Каб здзейсніць мары

 Ілья Берднікаў — уладальнік грандпрэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Прыярытэт выканаўцы — праца на карысць Радзімы, удасканаленне вакальнага майстэрства і рэалізацыя ў якасці опернага спевака. Як удаецца дасягаць амбіцыйных мэт — у інтэрв’ю з героем рубрыкі.

— Ілья, як вы далучыліся да свету творчасці? 

— Я нарадзіўся ў сям’і музыкантаў: тата іграў на акардэоне, мама — на домры. Яны ахвотна бралі мяне на рэпетыцыі аркестра, што аб’ядноўваў мноства таленавітых выканаўцаў, сапраўдных майстроў. З маленства я знаходзіўся ў творчай атмасферы, таму нядзіўна, што хутка сам пачаў спяваць. Бацькі заўважылі гэта і адвялі мяне ў магілёўскі тэатр-студыю “Вясёлка”, педагогі якога дапамаглі пераадолець страх сцэны і прывілі любоў да выступленняў. Неўзабаве ўзнікла заканамернае пытанне: ці не заняцца вакалам прафесійна? Пасля нядоўгіх роздумаў паступіў у Магілёўскую дзіцячую школу мастацтваў № 4, дзе сустрэў выбітную настаўніцу Ірыну Віктараўну Драздову. Менавіта яна адкрыла для мяне дарогу ў прафесію. Вельмі ўдзячны Ірыне Віктараўне за парады і падтрымку.

 — Дзе працягнулася ваша станаўленне? 

— Пасля дзевяці класаў агульнаадукацыйнай школы паступіў у Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А. Рымскага-Корсакава на харавое аддзяленне. Выкладчыкі, у прыватнасці педагог па дырыжыраванні Ірына Уладзіміраўна Пякарская і педагог па вакале Людміла Міхайлаўна Багамолава, правялі мяне ў свет акадэмічнага мастацтва, загартавалі мой характар. Наступны этап — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, дзе зараз вучуся на чацвёртым курсе. Цяпер побач — дацэнт кафедры спеваў, заслужаны артыст Расіі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Мікалай Сяргеевіч Маісеенка, дзякуючы якому павышэнне майго вакальнага ўзроўню суправаджае моцны духоўны рост.

— І старанні не застаюцца незаўважанымі: так, на VIII Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Б.Ц. Штокалава ў Санкт-Пецярбургу вам уручылі III прэмію...

 — У конкурсную дзейнасць уключыўся даўно і беспаваротна: любое спаборніцтва — магутны штуршок да развіцця і пошуку новых рашэнняў, выдатная магчымасць прадэманстраваць свае дасягненні і ўбачыць узровень іншых выканаўцаў. Больш за ўсё запомніліся такія праекты, як Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, Міжнародны конкурс вакальна-харавога мастацтва імя І.М. Лучанка, Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў рускага раманса “Беларуская рамансіяда”, у фінале якога выступаў на сцэне Залы царкоўных сабораў храма Хрыста Збавіцеля. Мноства станоўчых уражанняў прынёс Міжнародны маладзёжны музычны конкурс імя М.П. Мусаргскага ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў 2023-м я атрымаў дыплом у намінацыі “Акадэмічны вакал”. Што тычыцца конкурсу імя Б.Ц. Штокалава, да ўдзелу падштурхнуў бесперапынны пошук ацэнкі з боку прафесіяналаў. Імкнуўся зразумець, што ў рэшце рэшт прыдбаў за гады навучання. Атрымалася дасягнуць высокага выніку! Шлях да перамогі быў нялёгкім, але аказаўся варты ўсіх намаганняў.

 — Спаборніцтва паўплывала на ваша творчае развіццё? 

— Конкурс аб’яднаў мноства моцных, мэтанакіраваных, самабытных выканаўцаў. Выступленне на адной сцэне з імі — гонар і стымул для росту і ўдасканалення. Бязмерна рады, што мне выпаў такі шанц. А самае значнае — удалося заваяваць гранд-прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта вялікі прэстыж і грунтоўнае пацвярджэнне правільнасці абранага курсу. 

— А якія кампазіцыі ў вашым рэпертуары? Чым здзіўляеце слухача? 

— Арыя Дон Жуана з оперы “Дон Жуан”, арыя Франка Questo amor з оперы “Эдгар”, “Мой мілы сябар” (У.У. Алоўнікаў), арыя Роберта “Хто можа зраўнавацца з Мацільдай маёй?” з оперы “Іаланта”, “Хацеў бы ў адзінае слова…” (П.І. Чайкоўскі), “Што вам словы кахання?” (вершы А.М. Амосава, музыка М.П. Мусаргскага), Ständchen (Ф.Шуберт), арыя Яўгена Анегіна “Вы мне пісалі…” з оперы “Яўген Анегін” (П.І. Чайкоўскі), “Песня аб Хуліяне Грымау” (Г.В. Свірыдаў) ды многія іншыя. 

— Хто з музыкантаў для вас узор? 

— Юрый Мазурок, Дзмітрый Хварастоўскі, Дзітрых Фішэр-Дыскау, Раберта Аланья і Франка Карэлі — адгукаецца творчасць гэтых выканаўцаў. А галоўная крыніца натхнення і несумненны эталон — оперны спявак Уладзімір Атлантаў, які выступаў у найбуйнейшых тэатрах свету. Таксама люблю слухаць неапалітанскія песні. Ёсць у іх нешта чароўнае.

— Спрабуеце сябе ў напісанні твораў?

— Часам складаю невялікія вершы. Тэматыка і настрой заўсёды розныя, залежаць ад унутранага стану.

 —  А што ў планах?

— Мару спяваць на сцэне опернага тэатра і ўзбагачаць музычнае мастацтва Беларусі, дзеля чаго гатовы прыкласці максімум намаганняў. Я і надалей буду ўдзельнічаць у разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, выступаць на шматлікіх пляцоўках нашай краіны і замежжа. Галоўнае — захоўваць дысцыплінаванасць і запал, каб ісці наперад да поспеху і запаветных мэт.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва героя