ХХХII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш разгарнулася ў беларускай сталіцы з 12 да 16 сакавіка.
Сярод яе арганізатараў — шэраг дзяржаўных ведамстваў Беларусі, у тым ліку Міністэрства культуры.
У праграме сёлетняга кірмашу, чырвонай ніткай праз якую праходзіць тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі, — перасоўная выстава Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўныя адукацыйныя пляцоўкі, аўтограф-сесіі і інтэрв’ю са знакамітымі аўтарамі.
Асобная лакацыя адкрыта для юнай аўдыторыі: Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска штодзень арганізуе інтэлектуальныя гульні і гістарычныя віктарыны, прэзентуе творы вядомых беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. Галоўная асаблівасць прасторы — інтэрактыўны падыход, што несумненна захопіць маладога чытача.
Урачыстае адкрыццё форуму адбылося 12 сакавіка. Прывітанне яго ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Адрас з галоўнай сцэны агучыў Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
У сваім звароце Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выстава-кірмаш у Мінску — унікальная падзея ў грамадскім, культурным і духоўным жыцці Беларусі, якая мае высокі міжнародны статус і штогод прыцягвае ўвагу тысяч людзей.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што кніга заўсёды была і застаецца галоўнай крыніцай ведаў, часткай інтэлектуальнай спадчыны продкаў і прадаўжае садзейнічаць умацаванню адзінства народа і выхаванню лепшых маральных якасцей у моладзі.
— Перакананы: традыцыйныя сустрэчы літаратараў і аматараў кнігі адкрываюць новыя гарызонты для гуманітарнага супрацоўніцтва, збліжэння краін і народаў, — падкрэсліў Прэзідэнт.
На галоўным стэндзе кірмашу — інтэрактыўная экспазіцыя дзяржаў — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза, у якім сёлета старшынствуе Беларусь. Гэта выстава — выдатны шанц прадэманстраваць шырокай аўдыторыі культурныя традыцыі і дасягненні.
Так, першымі нацыянальную літаратурную спадчыну прадстаўлялі Казахстан і Кыргызстан. А 14 сакавіка на кірмаш прыбывае “Кніжны цягнік” з Расійскай Федэрацыі, што ідзе па маршруце “Мінск — Масква — Ніжні Ноўгарад — Казань — Ульянаўск — Валгаград”. У кожным горадзе праект спыніцца на адзін дзень: пройдуць сустрэчы з літаратарамі. У беларускай сталіцы выступяць Валерый Папоў, Алег Рой, фантаст Дзмітрый Емец, аўтар папулярных маладзёжных раманаў Ася Лаўрыновіч, дзіцячыя пісьменнікі Каця Мацюшкіна і Валянцін Постнікаў і многія іншыя. А на галоўнай сцэне кірмашу творчыя нумары прадставяць артысты з Башкартастана, Дагестана, Татарстана і Чачні.
Найважнейшыя падзеі Дня Беларусі, які пройдзе 15 сакавіка, — сустрэча з народным пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом, прэзентацыі найбольш знакавых выдавецкіх праектаў краіны (“Сімвалы суверэннай Беларусі”, “Суперпазіцыя. Паралельныя светы”), узнагароджанне пераможцаў конкурсаў “Мастацтва кнігі” і “Першацвет”. Таксама адбудзецца семінар-практыкум “Кнігавыданне: сучасныя тэндэнцыі” з удзелам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Кніжнай палаты Беларусі ды іншых.
Замыкае насычаную праграму 16 сакавіка Арменія. Культурны патэнцыял краіны раскрые фальклорны ансамбль “Эрэбуні”.
Экспазіцыю “Памяць, захаваная ў слове”, прымеркаваную да 80-годдзя Вялікай Перамогі, прадставіла галоўная кніжная скарбніца краіны. Праект раскрывае падзеі са студзеня па май 1945 года праз нататкі і артыкулы рэспубліканскай перыёдыкі, знакавыя кнігі, а таксама выразныя каларытныя плакаты, карыкатуры, паштоўкі.
— Выстава адлюстроўвае жыццё краіны пасля вызвалення. Большасць сабраных дакументаў выдадзена на тэрыторыі Беларусі, — распавяла галоўны бібліятэкар сектара арганізацыі кніжных выстаў Святлана Зайко. — Па матэрыялах можна адсачыць тэмы, што хвалявалі народ у тыя цяжкія часы. На першым плане — матывацыйная літаратура, якую адсылалі на фронт для ўзняцця баявога духу салдат, выданні аб героях і невялікія інструкцыі дзеянняў у розных баявых сітуацыях. Пераважны фармат — кішэнны. Тонкія кардонныя вокладкі вельмі сціплыя ў сваім афармленні. Далей — буклеты, прысвечаныя Дню Перамогі. Шырока адлюстравана ў дакументах надзённая праблема аднаўлення гарадоў, сельскай гаспадаркі, прамысловасці. “Памятка ўдзельніку аднаў- лення горада Мінска”, “Адродзім сталіцу”, “За высокі ўраджай 1945 года” — эталонныя прыклады загалоўкаў газетных артыкулаў таго часу. Сапраўдная перліна — плакат “Моладзь — на аднаўленне гарадоў і вёсак”, створаны ў 1945-м Беларускім дзяржаўным выдавецтвам.
Прадстаўлены ў экспазіцыі і рэдкія выданні, што былі вывезены нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але цудам змаглі вярнуцца на Радзіму. Сляды баявых дзеянняў назаўжды адлюстраваны на абгарэлай вокладцы адной з кніг.
— Ёсць раздзел, прысвечаны падручнікам, створаным для зноў адкрытых школ. Гэта буквары, гістарычныя дапаможнікі, мастацкая літаратура, — расказала галоўны бібліятэкар.
Унікальны стэнд, прысвечаны выданням Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, можна ўбачыць на перасоўнай выставе. Сабраныя тут кнігі расказваюць пра асноўную экспазіцыю ўстановы і жудасныя падзеі ваеннага ліхалецця (“Трасцянец”, “Шталаг 352”, “Азарычы” і іншыя). Прадстаўлены таксама на мабільнай выставе каштоўныя матэрыялы партызанскага друку, створаныя ў 1943-м.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА