Ад папярэднікаў

Апублiкавана: 29 сакавiка 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Вайна, дзяцінства, юнацтва, каханне, праца, спорт — тэмы, што хвалявалі папярэдняе пакаленне творцаў, актуальныя і сёння. Скульптуры з фонду Беларускага саюза мастакоў прадэманстравала выстава “Архіў”.

У экспазіцыі, якая разгарнулася ў сталічным Палацы мастацтва з 7 лютага па 2 сакавіка, — работы як малавядомых і незаслужана забытых аўтараў, так і знакавых для беларускага выяўленчага мастацтва творцаў, якія зрабілі немалы ўнёсак у фарміраванне і развіццё нацыянальнай мастацкай і мастацка-педагагічнай школы. Творы ахопліваюць перыяд 1950—1980 гадоў, а сярод тэм, якія хвалявалі аўтараў, — нацыянальная памяць, вайна, дзяцінства, юнацтва і каханне, праца і спорт, увасобленыя ў камені, дрэве і метале. Акрамя гэтага экспазіцыя дапоўненая архіўнымі фотаздымкамі, што раскрываюць гісторыю развіцця скульптуры ў Беларусі ад 1920-х да 1980-х. 

Іван Міско. Партрэт Янкі Маўра (злева), Уладзімір Папсуеў. Партрэт Петруся Броўкі (справа).

СЛАВУТЫЯ ІМЁНЫ 

На выставе можна было пабачыць работы Заіра Азгура, Карнея Аляксеева, Анатоля Анікейчыка, Аляксандра Анціпіна, Эдуарда Астаф’ева, Міхаіла Бяляева, Пятра Белавусава, Андрэя Бембеля, Анатоля Баразеннікава, Сяргея Вакара, Аляксея Глебава, Віктара Гроса, Льва Гумілеўскага, Леаніда Давыдзенкі, Васіля Дубовіка, Аляксандра Дранца, Андрэя Заспіцкага, Леаніда Зільбера, Барыса Івонцьева, Яўгена Колчава, Мікалая Кандрацьева, Аляксандра Крахалёва, Акіма Курачкіна, Станіслава Ларчанкі, Сяргея Логвіна, Паўла Лука, Барыса Маркава, Аляксандра Мятліцкага, Івана Міско, Валянціны Міхеевай, Генадзя Мурамцава, Мікалая Палякова, Юрыя Палякова, Уладзіміра Папсуева, Мікалая Рыжанкова, Яўгена Санько, Сяргея Селіханава, Канстанціна Селіханава, Уладзіміра Слінчанкі, Уладзіміра Цяніцкага, Уладзіміра Церабуна, Аляксандра Шатэрніка, Валяр’яна Янушкевіча і іншых. 

СКАРБНІЦА НАЙЛЕПШАГА 

Мастацкі фонд СССР быў створаны паводле рашэння Савета Народных Камісараў СССР 4 лютага 1940 года, а праз чатыры гады, адразу пасля вызвалення Беларусі, з’явілася яго даччыная арганізацыя. Акрамя ўласна прапаганды мастацтва, фонд ладзіў выставы, конкурсы, арганізоўваў заказы на стварэнне твораў жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вёў працу з народнымі майстрамі, якія не ўваходзілі ў склад саюза. 

Фонд як аснова Саюза мастакоў БССР багата зрабіў для творчага і матэрыяльнага дабрабыту мастакоў і краіны агулам, спрыяючы рэалізацыі буйных дзяржаўных і грамадскіх заказаў у галіне манументальнага жывапісу і скульптуры, мастацкага афармлення гарадоў і вёсак, інтэр’ераў і экстэр’ераў архітэктурных збудаванняў, у будаўніцтве і ўладкаванні мастацка-вытворчых камбінатаў і творчых майстэрняў. 

Андрэй Заспіцкі. Мантажнікі

Фонд, які прадстаўляла яго праўленне, валодаў статусам самастойнай юрыдычнай асобы, але падпарадкоўваўся рашэнням з’езда і праўлення Саюза мастакоў. Мастацкі фонд СССР быў ліквідаваны ў 1992-м у сувязі з распадам Савецкага Саюза і ліквідацыяй Саюза мастакоў СССР, а ўслед за ім спыніў сваё існаванне і Мастацкі фонд БССР, перадаўшы ўсе свае функцыі адзінай структурнай арганізацыі — Саюзу мастакоў БССР. 

З ДАПАМОГАЙ МОЛАДЗІ 

Куратар выставы, старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, кандыдат мастацтва- знаўства Іван Арцымовіч адзначыў, што, на жаль, менавіта скульптуры з фонду саюза да апошняга часу надзялялася мала ўвагі ў плане экспанавання, бо творы гэтага жанру са зразумелых прычын найцяжэй перамяшчаць і прэзентаваць у адкрытых прасторах на агляд публікі. Між арганізатараў выставы куратар адзначыў скульптараў Канстанціна Касцючэнку, Максіма Петруля, Аляксандра Шапо, Юрыя Пеўнева, Вольгу Нячай і Васіля Цімашова. Таксама значную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі аказалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

Мікалай Кандрацьеў. Укіданне

НА ДРУКАВАНЫХ СТАРОНКАХ 

Дарэчы, на адкрыцці выставы была прэзентаваная кніга Івана Арцімовіча “Беларуская паркавая скульптура”. У выданні прадстаўленыя мноства твораў айчыннай гарадской і паркавай скульптуры, дзясяткі імёнаў выдатных беларускіх аўтараў і інфармацыя аб падзеях, якія адбываліся ў сферы паркавай скульптуры ў апошнія дзесяцігоддзі. Кніга багата аздобленая ілюстрацыйнымі і мастацтвазнаўчымі матэрыяламі, а для зручнасці замежных чытачоў натацыі да кожнага раздзела і подпісы да фотаздымкаў прадубляваныя на англійскай мове. 

Антон Рудак 

Фота аўтара