У супрацьдзеянне карупцыі

Апублiкавана: 30 красавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Аб некаторых аспектах стану законнасці ў сферы супрацьдзеяння карупцыі. 

ЯК ПАГРОЗА НАЦБЯСПЕЦЫ 

У Рэспубліцы Беларусь карупцыя справядліва разглядаецца як адна з пагроз нацыянальнай бяспецы, паколькі здольная павольна, але дакладна разбурыць дзяржаву. Сёння ў нашай краіне для супрацьдзеяння карупцыі нароўні з рэгулятарнымі і прафілактычнымі прымаюцца і даволі жорсткія крымінальнаправавыя меры. За асобныя карупцыйныя злачынствы тэрмін пазбаўлення волі па прыгаворы суда можа дасягаць 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і са штрафам да 5000 базавых велічынь. 

Органы пракуратуры ажыццяўляюць комплекснае супрацьдзеянне карупцыі — ад распрацоўкі нарматыўных прававых актаў да прыцягнення вінаватых да адказнасці, а таксама каардынуюць работу дзяржаўных органаў і арганізацый у гэтай сферы. Дзякуючы мерам стрымлівання карупцыя ў краіне на працягу дзясяткаў гадоў не перавышае 2 % у структуры агульнай злачыннасці. У 2024 годзе, напрыклад, выкрыта каля тысячы карупцыйных злачынстваў, што на 18 % менш, чым у 2023-м. Колькасць службовых асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, у параўнанні з 2023 годам зменшылася з 924 да 911. 

У сярэднім кожны пяты абвінавачаны ў карупцыі з’яўляўся кіраўніком, які ў адпаведнасці з займаным становішчам сам быў абавязаны прымаць меры па барацьбе з карупцыяй. Сёння амаль кожнае другое карупцыйнае злачынства ў Беларусі — хабарніцтва. Звыш 70 % такіх выпадкаў тычыцца закупачнай дзейнасці, выканання дагавораў і аказання іншага заступніцтва камерцыйным структурам. Найбольшая колькасць злачынстваў выкрыта ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва і гандлю. 

ШТО Ў ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ? 

У 2021—2024 гадах да крымінальнай адказнасці за ўчыненне 53 карупцыйных злачынстваў было прыцягнута 18 работнікаў устаноў культуры. Аналіз акалічнасцей злачынстваў, які ажыццяўляецца органамі пракуратуры, сведчыць: самыя высокія карупцыйныя рызыкі ў сферы звязаны ў першую чаргу з арганізацыяй і правядзеннем культурна-масавых мерапрыемстваў, прыцягненнем ва ўмовах нядобрасумленнай канкурэнцыі адных і тых жа суб’ектаў гаспадарання, а таксама з працаўладкаваннем сваякоў, замяшчэннем незапатрабаваных пасад, дакладнасцю ўліку фактычна адпрацаванага часу. 

Нягледзячы на перадачу ўстановамі культуры, падпарадкаванымі мясцовым выканаўчым і распа-радчым органам, функцый арганізатара дзяржаўных закупак тэрытарыяльным цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, пытанне выканання заканадаўства аб закупках за кошт уласных сродкаў па-ранейшаму актуальнае. Пракуроры выяўляюць факты няправільнага выбару віду закупак, ухілення ад правядзення канкурэнтных працэдур закупак, незабеспячэння іх празрыстасці, незаконнага допуску да такіх працэдур удзельнікаў, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням. Асноўная прычына па добных парушэнняў — няведанне заканадаўства аб закупках. Аднак важна разумець, што закупачная дзейнасць найчасцей паддаецца карупцыі. Больш за 90 % выяўленых у краіне карупцыйных злачынстваў у сферы закупак звязана з расхода-ваннем менавіта ўласных, а не бюджэтных сродкаў. Існуюць і парушэнні антыкарупцыйных абмежаванняў у частцы вядзення дзяржаўнымі службовымі асобамі ўстаноў культуры прадпрымальніцкай дзейнасці або выканання іншай аплатнай працы. 

Карупцыя мае даўнія гістарычныя карані, уласцівыя ўсім дзяржавам у любыя перыяды іх развіцця, і ўзнікла разам з фарміраваннем кіруючага апарату. Існуе два віды разумення карупцыі: шырокае і вузкае. Прыхільнікі першага мяркуюць, што карупцыя тоесная ўсім вядомым службовым злачынствам. Паводле другога — яна зводзіцца да подкупу службовых асоб і прадажнасці. На думку аўтара, карупцыя мае больш багатую прыроду — гэта кропка перасячэння дзвюх ліній: лініі займанай пасады і адпаведных ёй паўнамоцтваў і лініі асабістых інтарэсаў службовай асобы. Гэтыя дзве лініі пры пэўных умовах могуць датыкацца, але не перасякацца. У ідэале — павінны ісці паралельна.

ПА РЭШТКАВЫМ ПРЫНЦЫПЕ 

Спрошчаны падыход да разумення асобных нормаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” у сукупнасці з недахопам кваліфікаванай растлумачальнай работы з боку кадравых і юрыдычных службаў прыводзіць да парушэнняў парадку прадухілення і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў. Здараюцца парушэнні парадку прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, узяцця пісьмовых абавязацельстваў па выкананні антыкарупцыйных абмежаванняў, дэкларавання даходаў і маёмасці. Адзначаныя парушэнні заканадаўства своечасова не выяўляюцца і не прадухіляюцца, у тым ліку з-за неналежным чынам арганізаванай працы камісій па супрацьдзеянні карупцыі. Пасяджэнні камісій нярэдка зводзяцца да заслухоўвання аднатыпных справаздач і прыняцця інфармацыі да ведама. Прычыны і ўмовы карупцыйных праяў высвятляюцца не ў поўным аб’ёме. Пытанні, якія маюць найбольш высокія для сферы культуры крымінагенныя рызыкі, на пасяджэннях камісій не заўсёды разглядаюцца. Комплекснае ўздзеянне згаданых фактараў перашкаджае рэалізацыі ў поўным аб’ёме прафілактычнага патэнцыялу, які змяшчаецца ў заканадаўстве аб барацьбе з карупцыяй. Да гэтага часу існуе стэрэатып, што барацьба з карупцыяй — кампетэнцыя выключна праваахоўных органаў. Безумоўна, сілавы блок абавязаны змагацца з карупцыяй на ўсіх узроўнях і ў любых яе праявах. Аднак кіраўнікі арганізацый недаацэньваюць свае магчымасці ў гэтым напрамку, адносяць папярэджанне карупцыйных праяў сярод супрацоўнікаў да другарадных задач. У выніку прафілактыка карупцыі ва ўстановах культуры ў шэрагу выпадкаў ажыццяўляецца па рэшткавым прынцыпе, унутранае выяўленне фактаў карупцыі не наладжана, прынцыповая ацэнка дзеянням службовых асоб не даецца, інфармаванне праваахоўных органаў аб адпаведных правапарушэннях не праводзіцца. З цягам часу прыходзіць разуменне, што адных толькі крымінальна-прававых метадаў для барацьбы з карупцыяй недастаткова. Куды важней для дзяржавы і грамадства прадухіліць злачынства, чым ліквідаваць яго наступствы. 

Андрэй ФЕДАРОВІЧАЎ

старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па барацьбе з ка-рупцыяй і арганізаванай злачыннасцю