Травяное чараўніцтва

Майстар Мастоўскага цэнтра рамёстваў Вольга Вайтовіч займаецца адраджэннем тэхналогіі спіральнага пляцення з травы. Яе работы разам з іншымі здабыткамі ўмельцаў Гродзеншчыны выклікалі вялікую цікавасць наведвальнікаў выставы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва “Дыханне часу. Саюз рамёстваў” у Маскве. Экспазіцыя разгарнулася ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі напрыканцы лютага.

ПАСЦЕЛЬ З... КРАПІВЫ 

— Спіральнае пляценне — адзін з найбольш старажытных відаў рамяс- тва, вядомы амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліту, — распавядае майстар. — Тэхніка была распаўсюджана і на тэрыторыі Беларусі. Нашы продкі знаходзілі для травы мноства варыянтаў ужывання: пакрывалі ёю дахі хат, рабілі кошыкі, плялі кілімкі. Выкарыстоўвалі нават крапіву — з яе выраблялі… пасцельную бялізну. Пра тое, як з’явілася спіральнае пляценне з травы, ёсць цікавая легенда. 

Даўным-даўно гэта было. Стары селянін пасвіў на лузе кароў. Яны ласаваліся сакавітым кормам, а дзядуля сядзеў на ўскрайку лесу і сумаваў. Заўважыў карані хвоі, што выпіралі з-пад зямлі, вырваў некалькі тонкіх кавалачкаў, потым сабраў пучок травы і сплёў з гэтага прыроднага дабра талерку. З таго часу што ні дзень, то з’яўлялася ў майстра новы кухонны посуд. А за ім і іншыя людзі пацягнуліся.

Вольга Вайтовіч — пераможца і лаўрэат абласных і рэспубліканскіх выставак, кірмашоў, фестываляў. За шматгадовую плённую працу і значны ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2021).

У АСНОВЕ — САЛОМАПЛЯЦЕННЕ 

Першы від традыцыйнага беларускага мастацтва, з якім Вольга па- знаёмілася яшчэ школьніцай падчас заняткаў у гуртку, — саломапляценне. Пасля заканчэння дзявятага класа дзяўчына паступіла ў Ваўкавыскі педагагічны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы на настаўніка працы і малявання. Там рабіла курсавы праект па гэтым самабытным рамястве. І яе работа — велізарны зубр з саломкі — патрапіла ў гісторыка-краязнаўчы музей каледжа. 

Атрыманая прафесія спатрэбілася: Вольга правяла для школьнікаў мноства майстар-класаў. Такія заняткі не проста дэманстрацыя, з чаго і ў якой паслядоўнасці робіцца пэўны прадмет. Гэта яшчэ і экскурс у гісторыю народнага мастацтва і далучэнне да традыцый продкаў. Словам, навучанне, развіццё, выхаванне. Працуе ўмеліца і з пажылымі людзьмі, вядзе гурток “Спадчына”. 

На спіральнае пляценне з травы Вольгу натхнілі работы члена Саюза майстроў Беларусі Людмілы Гаравой. Убачыла ў сацсетцы прыгожыя вырабы — зялёныя, а не звыклыя саламяна-жоўтыя, — і загарэлася ствараць падобныя. На Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пазнаёмілася з Людмілай, пачула шмат карысных парад. Так з 2016-га травапляценне і стала асноўным відам творчасці гродзенскай рукадзельніцы.

СВАЕ ПРАВІЛЫ 

Як толькі з астылай пасля зімы зямлі выберацца на свет першая траўка, Вольга адправіцца на нарыхтоўку сыравіны. У справу пойдуць і зусім маленькія экзэмпляры (для пляцення, да прыкладу, збанка-шаптуна спатрэбяцца дзесяцісантыметровыя), і высокія (яны стануць асновай для бочачак, кошыкаў, шкатулак, габеленаў і нават мэблі). Назбірае — і высушыць. А тут ёсць свае правілы. Напрыклад, каб расліна захавала зялёны колер, яе рыхтуюць у цёмным памяшканні, якое добра праветрываецца. Калі трэба дамагчыся жоўтых адценняў, то раскладваюць на сонейку. 

— У ход ідуць любыя травы: і балотныя, як рагоз, і рачныя, і лясныя. Галоўнае, каб былі мяккія і гнуткія. Калі еду ў грыбы, заўсёды бяру з сабой нажніцы — вяртаюся з ахапкам духмяных траў, — кажа мастачка. — Люблю працаваць з асакой — яна доўгая і трывалая. 

ІГОЛКА З НІТКАЙ — НЯЗВЫЧНАЙ

Пад рукамі ў майстра заўсёды пэўны набор прылад. Перадусім гэта доўгая іголка з вялікім вушкам і нітка, звычайна джутавая. Для маленькіх вырабаў Вольга бярэ нітку танчэйшую, але абавязкова натуральную. Часам звяртаецца да кораня хвоі. Хаця прызнаецца: каб яго здабыць, патрэбная сіла. 

Дарэчы, у літаратурна-краязнаўчым музеі ў аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна захоўваюцца старажытныя корабы і бочкі для збожжа. Для іх вытворчасці выкарыстоўвалі траву і хваёвы корань. У былыя часы такой працай займаліся пераважна мужчыны — цяжкі занятак! 

Прываблівае Вольгу і лазовая стужка — вырабы атрымліваюцца цікавейшымі, больш фактурнымі. Лазу нарыхтоўвае сама. Робіць гэта ў пэўныя месяцы: калі дрэва ўжо скінула лісце, але яшчэ не пачаўся рух соку. Ашкурвае, калунком рас- шчапляе на некалькі частак, прапускае пруткі праз спецыяльны нож — атрымліваецца плоская лазовая стужка. 

НАПАЎНЯЮЧЫ ПРЫГАЖОСЦЮ 

У Вольгі цэлая калекцыя вырабаў, якія прывабліваюць моладзь, — заплечнікі, сумкі, торбы-шоперы. Яны выкананы з выкарыстаннем традыцыйнай тэхналогіі спіральнага пляцення і, дзякуючы спалучэнню травы з дрэвам і скурай, выглядаюць вельмі эфектна. 

— Ствараю перш за ўсё да культурных падзей — рэгіянальных, рэспубліканскіх і, вядома, народных свят, — адзначае Вольга. — Цяпер, напрыклад, займаюся падрыхтоўкай да Светлага Хрыстовага Уваскрэсення: раблю велікодныя кошыкі, падносы, хлебніцы. Заўсёды імкнуся, каб кожны прадмет меў утылітарнае значэнне і мог аздобіць інтэр’ер. Свет навокал павінен быць напоўнены прыгажосцю! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні