Заслужаны аматарскі калектыў “Радзейка” — адзін з яркіх прадстаўнікоў харавой культуры Гомельшчыны — сёлета адзначае 40-гадовы юбілей. Артысты беражліва захоўваюць народнае мастацтва і адкрываюць новыя музычныя гарызонты. Пра гэта і не толькі распавяла кіраўнік хору Аксана Баруценка.
— Аксана Уладзіміраўна, з чаго пачалася гісторыя “Радзейкі”?
— Калектыў быў заснаваны ў 1985 годзе таленавітым педагогам і хормайстрам Ігарам Бабковым на базе аддзялення харавога дырыжыравання Гомельскага музычнага вучылішча імя Н.Ф. Сакалоўскага. Ігар Іванавіч зрабіў аўтарскія апрацоўкі беларускіх народных песень, якія мы выконваем дагэтуль. З цягам часу навучальнае творчае аб’яднанне стала канцэртным, пачало актыўна ўдзельнічаць у розных фестывалях ды іншых мерапрыемствах. У 2004-м хор атрымаў званне народнага, а ў 2017-м за высокі выканальніцкі ўзровень і папулярызацыю беларускага песеннага мастацтва быў удастоены тытула “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
— Калі вы сталі кіраваць “Радзейкай”?
— У розныя перыяды на чале хору былі таленавітыя музыканты, сярод якіх мая настаўніца па вакале Святлана Багатырэвіч, а таксама калега Наталля Калацэй. У 1999-м кіраўніком назначылі мяне. Працавала на гэтай пасадзе да 2003-га, калі пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2010-м вярнулася і працягнула актыўна развіваць калектыў. З таго часу мы істотна ўзбагацілі рэпертуар, а канцэртныя праграмы набылі новую дынаміку і мастацкую выразнасць.
— Раскажыце пра творы, якія выконвае “Радзейка”. Ці ёсць сярод іх сучасныя аранжыроўкі?
— Вядома! Рэпертуар разнастайны: ён уключае як традыцыйныя беларускія песні, так і аўтарскія. Звяртаемся да гомельскіх кампазітараў, сярод якіх Аляксандр Гулай і Валерый Копыл. У нашых праграмах і каляндарна-абрадавыя песні ў апрацоўцы, і сучасныя кампазіцыі. Таксама ўдзяляем вялікую ўвагу творам грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі і духоўнай музыцы. Згодна з цяперашнімі тэндэнцыямі, імкнёмся аб’яднаць народныя матывы з актуальнымі аранжыроўкамі, надаючы нашаму гучанню больш глыбіні і шматграннасці.
— Хто ўваходзіць у склад “Радзейкі”?
— Зараз у калектыве каля 20 чалавек — студэнты музычнага каледжа з першага па чацвёрты курс. Акрамя вакалістаў, ёсць група з харэаграфічнага аддзялення, што дорыць выступленням пластычную выразнасць і дынаміку. У нас выдатная традыцыя: выпускнікі вяртаюцца і дапамагаюць пачаткоўцам на рэпетыцыях і імпрэзах, ствараючы дух пераемнасці і адзінства.
— Распавядзіце больш падрабязна аб падрыхтоўцы да выступленняў.
— Наш калектыў — сапраўдная супольнасць аднадумцаў. Дух яднання адлюстроўваецца ўжо ў назве “Радзейка”, якая абазначае параду або сход. Мы з першых дзён вучым дзяцей узаемадзейнічаць, бо толькі праз згуртаванасць і падтрымку можна дасягнуць агульных мэт. Галоўнае — захопленасць справай.
Каб заняткі не ператвараліся ў руціну, а заставаліся жывым працэсам, мы сустракаемся тры разы на тыдзень па дзве гадзіны. Вядома, не заўжды паспяваем усё, але імкнёмся зрабіць кожную сустрэчу плённай. Калі ж стаіць задача хуткай падрыхтоўкі да важнага мерапрыемства, мы арганізоўваем дадатковыя рэпетыцыі.
Акрамя як над вакалам, шчыруем і над танцамі. У гэтым дапамагае харэограф Аксана Ражкова, з якой супрацоўнічаем ужо шмат гадоў. Дзякуючы яе майстэрству нашы выступленні атрымліваюцца відовішчнымі і насычанымі. “Радзейка” — гэта гарманічнае спалучэнне спеваў і рухаў.
— Якімі з нядаўніх дасягненняў асабліва ганарыцеся?
— У 2021-м хор заваяваў гран-пры рэспубліканскага праекта “Маладыя таленты Беларусі”, арганізаванага Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. Тады ж мы выступілі на Міжнародным фестывалі мастацкай творчасці “З Расіяй у сэрцы” ў Смаленску.
Летась сталі часткай гала-канцэрта “Галасы Палесся ў прасторах сусвету” ў межах рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”, а таксама далучыліся да рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”. У ёй удзельнічалі са старту ў верасні на “Мінск-арэне”, пасля чаго выступалі ў Гомелі, Жлобіне, Мазыры і ўжо сёлета на заключным гала-канцэрце “Час выбраў нас” у Мінску.
Акрамя таго, актыўна прадстаўляем сваю творчасць на гарадскіх і абласных канцэртах, прысвечаных важным святам і гістарычным падзеям, такім як вызваленне Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Перамогі. Нашы нумары заўсёды збіраюць удзячных гледачоў.
— Якой вы бачыце будучыню хору і што яго чакае ў найбліжэйшы час?
— Мы працягнем развівацца ў выбраным кірунку: наперадзе шмат нявывучаных творчых гарызонтаў. Імкнёмся ісці ў нагу з часам, укараняць свежыя формы выканання і шукаць новыя сродкі мастацкага выяўлення праз музыку і танец. Таксама мяркуем далей супрацоўнічаць з мясцовымі кампазітарамі, што дазволіць прадстаўляць слухачам унікальныя і актуальныя творы. Наша галоўная мэта — захаванне і развіццё беларускай музычнай традыцыі, а таксама падтрымка новых талентаў. І мы прадоўжым зберагаць нацыянальную песенную культуру і перадаваць яе будучым пакаленням.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву