Мес­ца пры­цяг­нен­ня — біб­лі­ятэ­ка

Апублiкавана: 25 красавiка 2025 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

“Адзіны франтавы прывал”,“Не праспі! 20:25. Беларусь містычная”, “Кніжны фуршэт”… У праграме “Бібліяночы-2025”— безліч карыснага, цікавага, займальнага.

Да культурна-асветніцкай акцыі, якая ладзіцца ў Беларусі 25 красавіка, далучыўся 81 горад і 96 бібліятэк. У гэты вечар кніжныя скарбніцы краіны пашыраюць фарматы сваёй працы і прадстаўляюць наведвальнікам незвычайныя мерапрыемствы. Насычаная і маштабная праграма ўключае мноства тэматычных пляцовак. Лекцыі, майстар-класы, экскурсіі, творчыя сустрэчы, гульні для дзяцей і дарослых — афіцыйныя сайты ўстаноў і старонкі ў сацсетках стракацяць натхняльнымі і прывабнымі назвамі падзей, якія зробяць “Біб¬ліяноч-2025” непаўторнай. 

Чырвонай жа ніткай праз сёлетнюю акцыю праходзіць тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі. Так, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі разгорнецца праект “Перамога. Памяць. Мір”, які паглыбіць наведвальнікаў у атмасферу ваенных гадоў і гераічнага мінулага. Будзе працаваць больш за 20 тэматычных пляцовак! Квэсты, творчыя сустрэчы, тэатралізаваныя паказы дапамогуць удзельнікам мерапрыемства пранікнуцца гісторыяй. Серыю ініцыятыў у “алмазе ведаў” прадставіць Беларускі саюз журналістаў. Інтэрактыўныя праграмы падрыхтавалі РГА “Патрыёты Беларусі” і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Акцыю “Пераможнаму маю прысвячаецца” зладзіць Нацыянальная школа прыгажосці. 

Рэха ліхалецця можна будзе пачуць на канцэрце “Квітней, Беларусь, маё шчасце, Радзіма мая!”. Перасоўная выстава, прысвечаная подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, правядзе наведвальнікаў маршрутамі памяці. Атмасфера танцавальных вечароў 1945 года перанясе гасцей танцпляцоўкі ў дзень трыумфу. Музычна-паэтычная праграма “Балада пра салдата” раскажа пра значнасць Перамогі. Асэнсаваць урокі мінулага і сённяшнія выклікі дазволіць лекцыя “Ворагі Перамогі. Тады і цяпер”, якую прачытае Рыгор Азаронак. 

Аматары інтэлектуальных забаў змогуць паспрабаваць сілы ў квэстах “Шлях пераможцаў”, “Уцёкі праз Атлантыку”, у гульні “Партызанскі след”, заснаваных на падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны. 

Акрамя таго, у галоўнай кніжнай скарбніцы краіны пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі, дэфіле ад уладальніцы тытула “Міс Беларусь — 2023” Элеаноры Качалоўскай, музычны салон, майстар-класы стылістаў, сеансы арома- і гукатэрапіі. Адбудуцца і шахматна-шашачныя турніры, камандныя спаборніцтвы па настольных гульнях. 

Юных наведвальнікаў чакае конкурсна-пазнавальная праграма “Добры свет цудоўных казак”, калейдаскоп майстар-класаў “Вясёлыя фарбы”. А яшчэ дзецям прапануюць аквагрым, твістынг, арыгамі, кававы жывапіс, пластылінаграфію, гоначны драйв на радыёкіраваных машынках ды шмат іншага.

 Уваход на мерапрыемствы вольны.