырох будынках, мае дзевяць аддзелаў абслугоўвання, у тым ліку спецыялізаваныя — мастацтва і выданняў на замежных мовах. Універсальны па змесце фонд дакументаў налічвае каля 585 тысяч экзэмпляраў, дзе больш за 100 найменняў перыядычных выданняў.
— Літаратура прадстаўлена амаль на 80 мовах. Выдзелена калекцыя з больш чым 500 экзэмпляраў рэдкіх кніг XVIII—XIX стагоддзяў; найбольш каштоўныя — працы Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта з 1879 па 1913 год. Чытачам даступны прыжыццёвыя выданні Яўхіма Карскага, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Элізы Ажэшкі, — расказвае дырэктар бібліятэкі Марына Ігнатовіч. — Заслугоўвае ўвагі ўнікальная калекцыя “Самаробная рукапісная кніга”, створаная на аснове работ, прадстаўленых на адпаведны абласны конкурс. Выданні зроблены з розных матэрыялаў — скуры, лёну, саломы… Твор Максіма Багдановіча, напрыклад, вышыты крыжыкам.
Дырэктар бібліятэкі Марына Ігнатовіч
Штогод да нашых паслуг звяртаюцца больш за 25 тысяч карыстальнікаў: вучоныя і творчая інтэлігенцыя, спецыялісты розных галін і навучэнцы, выхаванцы дашкольных устаноў, іншыя людзі. Мы стараемся зрабіць атмасферу ўтульнай і прыязнай. І не дзіўна, што сярод чытачоў ёсць цэлыя дынастыі. Прычым часцяком не дарослыя заахвочваюць да чытання сваіх дзяцей, а наадварот: калі бацькі бачаць, як іх сыночкі-дочкі захапляюцца кнігамі і бібліятэчнымі актыўнасцямі, то і самі ўцягваюцца ў працэс.
— Штогод мы праводзім абласныя Гродзенскія чытанні — маштабнае краязнаўчае мерапрыемства, куды запрашаюцца навуковыя супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, прыватныя калекцыянеры, краязнаўцы, рупліўцы гісторыі, — працягвае аповед Марына Ігнатовіч. — Спачатку ідзе карпатлівая праца па пошуку матэрыялу, раскрыцці не вядомых дагэтуль фактаў.
— Тэмы для даследаванняў кожны раз новыя: напрыклад, аб генацыдзе беларускага народа. Гродзенская абласная пракуратура прадаставіла матэрыялы, на аснове якіх на працягу года мы знаёмілі з устаноўленымі фактамі навучэнскую моладзь, — дадае Надзея Давыдзік. — Сёлета 20-я, юбілейныя Гродзенскія чытанні будуць прысвечаны 195-годдзю нашай установы.
Актыўнае супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы, прасоўвання кнігі і чытання, выкарыстання новых форм работы, у тым ліку пошуку і апрацоўкі інфармацыі, наладжана з бібліятэчнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці Новасібірскай і Самарскай абласцей, Ніжняга Ноўгарада.
Летась самай значнай падзеяй стала работа калектыву над рэалізацыяй наватарскага праекта “Б.І.К.: Бібліятэка. Інклюзія. Культура”, які атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ініцыятыва накіравана на падтрымку дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, якім у пісьменнай форме даносіцца інфармацыя пра дасягненні беларускай культуры і мастацтва. Праведзена звыш 80 сацыякультурных мерапрыемстваў, прачытана 64 творы беларускіх аўтараў. Удзельнікамі праекта сталі больш за 200 дзяцей з асаблівымі патрэбамімі, мерапрыемствы наведваліся звыш 1600 разоў.
Тэма 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў шырока асвятлялася ў межах абласнога літаратурнага марафону “У 44-м прыйшла ў Прынямонне Перамога” падчас экспанавання дыярам “Дарогамі вайны”, выязнога выставачнага праекта “Памяць вайны на вуліцах Гродна”, літаратурна-музычнай пастаноўкі “Палявая бібліятэка”, інш. У выніку абласнога конкурсу на найлепшы інтэлектуальны літаратурна-пазнавальны інтэрнэт-рэсурс “Гэта нашай памяці гісторыі радкі” распрацавана 115 інфармацыйных рэсурсаў.
Бібліятэка імя Я.Ф. Карскага асацыюецца і са штогадовым фестывалем кнігі “Гродзенскі літфэст” — брэндам усёй бібліятэчнай супольнасці Прынямоння. Вялікі поспех маюць у працоўных калектывах буйных прадпрыемстваў горада выязныя выставачныя праекты, у тым ліку “Беларусь — тэрыторыя міру і стварэння” і “Я ганаруся сваёй краінай!”. А з дапамогай праекта “Кніжны дэсант” з літаратурай знаёмяць дзяцей у дашкольных установах.
Бібліятэка таксама з’яўляецца месцам дыялогавых сустрэч моладзі з прадстаўнікамі выканаўчай улады, пракуратуры вобласці, парламентарыямі.
— Да 80-годдзя Перамогі мы з удзелам расійскага Фонду “Рускі свет” арганізуем літаратурна-патрыятычны праект “Паэзія памяці: Вялікая Айчынная вайна ў творчасці паэтаў-франтавікоў”, — распавядае загадчык аддзела мастацтва бібліятэкі Аксана Жук. — Плануюцца чытацкая канферэнцыя, цыкл адкрытых лекцый, конкурс малюнка, а таксама тэматычная інсталяцыя “Палявая бібліятэка”, з якой змогуць пазнаёміцца калектывы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Гродна. Вынікам праекта стане фестываль паэзіі “Лірыка, народжаная ў агні”.
Загадчык аддзела мастацтва бібліятэкі Аксана Жук
На працягу 14 гадоў сумесна з мясцовымі калекцыянерамі мы паспяхова рэалізуем праект “Дакрануцца да гісторыі”: арганізуем выставы старажытнай і рэдкай кнігі, рарытэтных перыядычных выданняў, фатаграфій, паштовак, сапраўдных дакументаў, артэфактаў і прадметаў матэрыяльнай культуры, якія звязаны з нашым рэгіёнам, з багатым гістарычным мінулым Прынямоння і яе славутымі жыхарамі.
Яшчэ адным важным напрамкам работы з’яўляюцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных творчых прафесій, што перараслі ў вялікі праект “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны”. А ў рамках ініцыятывы “Мастацтва для мастацтва” праводзяцца лекцыі для навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, студэнтаў ГрДУ імя Я. Купалы.
За плённую працу калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага адзначаны шэрагам узнагарод і падзяк. Сярод іх ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі, шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм; Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь; Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — за высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё бібліятэчнай галіны, актыўную грамадска-культурную дзейнасць, а таксама дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Найлепшы інтэрактыўны бібліятэчны праект патрыятычнай тэматыкі”, спецыяльная прэмія рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” — за падтрыманне традыцый дабрачыннасці. Па выніках 2022-га бібліятэка занесена на Дошку гонару Гродзенскай вобласці.
Юбілей бібліятэкі супадае з асабістым прафесійным юбілеем Ліліі Хадароўскай, якая служыць роднай установе 45 гадоў: 40 з іх узначальвала аддзел мастацтва, які стварала разам з калегамі. Яна лаўрэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І. Дубко ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Бібліятэкар года”.
— Кожны год быў унікальным, у нашай працы ніколі не было паўтораў. Мы ўвесь час генеравалі новыя ідэі! — успамінае Лілія Леанідаўна. — Важным этапам у развіцці бібліятэкі і маім прафесійным станаўленні сталі камп’ ютарызацыя і аўтаматызацыя працэсаў і ўкараненне ў практыку інтэрнэту. Гэта было адначасова складана і займальна: магчымасці, якія адкрыліся, уражвалі і натхнялі на распрацоўку цікавых праектаў у новых фарматах. Аднак, асвойваючы перадавыя тэхналогіі, мы дбалі пра нашых чытачоў. Займаліся індывідуальна, каб кожны мог карыстацца новаўвядзеннямі і адчуваць сябе камфортна.
Лілія Хадароўская
Цяпер Лілія Хадароўская працуе ва ўніверсальнай чытальнай зале. Адзначае:
— Не толькі нас наведваюць, але і мы выязджаем да людзей, прывозім літаратуру — карысныя кнігі, цудоўныя альбомы і галіновыя часопісы, знаёмім з цікавымі артыкуламі. Нас з задавальненнем сустракаюць, мы размаўляем, у выніку прывабліваем новых чытачоў.
Асабліва прыемна, што далучаецца моладзь, і нам важна даць ёй праўдзівую інфармацыю па тэмах, якія яе цікавяць. Падтрымліваем мы сувязь і з нашымі наведвальнікамі — былымі школьнікамі і студэнтамі, што цяпер працуюць выкладчыкамі, навукоўцамі, кіраўнікамі. Ужо яны дасылаюць да нас сваіх выхаванцаў і маладых калег: паслугі бібліятэкі, правераныя часам, па-ранейшаму запатрабаваныя.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва ўстановы