“Аношкаўскія музыкі” ўжо больш за 25 гадоў уражваюць публіку майстэрскай ігрой, захоўваючы і перадаючы ўнікальную музычную спадчыну. Гэты выключна мужчынскі калектыў стаў сапраўднай кузняй талентаў, выхоўваючы новыя пакаленні віртуозаў. Пра творчы шлях ансамбля гарманістаў, поспехі і выклікі распавёў яго кіраўнік Аляксей Андросік.
— Я нарадзіўся ў вёсцы Аношкі, — гаворыць Аляксей Валер’евіч. — З дзяцінства цягнула да музыкі: спачатку фартэпіяна, але бацькі прывезлі акардэон — і ён стаў маім асноўным інструментам. У дзесяцігадовым узросце паступіў у Нясвіжскую дзіцячую музычную школу, затым працягнуў вучобу ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Пасля заканчэння пачаў працаваць у пасёлку Сноў. Праз тры гады атрымаў прапанову вярнуцца туды, дзе пачаўся мой музычны шлях, — у Аношкаўскую дзіцячую школу мастацтваў. Тут я не толькі стаў выкладчыкам, але і ўзначаліў ансамбль гарманістаў. Прызнаюся, спачатку было нялёгка: я не іграў на гармоніку, а дзеці валодалі інструментам лепш за мяне. Давялося за месяц навучыцца, каб заслужыць іх павагу. У першай гастрольнай паездцы хлопцы жартавалі з мяне, але неўзабаве мы сталі адзінай камандай.
Ансамбль быў створаны ў 1997-м пад кіраўніцтвам музыканта і аднаго з першых выкладчыкаў Аношкаўскай школы мастацтваў Віктара Навумчыка. У склад уваходзілі выключна хлопчыкі, што заклала традыцыю і стала свайго роду брэндам. Паводле слоў Аляксея Андросіка, гэта звязана з тым, што гармонік гістарычна лічыўся пераважна мужчынскім інструментам, і менавіта хлопцы часцей выказваюць жаданне авалодаць ім на прафесійным узроўні. Аляксей Валер’евіч пачынаў у творчай групе як выканаўца на ўдарных інструментах. Значнай вяхой стаў удзел у абласным конкурсе “Грай, гармонік” у 2000-м, дзе гурт атрымаў званне лаўрэата.
— Пасля гэтага нас пачалі ўсюды запрашаць, мы заявілі пра сябе і на замежных пляцоўках. У 2001-м ансамбль атрымаў званне ўзорнага, а ў 2007-м стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2011-м я ўзначаліў гурт, наша актыўнасць працягнулася, з’явіліся новыя поспехі. У 2015-м мы былі ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за захаванне нацыянальных традыцый і канцэртную дзейнасць, — распавядае кіраўнік “Аношкаўскіх музыкаў”.
Калектыў стабільна пацвярджае высокі ўзровень, атрымліваючы дыпломы і ўзнагароды на творчых спаборніцтвах. Ансамбль заваяваў прызавое месца на міжнародным фестывалі народнай песні і музыкі “Бараньскія музыкі — 2023”. Сёлета перамаглі ў адкрытым рэспубліканскім разнажанравым конкурсе “Жарынка”, які праходзіў у Мінску, і занялі першае месца ў VIII Міжнародным тэлепраекце “Кубак Дружбы”, што таксама адбыўся ў сталіцы. Нядаўняе выступленне на гала-канцэрце Рэспубліканскага конкурсу “Добры дзень, свет!” у Маладзечне стала чарговым сведчаннем іх прафесійнага майстэрства.
У 2023-м калектыў годна прадстаўляў краіну на прэстыжным міжнародным фестывалі “Моладзь за Саюзную дзяржаву” — культурнай пляцоўцы, якая аб’ядноўвае таленавітых артыстаў з Беларусі і Расіі. Форум стаў для ансамбля значнай падзеяй, якая дала імпульс для творчага росту і новых знаёмстваў.
Калі гурт атрымаў запрашэнне на фестываль, узнікла складанасць: да ўдзелу не дапускаліся маладзейшыя за 16 гадоў. Таму “Аношкаўскія музыкі” паехалі не поўным складам, а толькі з выпускнікамі і старэйшымі выканаўцамі.
— Гэта не толькі конкурс, але і магчымасць умацаваць культурныя сувязі, абмяняцца вопытам, падтрымаць адзінства саюзных народаў. Падарожжа атрымалася незабыўным. Мы выступалі на адной сцэне з таленавітымі калектывамі з розных рэгіёнаў, пазнаёміліся з выбітнымі дзеячамі культуры абедзвюх краін. Асабліва ўразіла сустрэча з Мікалаем Валуевым, які правёў змястоўную гутарку пра развіццё сувязяў у сферы культуры, спорту і турызму. Такія сумесныя праекты дазваляюць моладзі адчуваць сябе часткай вялікай культурнай прасторы, — дзеліцца ўражаннямі Аляксей Валер’евіч.
— У ансамбль прыходзяць навучэнцы з 2-га класа і займаюцца да 11-га. На пачатковым этапе засвойваюць рэпертуар, а праз 3-4 гады ўжо выступаюць на канцэртах. Вядома, усе дзеці розныя, але большасць імкнецца да поспеху з энтузіязмам. Інтарэс да гармоніка сярод моладзі захоўваецца. Гэтым інструментам лягчэй авалодаць, чым баянам ці акардэонам, — тлумачыць Аляксей Валер’евіч.
Выпускнікі працягваюць падтрымліваць ансамбль: удзельнічаюць у рэпетыцыях і канцэртах, выязджаюць на мерапрыемствы, калі ўзнікае неабходнасць. Старэйшыя бяруць шэфства над малодшымі, дапамагаючы ім разбіраць новы матэрыял.
— Мы выконваем пераважна народную музыку, але часам эксперыментуем, каб быць бліжэй да сучаснай аўдыторыі. Напрыклад, нядаўна дабавілі ў рэпертуар фрагмент песні “Чорны бумер” Сярогі — гледачам спадабалася. Часам сам нешта пішу, адаптую пад дзяцей. Таксама выконваем творы першага кіраўніка ансамбля Віктара Навумчыка, — адзначае Аляксей Андросік.
Важную ролю ў калектыве адыгрывае канцэртмайстар Арцём Дзеравяга — былы вучань Аляксея Валер’евіча. Ён скончыў Баранавіцкі каледж мастацтваў, працягнуў навучанне ў Мінскім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, пасля чаго вярнуўся выкладаць у родную школу, актыўна ўдзельнічаючы ў развіцці ансамбля. Нягледзячы на тое, што яго асноўны інструмент — баян, малады педагог цалкам уключаны ў працу і ўносіць значны ўклад у поспехі гурта.
Ансамбль беражліва захоўвае традыцыі беларускай народнай музыкі, прыцягвае новых удзельнікаў і раскрывае гучанне гармоніка — інструмента з глыбокімі традыцыямі. “Аношкаўскія музыкі” — гэта не проста творчая суполка, а сапраўдная музычная сям’я, у якой зберагаюць і памнажаюць нацыянальную культурную спадчыну.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву