Вясновае ўзяцце Палаца

Апублiкавана: 09 красавiка 2025 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага падрыхтаваў да Міжнароднага дня тэатра шыкоўны падарунак: 26 і 27 сакавіка нашумелая рок-опера “Граф Монтэ-Крыста”, уганараваная летась Нацыянальнай тэатральнай прэміяй, атрымала другое нараджэнне — перамясцілася на сцэну Палаца Рэспублікі і прайшла ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. У цэнтральнай ролі выступіў міністр культуры, заслужаны артыст нашай краіны Руслан Чарнецкі. Пра гэтую і іншыя падзеі паразмаўляем з мастацкім кіраўніком тэатра, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Сяргеем Кавальчыкам.

— Сяргей Міхайлавіч! Будынак вашага тэатра на рамонце. І да трох іншых сталічных пляцовак далучылася вялізная зала Палаца Рэспублікі. Прыемна, што адразу з пазнакай “Прададзена”.

— Так, на час рамонту нашы спектаклі перамясціліся ў Палац прафсаюзаў, Цэнтральны Дом афіцэраў, на Малую сцэну Канцэртнай залы “Мінск”. Нарэшце, “Граф Монтэ-Крыста” ў Палацы Рэспублікі. Квіткі разляцеліся адразу — гэтак жа імкліва, як і тады, калі рок-опера паказвалася на нашай сцэне. Вядома, з Русланам Чарнецкім у галоўнай ролі — тут яму няма замены, спектакль з самага пачатку разлічваўся на яго. І цяпер гледачы літаральна абрынуліся: калі будуць наступныя паказы? Як можна набыць квіткі? Убачыўшы гэта, мы хацелі ўключыць “Графа Монтэ-Крыста” ў красавіцкую афішу, ды Палац Рэспублікі настолькі запатрабаваны, што уплішчыцца туды яшчэ раз вясной аказалася складана. Аднак абрадую нашых прыхільнікаў: паказы будзем планаваць на ліпень. Бо справа ж не толькі ў зале, але і, галоўнае, у тым, што рок-опера цяпер ідзе ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Такая падзея — упершыню ў гісторыі тэатра. З ідэяй цалкам жывога выканання мы звярнуліся да галоўнага дырыжора калектыву Віталя Кульбакова. І вельмі рады, што нас падтрымалі. Раней спектакль ішоў у суправаджэнні фанаграмы-мінусоўкі і нашага струннага квартэта, які існуе ў складзе тэатра. Уладзіслаў Мазуркевіч зрабіў цудоўную партытуру — насычаную, з новымі аркестравымі фарбамі. Праз яе спектакль набыў яшчэ больш драйва, музычнай разнастайнасці, стаў яшчэ больш прэзентабельным. У такім выглядзе яго можна з гонарам паказваць за мяжой на самых прэстыжных сцэнах — спадзяюся, гэта абавязкова ажыццявім. 

— Можна сказаць, вы “ўзялі вясновы Палац”. А колькі яшчэ іншых прэстыжных сцэн вы апошнім часам захапілі! Прычым ва ўсіх сэнсах слова, пакінуўшы гледачоў у захапленні. 

— Так, мы выконваем абавязкі, узятыя ў рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная карта”. Нядаўна ездзілі ў аграгарадок Чэрні, што на Брэстчыне. Паказалі “Абдуранага мужа” Мальера. Старадаўнія манеры, касцюмы, парыкі — але сутнасць чалавека не змяняецца, і менавіта гэта хвалюе публіку. Пасля спектакля, што праходзіў у тамтэйшым Доме культуры, адбылася размова з гледачамі. Пытанні задавалі розныя, нават уступалі з артыстамі ў дыскусію. Вядома, былі і раздача аўтографаў, і фотасесія. У час такіх сустрэч пераконваешся, наколькі дасведчаныя прыхільнікі мастацтва ёсць па ўсёй краіне. Аказалася, многія жыхары аграгарадка былі на Міжнародных тэатральных фестывалях “Белая Вежа” — і не аднойчы. Некаторыя ездзяць на спектаклі форуму рэгулярна, сочаць за афішай. Сустрэча атрымалася настолькі цёплай, зацікаўленай, кранальнай, што мы вырашылі практыкаваць падобнае і надалей. Гэта важна для абодвух бакоў, збліжае і ўзбагачае акцёраў і гледачоў.

Ды і на звыклыя гастролі не забываемся. Імкнёмся так скласці лагістыку паездак, каб пабываць адразу ў некалькіх пунктах руху па маршруце. Наведалі аграгарадок — а напярэдадні завіталі ў абласны цэнтр. Возім па Беларусі “Горкі хлеб”, пабудаваны на ўспамінах дзяцей вайны, што апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Скарыстаныя ў п’есе дакументальныя матэрыялы, пададзеныя праз мастацкае ўвасабленне, уражваюць куды больш, чым лекцыя ці ўрок. А ў канцы красавіка пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы плануецца паказ “Горкага хлеба” ў Маскве — з удзелам Руслана Чарнецкага не толькі як заслужанага артыста, але і як міністра культуры.

— Ведаю і пра ўдзел ў фестывалях, у тым ліку замежных. Дый творчае супрацоўніцтва з расійскімі ўстановамі культуры добра развіваеце.

— Наш калектыў са спектаклем “Фаўст. Здзелка з д’яблам” 21 сакавіка быў запрошаны на ХVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rt.кантакт”, прычым у пазаконкурсную праграму, на правах ганаровага госця, што на гэтым фестывалі здараецца рэдка. У маі павязём “Opus 40. Беспасажніца” ў Тамбоў, на фестываль імя Мікалая Рыбакова, куды мы калісьці ездзілі з “Пане Каханку”. Цяперашняе запрашэнне — водгук на нашы працяглыя расійскія выступленні з “Беспасажніцай”, што сталі вынікам удзелу калектыву ў замежным напрамку праграмы “Вялікія гастролі” Міністэрства культуры Расіі. Атрымаў наш тэатр і чарговы грант Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі “Рускія сезоны” на пастаноўку рускай класікі. Чарговы, таму што пазалетась пры іх падтрымцы былі ўвасоблены “Казкі Пушкіна”. Цяпер будуць “12 крэслаў” Ільфа і Пятрова. У лістападзе мы павінны вярнуцца ў свой будынак — праца закіпіць яшчэ мацней.

Віталь КУЛЬБАКОЎ, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі:

— У нашага калектыву багаты вопыт выканання рок-музыкі. Ёсць і практыка ўдзелу ў драматычных і музычных спектаклях ТЮГа, праекта “ТрыТфармаТ”. Але за рок-оперу ўзяліся ўпершыню — і вельмі рады. Працаваць з камандай горкаўцаў надзвычай цікава. А тое, што большасць з музычных нумароў выконвае цяпер ужо міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, дадае адказнасці і гонару. Я даўно марыў звярнуцца з аркестрам да жанраў мюзікла, рок-оперы. У далейшым мусім працягнуць такую працу і замовіць кампазітарам твор нацыянальнай тэматыкі.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра