Між даўніной і сучаснасцю

Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей — адзін з самых маладых у Беларусі: адкрыты ў жніўні 2015 года. Але за час свайго існавання калектыў здолеў правесці плённую працу па камплектаванні больш за 20 музейных калекцый, зборы і навуковай апрацоўцы амаль 2,4 тысячы прадметаў асноўнага фонду. Штогод установа абслугоўвае больш за 7000 наведвальнікаў. Толькі летась тут пабывала 65 экскурсійных груп з розных куткоў краіны.

— Наш музей ствараўся з чыстага аркуша: падобнай установы ў Слаўгарадскім раёне не існавала, — расказвае дырэктар Святлана Мельянцова. — Сёння ў нас адкрыты для наведвання чатыры пастаянныя экспазіцыі, функцыянуе выставачная зала, у якой штогод прадстаўлена больш за 30 часовых экспазіцый. 

Калектыў музея

ПРАЗ СТАГОДДЗІ 

У зале “Археалогія і прырода” сабрана багатая калекцыя знаходак, зробленых пры раскопках археалагічных помнікаў Слаўгарадчыны, якія даюць уяўленне аб найстаражытнейшай мінуўшчыне краю. Тут у храналагічным парадку прадстаўлены рэчавыя комплексы розных эпох — ад палеаліту да Сярэднявечча. 

— Асноўныя прынцыпы, якія мы выкарыстоўвалі пры стварэнні экспазіцыі, — гістарычная дакладнасць, навуковы падыход і значнасць матэрыялаў, — тлумачыць Святлана Іванаўна. 

Акрамя найболей характэрных прадметаў розных часоў і культур, можна ўбачыць дыяраму прыроды, макет-рэканструкцыю гарадзішча, графічныя работы. Унікальныя экспанаты — зуб маманта, які быў знойдзены ў 1985-м у даламітавых кар’ерах Слаўгарадскага раёна, і прасліца для верацяна IX-XIII стагоддзяў, якую знайшлі ў горадзе ў 2013-м. 

Святлана Мельянцова

— Зала “Этнаграфія” дазваляе паказаць пераемнасць у гісторыі і культуры мясцовых жыхароў, — кажа дырэктар. — У аснове экспазіцыі — працоўнае жыццё сялян розных стагоддзяў, паўсядзённыя “жаночыя” і “мужчынскія” працы. Асобна распавядаецца аб асаблівасцях традыцыйных строяў Слаўгарадскага раёна. У цэнтры залы знаходзіцца незвычайны элемент — лавачкі-бярвенне, якія мы выкарыстоўваем падчас правядзення музейна-педагагічных заняткаў, а наведвальнікі ахвотна размяшчаюцца на іх для адпачынку і фатаграфавання. 

У наступным пакоі расказваецца аб станаўленні савецкай улады ў Прапойскай воласці Быхаўскага павета, якім быў край у 1920—1930-я, пра яго гісторыю ў ліхалецце. У 2021-м экспазіцыю дапоўнілі раздзелам “Генацыд беларускага народа на тэрыторыі Прапойскага раёна, акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. 

Зуб маманта

— Экскурсантаў уражвае дыярама, прысвечаная вызваленню раёна, серыі мастацкіх работ, дакументы. Напрыклад, пропуск, напісаны ад рукі кіраўніком Прапойскай падпольнай арганізацыі Сцяпанам Саўчанкам, вядомы ў адзіным экзэмпляры, — адзначае Святлана Мельянцова. — Дарослыя і дзеці заўсёды затрымліваюцца каля інсталяцыі, якая імітуе выбух. На ёй — фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Падоўгу ўглядаюцца ў твары герояў, учытваюцца ў імёны і прозвішчы людзей, якія коштам неверагодных намаганняў і нават уласнага жыцця адваявалі ў ворага родную зямлю — для іх, сённяшніх пакаленняў. Нашчадкі памятаюць, нашчадкі дзякуюць! 

НАГОДА ДЛЯ ГОНАРУ 

Самая новая музейная экспазіцыя — “Раён у складзе БССР. 1960— 1991 гг. Развіццё раёна на сучасным этапе”. Цэнтральная частка адведзена пад гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Асобны комплекс прысвечаны землякам — воінам-інтэрнацыяналістам. У экспазіцыю таксама ўвайшлі раздзелы “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь” і “Рабочыя паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Слаўгарадскі раён”. 

Госць музея — Аляксей Талай. 5 лютага 2022 г.

— Тут можна ўбачыць фатаграфіі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання нашага краю, а іх было чатыры, чым мясцовыя вельмі ганарацца, — працягвае экскурсію Святлана Іванаўна. — А вось копіі асаблівых дакументаў, якія падалі калегі з Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці: заява кандыдата ў Прэзідэнты А.Р. Лукашэнкі, першая перадвыбарная праграма “Адвесці народ ад прорвы”, першае пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фарміраванне гэтай экспазіцыі мы пачалі ў знак падтрымкі нашага Прэзідэнта і абароны дзяржаўных сімвалаў у сувязі з падзеямі жніўня 2020 года, якія паказалі, наколькі важна не забываць урокі гісторыі і шанаваць тое, што здабыта намаганнямі і крывёю нашых родных і блізкіх, — мір, свабода, права нацыі на самавызначэнне. 

ПЛЯЦОЎКА СУПРАЦОЎНІЦТВА 

— Наш музей з’яўляецца навукова-даследчай і асветніцкай установай, выконвае ролю навуковага, культурна-асветніцкага і метадычнага цэнтра музейнай справы. З першага дня існавання ён стаў пляцоўкай супрацоўніцтва з мясцовай уладай, жыхарамі Слаўгарадчыны, землякамі з далёкага і блізкага замежжа. Мы ладзім сумесныя мерапрыемствы з пошукавай групай “Спадчына”, раённымі грамадскімі арганізацыямі, установамі культуры і адукацыі, прадпрыемствам, мясцовай прэсай. Аказваем метадычную дапамогу ў стварэнні выставак, музейных куткоў і пакояў. І наперадзе ў нас шмат планаў. 

Урок у музеі “Сакрэты бабулінага куфра”

Няма сумневу, што ўсе задумы будуць паспяхова ажыццёўлены, бо тут працуюць адмыслоўцы, адданыя справе і роднай зямлі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва музея