Вечарына-весначуха з “Паланэзам” Майстра

Апублiкавана: 30 красавiка 2025 Стужка Харэаграфія Мінск Дата

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Да свайго 65-годдзя Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі прадставіў святочную праграму. Яна выклікала такі ажыятаж, што дэманстравалася ў філармоніі двойчы пры аншлагах, была запісана тэлебачаннем. Плануюцца і гастролі па ўсёй краіне. 

Другі паказ юбілейнай праграмы адрозніваўся ад першага невялікімі змяненнямі. У гэтым і заключаецца галоўны прынцып работы Валянціна Дудкевіча, мастацкага кіраўніка калектыву, народнага артыста Беларусі: ні дня без развіцця і ўдасканалення. Кожны чарговы прагляд нават добра вядомых нумароў не адчуваецца як паўтор, а прыносіць вялікія і маленькія адкрыцці. Заўжды заўважаеш нешта новае: і тыя дэталі, што дадаліся ў час выканання, і тыя, што ўжо прысутнічалі, ды не былі табой цалкам асэнсаваны пры шквале эмоцый. 

 

Першая частка канцэрта складалася з найлепшых нумароў ансамбля, што ўжо сталі жывой класікай. Другая ж змяшчала прэм’еры. Тэмы — самыя размаітыя: гістарычныя (ахопліваліся розныя стагоддзі), побытавыя, сельскагаспадарчыя, рамантычныя. Многае ставіў Валянцін Уладзіміравіч. Але было шмат прац іншых харэографаў, прычым узрошчаных і самім калектывам — з уласных салістаў. А галоўнае, усе кампазіцыі ўспрымаліся як новы, свежы зварот да творчай спадчыны ансамбля. 

Раптам аказалася, што “Крывічы” — пераасэнсаваны карагод, упрыгожаны віртуознымі элементамі. Відавочнае супрацьпастаўленне мужчынскага і жаночага пачаткаў заснавана на іх непарушнай еднасці. “Люцічы” ж увогуле створаны на мяжы розных жанраў і відаў мастацтва, бо спалучаюць танец з жывым гучаннем ударных інструментаў, цыркавой акрабатыкай, магічнымі абрадавымі дзеяннямі і светлавымі эфектамі. 

Музыка “Весначухі” змяшчае фрагмент аўтэнтычнага запісу. Да адчування той жа аўтэнтычнасці імкнецца і харэограф Аляксандр Аляшкевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ён звяртаецца да танцаў седзячы, у сагнутым становішчы, на каленях — і спалучае пералічаныя элементы з сучаснымі рухамі, нават эстраднымі. 

У “Бульбе” хлопец з мехам бульбін-дзяўчат заўзята, на аснове традыцый беларускай полькі, дэманструе працэс вырошчвання гэтай гародніны. Ва “Ульяніцы”, якую паставіў Максім Кашэвіч, пасеў і апрацоўка льну ўплецены амаль у дыскатэку — вясёлую, моладзевую, з драйвам і хітрынкай. 

“Вясковыя гульні” — цудоўная жанравая сцэнка з трывіяльнай, здавалася б, сюжэтнай канвой, што ператвараецца ў займальны дэтэктыў і мае непрадказальны фінал. Мужчыны спаборнічаюць у спрытнасці, моцы, хвацкасці — дзеля прыгажуні. А ў выніку ўсе, уключаючы саму дзяўчыну, атрымліваюць па шапцы — па саламяным капелюшы. Танцавальны гумар? Яшчэ як магчыма! Тэму гуллівых заляцанняў працягвае “Вечарына”. У гэтай каларытнай замалёўцы ёсць танцы седзячы на лавах, грацыёзныя пераносы-перасоўванні тых лаў і, вядома, віртуозныя выхады салістаў — прадстаўнікоў розных саслоўяў. 

Народны танец для Валянціна Дудкевіча — з’ява неабсяжная. Апроч традыцыйнага беларускага, у рэпертуары ансамбля яшчэ неакласіка і мадэрн, танцы народаў свету, эстрадна-этнічныя, на гістарычную тэматыку і ўласна гістарычная рэканструкцыя. У пэўны момант кіраўнік звярнуўся і да шляхецкай культуры, узрасціўшы з яе сучасны філасофскі роздум. Прыкладам — той жа “Паланэз” з даволі простымі рухамі, але складанымі сцэнічнымі лініямі, што павольна ўтвараюць своеасаблівыя харэаграфічныя карункі. А над усім — кранальная мелодыя Агінскага, яшчэ больш шчымлівая ў беласнежным атачэнні лёгкай тканіны касцюмаў. 

Новай прыступкай развіцця ансамбля стала адкрыццё жанру мюзіклаў-балетаў. Сёння такіх паўнавартасных спектакляў ужо два. Асаблівасць “Песні Папялушкі” з аднайменнай сцэнічнай казкі ў тым, што да гераіні-вакалісткі далучаюцца яе танцавальныя абліччы — служкі, да якой туляцца мышы, і прынцэсы ў пары з закаханым у яе прынцам. Нечакана вырашаны “Вальс кветак” з мюзікла-балета “Шчаўкунок” яднае розныя народы і выдзяляе найбольш яркія рысы іх танцаў. Рускі “Трапак” — з заліхвацкімі скамарохамі. “Іспанскі танец” — з хусткамі, бы на карыдзе, і такімі ж чырвонымі веерамі. У апафеозе ж неакласічнае адажыа Машы і Прынца спалучаецца з развітальнымі выхадамі-ўстаўкамі іншых герояў аповеду. 

Былі на канцэрце і неўміручая неакласіка (фінальны “Майстар-клас. ХХІ стагоддзе”), і выступленне дзіцячай школы пры ансамблі (“Святло дабра”), і музычныя інтэрмедыі. Атмасферная і вельмі меладычная “Песня ная” Дзмітрыя Даўгалёва ўяўляла сабой дыялог гэтага інструмента і вакалізу ў суправаджэнні акустычнай гітары і ўдарных са сціслым пасляслоўем акарыны. Найсаліраваў і ў “Арыгамі” Яўгена Алейніка, дзе да згаданага інструментальнага складу далучылася скрыпка. 

Зараз калектыў працуе над сюітай па рамане Булгакава “Майстар і Маргарыта”. Да паніклага, быццам распятага жыццёвымі і творчымі выпрабаваннямі Майстра падыходзіць Маргарыта, рассыпае кругом жоўтыя кветкі — бы магічнае кола свечак-зорак. Так убачыў герояў пастаноўшчык і саліст Ігар Мацкевіч, насыціўшы іх адажыа выкшталцонымі балетнымі падтрымкамі (дарэчы, днямі артыст здабыў адразу тры прэміі на Міжнародным фестывалі-конкурсе маладых харэографаў у Астане — за нумар да 80-годдзя Перамогі). Максім Кашэвіч, у сваю чаргу, зрабіў вальс на балі Воланда не столькі містычным, колькі д’ябальскім. Прэм’ера ўсёй сюіты запланавана ў наступным сезоне. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва ансамбля