Чашніцкія святыні. У пошуках страчанага

Так называецца праект загадчыцы Чашніцкага Дома рамёстваў Галіны Шынкевіч, якая адраджае старажытную беларускую традыцыю — упрыгожванне ікон лыкам.

Прадстаўленыя майстрыхай абразы асвяціў благачынны цэркваў Чашніцкай акругі — айцец Уладзімір Каляда. Ён падкрэсліў: тое, што робіць Галіна, вельмі значна, гэтая тэхналогія сапраўды ўнікальная, а іконы выглядаюць па-хатняму цёпла. 

ДАПЫТЛІВАСЦЬ І ЎПАРТАСЦЬ 

Галіна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. З юных гадоў яна бярэцца за ўсё, да чаго цягнецца творчая душа: жывапіс, бацік, кераміка. Але найбольш гераіню вабіць традыцыйнае мастацтва, асабліва маладаследаванае. Нядзіўна, што так “зачапіў” адзін з самых незвычайных і практычна страчаных відаў беларускай народнай творчасці. 

— Ад бабулі нам засталася іконка, старэнькая, просценькая, — хромалітаграфія, налепленая на дошку. Два гады праляжала ў ручніку ў шафе. Час ад часу пагляджу на абраз: прыгожы, але... бедненькі, — распавядае майстрыха. — Захацелася сямейную рэліквію “акультурыць”. Пачала вывучаць традыцыі, звязаныя з афармленнем ікон, што былі даўней. У некаторых рэгіёнах Беларусі ўмельцы шылі аклады з пацерак. У іншых — за шклом ківотаў змяшчалі кветкі з васкаванай паперы або выразаныя з фольгі фігуркі; таксама выкарыстоўвалі салому. І нечакана ў размове з мамай высветлілася, што мой прадзед Сямён Васільевіч Цімаховіч, жыхар вёскі Церабені Чашніцкага раёна, упрыгожваў іконы лыкам.

Упрыгожванне ікон лыкам — сёння з’ява выключная. І гэта не проста стварэнне дэкору. Гэта даніна маёй павагі да гісторыі свайго роду, частка гісторыі Чашніцкага краю, захаваўшы якую мы зможам перадаць наступным пакаленням памяць аб іх каранях.

 Гэты факт стаў радасным адкрыццём, — працягвае Галіна Шынкевіч. — У Цэнтры рамёстваў мы за аснову працы бяром менавіта традыцыі: імкнёмся выкарыстоўваць традыцыйныя матэрыялы і тэхніку, адраджаць забытае — заўсёды ў пошуку ўнікальнага. Я часта езджу ў этнаграфічныя экспедыцыі па раёне, але такога лыкавага мастацтва нідзе не сустракала. Вырашылі: наперад, будзем даследаваць!

 Высветлілася, што ўмельцаў, якія валодаюць гэтай унікальнай тэхналогіяй, ужо не адшукаць, а інфармацыі па тэме ў навуковых і літаратурных крыніцах — крыха. Але гераіні пашанцавала. Пра старажытнае мастацтва ёй распавяла маці, якая калісьці назірала за працай дзядулі. У выніку працяглых гутарак удалося па асобных дэталях узнавіць увесь працэс. Галіна адшукала і некалькі ікон, упрыгожаных лыкам, — вывучала іх з лупай праз шкло ківота, каб не пашкодзіць рарытэты. Некаторыя абразы пашчасціла сфатаграфаваць. Таксама наша гераіня шмат гутарыла са святарамі — ад іх атрымала дадатковыя веды.

ШЛЯХАМ СПРОБ І ПАМЫЛАК

 Калі базавая інфармацыя была сабрана, Галіна пачала вывучаць тэхналогію нарыхтоўкі лыка. Гэта — светлая частка пад верхнім пластом кары ліпы, вярбы і некаторых іншых дрэў, якую можна падзяліць на вузкія палосы. 

— Ліпа павінна быць не занадта маладая і не занадта старая: у першым выпадку луб вельмі тонкі, у другім — валакністы бок кары ўжо не ададраць, — дзеліцца сакрэтамі справы майстрыха. — Нарыхтоўваць лыка найлепш у красавіку-маі, падчас руху соку. Робіцца спіл па ствале, здымаецца кара, якую затым трэба вымочваць у вадаёме. Калі лета цёплае, то хопіць месяцы два. Першую ліпу я спілавала (з дазволу лясніцтва, зразумела) увосень. Таму давялося вымочваць кару дома ў бочцы. 

Галіна прызнаецца: не ўсё адразу ішло гладка — асвойвала працэсы метадам спроб і памылак. 

— Гляджу на ікону-ўзор, складаю кветачку. Атрымліваецца паўтарыць — выдатна, не — перакручваю некалькі разоў, пакуль да патрэбнага выніку не прыйду. Мэта — стварыць максімальна падобную, а не тую, якую самой захочацца, — кажа гераіня.

 За тры гады яна сабрала калекцыю з 10 аформленых такім чынам абразоў. Цяпер, абапіраючыся на вопыт, надае сваім працам сучасны дызайн, вырабляе выставачныя ўзоры. Галіна камбінуе лыка з іншымі традыцыйнымі матэрыяламі — напрыклад, спалучае лыкавыя кветкі з папяровымі. Часам ужывае і фарбавальнікі, якія даўней выкарыстоўвалі для ткацкіх нітак. 

“ДЫ НЕ МОЖА БЫЦЬ!”

 На выставах і фестывалях, дзе Галіна Шынкевіч прадстаўляе свае іконы, наведвальнікі часта прымаюць лыкавыя элементы за папяровыя: складана ўявіць, што ажурныя кветачкі з тоненькіх завітушак створаны з цвёрдага прыроднага матэрыялу! 

— Людзям няўцям, бо што сёння вядома аб вырабах з лыка? Што з яго вяроўкі ды лапці рабілі. Але ніяк не аклады для абразоў, — кажа адмысловец.

 Майстрыха цярпліва тлумачыць кожнаму працэс стварэння. Гэта нязменна выклікае ў слухачоў вялікае здзіўленне і захапленне.

 НОВЫЯ ЗАДУМЫ І ПЛАНЫ 

Зараз Галіна Шынкевіч працягвае даследчую працу, асвету людзей і рыхтуе прапанову аб наданні ўнікальнаму рамяству статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама гераіня займаецца іншымі відамі творчасці.

 — Мяне вельмі зацікавіла тэма беларускіх народных традыцыйных абразоў, якія раней былі характэрныя для Гомельшчыны. Яны ўражваюць дэкаратыўнасцю! Набыла пяць іконных дошак і ўжо прыступіла да напісання абраза Божай Маці “Траеручыца”, атрымала блаславенне ў царкве, — расказвае кіраўнік Дома рамёстваў.

 Разам з калегамі Галіна шчыруе над калекцыяй сувеніраў да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі” — сёлета ён пройдзе ў Чашніках. Несумненна, майстрам удасца здзівіць і парадаваць гасцей свята! 

Святлана ЧЭКАЛАВА

 Фота з архіва гераіні