Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр пачаў новы праект – выключна музычны. І вылучыў для гэтага фае другога паверха, што стала канцэртнай залай. А на сцэне ўсё часцей здараюцца гастрольныя паказы, у тым ліку расійскія.
Музыка апошнім часам плённа сябруе не толькі з філармоніяй, Вялікім і Музычным тэатрамі, але і з іншымі ўстановамі культуры, шукае новыя пляцоўкі. У драмтэатрах таксама становіцца ўсё больш…
І Беларускі дзяржаўны маладзёжны не выключэнне. У тым жа Купалаўскім захаваны ўласны маленькі аркестр — насамрэч камерны інструментальны ансамбль, які не толькі ўдзельнічае ў спектаклях, але і рыхтуе асобныя музычныя праграмы. На сцэне часцяком праходзяць выступленні іншых калектываў, тэатр выступае арганізатарам цыкла “Музыка ў цемры” ў памяшканні па вуліцы Валгаградскай.
Сцэна са спектакля "Сведкам абвінавачвання"
Ініцыятарам музычнага дадатку ў афішы стаў Маладзёжны тэатр. Першы такі канцэрт прайшоў у канцы мінулага года, разыначка — прыезд знанай расійскай арфісткі пад эгідай Брэсцкай абласной філармоніі. Сёлета падобныя праграмы прапісаліся ў тэатры трывала. У сярэдзіне лютага фартэпіянны дуэт Con Anima, што азначае выкананне “з душой”, прапанаваў гледачам “Бліскучыя танцы”. Нягледзячы на дзённы час, фае тэатра было перапоўнена, да 130 крэслаў дадаліся банкеткі. Атмасфера нагадвала элітны салон пазамінулага стагоддзя, дзе выступалі такія віртуозы, як Паганіні, Ліст, Шапэн. Бурліва-гулкая акустыка спалучалася з дадатковымі тэатральнымі эфектамі. У люстрах адбіваліся карціны ў стылі старадаўніх габеленаў, а жырандолі то ўспыхвалі напоўніцу, то крыху прытушвалі святло.
Паміж музыкантамі і публікай усталяваліся ў лепшым сэнсе блізкія, дамашнія адносіны. Мо яшчэ і таму, што зладжаны фартэпіянны дуэт — дружная сямейная пара, дзе і сам творчы калектыў, складзены ў 2008-м, і кожны з піяністаў паасобку — лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў. Рыхтавалася імпрэза ўсёй сям’ёй, нават разам з маленькім сынам Цімафеем. Менавіта ён распрацаваў малюнак на перніках, што былі замоўлены да канцэрта і разыгрываліся ў латарэю сярод прысутных. Пра гэты сюрпрыз паведаміла Юлія Архангельская, а вёў праграму Аляксандр Палякоў, распавядаючы шмат цікавага.
Фартэпіянны дуэт Con anima
Гучалі і прызнаныя шэдэўры, і творы, якія выконваюцца рэдка, што сталі для многіх адкрыццём. А ў музыцы Вердзі, Глінкі раптам узнікла прадчуванне аперэты, што таксама прэтэндавала на маленькую творчую знаходку выканаўцаў. Упрыгожыла канцэрт лірыка-каларатурнае сапрана лаўрэата міжнародных конкурсаў, салісткі Брэсцкай філармоніі Людмілы Карпук. Сведчаннем яе віртуознасці — уменне азарыць верхнія ноты не толькі ззяннем, але і ціхай пранікнёнасцю, зрабіць іх па- добнымі да тонкага водару кветак.
Музычная афіша тэатра мае працяг: 3 і 10 сакавіка — “Выключная імправізацыя ў сучаснай класіцы” ад піяніста і кампазітара Аляксандра Арловіча. А ў першы вясновы дзень тэатр зладзіў у СКЦ БДУКМ творчую сустрэчу з салістам мюзіклаў Валерыем Яроменкам (Расія).
На сцэне Маладзёжкі таксама вельмі…
Тут завяршыў чацвёрты тур па Беларусі пермскі тэатр “Ля Моста”. Напярэдадні тыя ж два спектаклі — “Ідыёт” паводле Дастаеўскага і булгакаўскае “Сабачае сэрца” з дадатковым паказам — з аншлагамі прайшлі ў Брэсце і Магілёве. Як заўважыў арганізатар і нязменны кіраўнік расійскага калектыву Сяргей Фядотаў, на тыя прагляды ехалі і мінчукі. А ў Маладзёжным, сцэну якога рэжысёр лічыць найбольш прыдатнай для сваіх творчых прац, прысутнічалі і гледачы з рэгіёнаў.
У абедзвюх пастаноўках уразіла сцэнаграфія, вырашаная бы своеасаблівая “цяпліца”. Кампактная сцэнічная прастора ўтрымлівала тры лакацыі. У глыбі — зашклёны адрэзак, што і выклікае падобныя параўнанні. Праз гэта пачатак “Ідыёта” ўспрымаўся сапраўдным рухам цягніка з адчыненым акенцам, у якім размаўляюць героі. Але ж сам спектакль падаўся куды больш просталінейным, чым раман. Нават мадуляваў у фінале ў бок “мыльнай” меладрамы. Міжволі згадалася наша Вераніка Пляшкевіч, якая сваю Настассю Піліпаўну ў тэатры імя М. Горкага малюе куды больш складанай, неадназначнай, высока трагічнай фігурай.
Сцэна са спектакля "Сабачае сэрца" пермскага тэатра "Ля Моста"
Тры розныя лакацыі ўтрымлівала і “Сабачае сэрца”. Толькі змешчаны яны былі не па крузе, а як тры планы. Блізкі — вуліца з уваходнымі дзвярыма. Сярэдні — па дыяганалі сцэны, спачатку схаваны за завесай, — частка прафесарскай кватэры. Дальні — зашклёная аперацыйная, дзе і адбываецца ператварэнне бяздомнага Шарыка ў грамадзяніна Шарыкава, а потым зноў у сабаку. Некаторыя артысты былі задзейнічаны адразу ва ўсіх гастрольных спектаклях, з энтузіязмам працуючы “вечар-дзень-вечар”.
Сяброўства Фядотава з нашым Маладзёжным працягваецца: 27—28 сакавіка рэжысёр выпусціць тут сваю чарговую беларускую прэм’еру — “Каханне і галубы”. Раней ён ставіў “Махляроў” у РТБД і “Жаніцьбу” ў Магілёўскім абласным драмтэатры, прызнаную найлепшым спектаклем Міжнароднага фестывалю “М@rt.кантакт” у 2024-м.
Дарэчы, гэта не адзіныя гастролі ў Маладзёжным. Крыху раней сюды прыязджаў яго “цёзка” — Гомельскі гарадскі маладзёжны са “Сведкам абвінавачвання” ў пастаноўцы вядучай артысткі і рэжысёра Валерыі Лагута, якая ў той час рыхтавала “Малыша і Карлсана” ў Кіраве. Але і ў яе адсутнасць акцёры выдатна прыстасаваліся да новай сцэны, беражліва данеслі складаныя характары, нечаканасць сюжэтных паваротаў. Прысяжнымі выступаюць самі гледачы, іх тайнае галасаванне вырашае адзін з двух варыянтаў нечаканай развязкі. Так што публіка заў- жды мае рацыю!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Глеба МЯРЗЛІКІНА і з архіва тэатра