Доля ўласных сродкаў у агульным аб'ёме фінансавання Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы летась склала амаль 50%. Як калектыву ўдалося дасягнуць такога паказчыка? Станоўчы вопыт быў разгледжаны на выніковай калегіі Міністэрства культуры.
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі” даўно заваяваў рэпутацыю асяродка культурнага жыцця першага рэгіёна. Ужо некалькі гадоў ім паспяхова кіруе Ганна Сенькавец.
— Ганна Уладзіміраўна, з чаго пачалася праца ва ўмовах фінансавання, вызначаных Указам №275?
— Гэта быў свайго роду выклік: мы пачалі актыўна шукаць формулу рашэння дадзенай задачы. Для таго каб паспяхова перайсці на новую сістэму фінансавання, правялі аналіз бягучых мерапрыемстваў і магчымых рэсурсаў. Была перагледжана структура выдаткаў. Бюджэтныя сродкі мы сталі выкарыстоўваць толькі на выплату заработнай платы супрацоўнікам. Пастаноўкі, гастролі, камунальныя паслугі і тэхнічнае абслугоўванне будынка пакрывалі за кошт уласных даходаў.
Ганна Сенькавец
За мінулы год правялі 480 мерапрыемстваў, тэатр наведала звыш 94 тысяч гледачоў. Усяго мы зарабілі 2,2 мільёнаў рублёў. Доля ўласных сродкаў у аб’ёме фінансавання склала 49,2%. Дадзеныя па асноўных паказчыках за 2023—2024-ы дэманструюць рост у параўнанні з папярэднім перыядам, улічваючы, што значная частка сезона прайшла ва ўмовах маштабных рамонтных работ.
— Якія новыя формы выкарыстоўваеце, каб прывабіць гледача і дадатковае пазабюджэтнае фінансаванне?
— Мы пачалі актыўна прыцягваць спонсараў і партнёраў. Дзякуючы іх падтрымцы, а таксама ўласным даходам, да 80-гадовага юбілею тэатра быў створаны ўнікальны выставачны праект, прысвечаны багатай і разнапланавай гісторыі ўстановы.
Імкнёмся пашыраць аўдыторыю і зацікаўліваць гледачоў праз новыя мерапрыемствы, маркетынгавыя хады і сацыяльныя сеткі. Важна адзначыць, што тэатр застаецца запатрабаваным сярод шырокай аўдыторыі. Наша задача — зрабіць яго яшчэ больш даступным, разнапланавым і прывабным для розных узроставых груп.
Напрыклад, у нашым тэатры вялікім попытам карыстаецца інтэрактыўны спектакль “Закуліссе”. Кожны сеанс пачынаецца з экскурсіі па музеі тэатра, далей удзельнікі паглыбляюцца ў атмасферу закуліснага жыцця. За 2024 год было праведзена 56 такіх мерапрыемстваў, што сведчыць аб высокай цікавасці да праекта з боку публікі. Будзем працягваць развіваць гэты кірунак, і ў планах супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі.
49,2% доля ўласных сродкаў у агульным аб'ёме фінансавання Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы
Праект “Эйфарыя” стаў яркай падзеяй культурнага жыцця горада. У яго рамках адбылося пяць паспяховых канцэртаў сімфанічнага аркестра тэатра сумесна з таленавітай моладдзю Брэста. Важна адзначыць, што асноўнай мэтай была не камерцыйная выгада, а падтрымка маладых выканаўцаў і прыцягненне новай, маладой аўдыторыі. Нам удалося гэта зрабіць, што станоўча адбіваецца на развіцці тэатральнага мастацтва ў горадзе.
Сцэна са спектакля "Дастаеўскі. Гулец"
На працягу трох гадоў наш тэатр праводзіць Афіцэрскі баль. Ужо два гады запар яго ўдзельнікамі становяцца медыцынскія работнікі і афіцэры Брэсцкага гарнізона. Таксама мы актыўна вядзём працу ў сацыяльных сетках Instagram, “ВКонтакте”, “Фэйсбук”. Летась абноўлены афіцыйны сайт тэатра. Мы падтрымліваем адкрыты дыялог з журналістамі, пра што сведчыць колькасць публікацый у СМІ: 125 артыкулаў і 60 рэпартажаў.
Усю вышэйпералічаную працу мы праводзім для пашырэння нашай публікі. У 2024-м тэатр прадставіў увазе гледачоў восем прэм’ерных пастановак і адзін адноўлены спектакль. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі створаны тры пастаноўкі па рускай класіцы: “Бацькі і дзеці”, “Дастаеўскі. Гулец” і “Паненка-сялянка”.
— Раскажыце, дзе вашы супрацоўнікі павышаюць кваліфікацыю і навучаюцца новым тэхналогіям?
— Мы імкнёмся выкарыстоўваць любыя магчымасці. У тым ліку звяртаемся па дапамогу і да расійскіх калег. Напрыклад, Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом” у Санкт-Пецярбургу запусціў праект “Летняя тэатральная школа для маладых спецыялістаў рускамоўных тэатраў краін СНД”. У ім прайшлі навучанне тры нашыя работнікі. А ў снежні артыст драмы Міхаіл Ільіч паўдзельнічаў у адукацыйным праекце па акцёрскім майстэрстве і сцэнічнай мове “Творчы практыкум. Звянігарад СТД Расіі”.
На гэты год мы падалі заяўкі на ўдзел у курсах павышэння кваліфікацыі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, а таксама ў СТД Расіі — замовіць прыезд да нас спецыяліста для правядзення майстар-класа па сцэнічнай мове і акцёрскім майстэрстве. У планах таксама далучыцца да міжнароднага праекта “Пецярбургскія тэатральных майстэрні — 2025” па напрамках “Стварэнне спектакляў” і “Навучанне на базе тэатра для тэхнічнага персаналу”.
— А якія вашы творчыя планы?
— Сёлета ў нас мяркуецца шэсць пастановак. У сакавіку — прэм’ера спектакля “Восем кахаючых жанчын”. Да 80-годдзя Перамогі мусім зладзіць ваенна-патрыятычны спектакль “Вера” і канцэрт Сімфанічнага аркестра сумесна з хорам маскоўскай Школы драматычнага мастацтва “У імя жыцця на зямлі”. Не забываем і пра маленькіх гледачоў, якіх чакаюць дзве казкі.
Наш тэатр уключаны ва Усерасійскі гастрольна-канцэртны план у рамках праграмы “Вялікія гастролі”. У чэрвені пакажам спектакль “Не пакідай мяне” ў Архангельску і Северадзвінску. Таксама намі пададзены заяўкі на ўдзел у пяці фестывалях. Плануюцца і абменныя гастролі з тэатрамі Беларусі.
Наперадзе шмат падзей — мы працягнем плённа працаваць і радаваць гледачоў якаснымі спектаклямі.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва тэатра