Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, доктар мастацтвазнаўства Кацярына Дулава ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Пра здабыткі, клопаты і бліжэйшыя планы — у расповедзе кіраўніка праслаўленага калектыву.
— Удзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”, — расказвае Кацярына Мікалаеўна, — прынёс тэатру новы досвед: уражанні, эмоцыі, натхненне, што так неабходна творчым людзям. Спачатку хваляваліся: як упісацца ў тую ж заводскую прастору? Ці зразумее нас непадрыхтаваная публіка? Але ўдалося. І правядзенне майстар-класаў па спевах, харэаграфіі, калі нашы вядучыя артысты займаліся з пачаткоўцамі, было карысным для абодвух бакоў. Гэта і рэклама, і прафарыентацыя, і адукацыя. І вялікі патрыятычны складнік, бо нам ёсць чым ганарыцца! Упершыню за межамі тэатра пабывала наша музейная экспазіцыя — афішы, касцюмы. Асабіста я праводзіла так званую “нянудную нялекцыю” ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы — не музычным, а сферы абслугоўвання. Для многіх было адкрыццём, што яны могуць патрапіць да нас працаваць, бо тэатру патрабуюцца тыя ж грымёры, пасціжоры. А колькі канцэртаў далі маладыя зоркі!
— Мы імкнёмся ўлічваць запы- ты розных сацыяльных слаёў. З аднаго боку, гэта серыя дабрачынных спектакляў і вечароў. Больш за сто шматдзетных сем’яў паглядзелі “Гісторыю Кая і Герды” ў рамках Ёлкі Мітрапаліта. На “Патэтычны дзённік памяці”, прысвечаны Вялікай Айчыннай, квіткі каштуюць у сярэднім 25 рублёў. Нядзіва, што тыя ж БДУ, МУС выкупілі ўсе месцы на два красавіцкія спектаклі. З іншага боку, думаем пра віп-паслугі, бо ёсць попыт. Частка публікі хоча, каб іх і прыпаркавалі, і ў залу правялі. Хтосьці замаўляе ложу на юбілей. Адзін з банкаў увогуле хоча мець уласную ложу на ўвесь год ці сезон — гэта ўсё тыя формы стасункаў з гледачамі, што здаўна практыкуюцца ў свеце.
— Пры ўмяшчальнасці залы 1088 месцаў сярэдняя наведвальнасць летась склала 86%. За цяперашнія студзень і люты — ужо 95%. Праведзеных за год мерапрыемстваў — 357 пры плане 350. Коль- касць гледачоў — 245 тысяч замест запланаваных 224. Гастрольных выступленняў — 41, з іх 26 па Беларусі. Доля пазабюджэтных прыбыткаў склала 45% пры неабходных 40%. Так што сёлета, калі для ўсіх тэатраў уведзена схема “50 на 50”, мы дабяром яшчэ пяць неабходных адсоткаў. Павысілі кошт квіткоў, зрабілі больш шчыльным гастрольны графік, прыдумляем новыя праекты, ладзім выступленні ў санаторыях, прафілакторыях. Унутры тэатра фарміруюцца невялікія творчыя калектывы, якія вядуць канцэртную дзейнасць. Не скідваем з рахунку і супрацоўніцтва з Міністэрствам спорту і турызму. Але эксперыментальную оперу пакуль не можам сабе дазволіць, бо не збярэ касу.
— Тэатр беражэ памяць пра гістарычнае мінулае Беларусі, пра нашых калег, каго ўжо няма з намі. Паказ “Севільскага цырульніка” 11 сакавіка будзе прымеркаваны да стагоддзя з дня народзінаў легендарнай Тамары Ніжнікавай: партыя Разіны была адной з яе ўлюбёных.
Трымаем лепшых у арэоле ўвагі і славы і ў час росквіту іх кар’еры. Люты прайшоў пад знакам балета: адбыліся тры выпускі новага праекта “Жыццё ў прафесіі”, гераінямі сталі вядучыя балерыны Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Марына Вежнавец. Галоўны харэограф Ігар Колб плануе і мужчынскі працяг.
Сцэна з балета "Ілюзіі кахання". Дзяўчына — Марына Вежнавец
Мастацкае адлюстраванне ваеннага мінулага — “Патэтычны дзённік памяці”. Даўно думаем аб оперы пра Еўфрасінню Полацкую. Духавенства параіла не персаніфікаваць фігуру святой, таму аб’явім конкурс на стварэнне лібрэта пра Полаччыну як выток беларускай дзяржаўнасці, каб атрымалася штосьці эпічнае — накшталт “Падання пра нябачны горад Кіцеж...”. Наперадзе і ўвасабленне ідэі балета пра Марка Шагала, гэта яшчэ адна брэндавая тэма культуры Беларусі. Як бачыце, мінулае і будучыня непасрэдна звязаны між сабой — менавіта праз памяць.
— Фестывальна-гастрольная палітра сезона — 11-е “Балетнае лета” 2—9 чэрвеня, дзе чакаецца Прыморская трупа Марыінскага тэатра; юбілейныя 15-я “Вечары ў замку Радзівілаў” 20—22 чэрвеня ў Нясві- жы; чарговыя гастролі Тэатра балета Барыса Эйфмана 17—23 ліпеня з “Чырвонай Жызэллю”, “Злачынствам і пакараннем”.
“Патэтычны дзённік” павязём у Маскву 2 красавіка. Думаю, для многіх расіян стане адкрыццём і жорсткая акупацыя Беларусі, і страшны генацыд нашага народа. А 1 мая пакажам гэты спектакль на адкрытым паветры, у натуральных “дэкарацыях” Брэсцкай крэпасці, дзе збярэцца ад 5 да 10 тысяч гледачоў. Нашага “Князя Ігара” пабачаць у Марыйскім тэатры 5 мая, 7-га — на сцэне “Волга Оперы”. Балетная трупа з “Жызэллю”, прычым на адкрытым паветры, возьме ўдзел у ІХ Міжнародным фестывалі “Херсанес”. Пашыраная ў параўнанні з леташнім складам маладзёжная каманда выступіць у Нікарагуа. А 15 красавіка ў Маскве адбудзецца ўрачыстае ўручэнне прэміі “Брава!” нашым “Ілюзіям кахання”.
Бліжэйшая прэм’ера — вечар аднаактовых балетаў “Скокі” 11—13 красавіка. Далейшая 15 і 17 чэрвеня — опера “Арлеанская дзева”, якая ніколі ў нас не ішла. У лістападзе італьянскі рэжысёр Джанкарла дэль Монака пачне рэпетаваць “Набука”.
Наперадзе шмат працы, ды і зроблена нямала. А галоўнае — за тры з невялікім гады на пасадзе гендырэктара я правяла нейкія структурныя пераўтварэнні (найперш у галіне рэкламы і менеджменту, тэхнічнага абсталявання), працягнула кантроль за развіццём творчых труп, што і прывяло да цяперашніх вынікаў.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра