Больш за 309 тысяч чалавек наведалі летась Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, з іх амаль 200 тысяч — Стары замак. Супрацоўнікі музея правялі каля 4,5 тысячы экскурсій, на якіх пабывалі 52 тысячы чалавек. Лічбы сведчаць аб высокай папулярнасці аб’екта сярод нашых суайчыннікаў і шматлікіх турыстаў з-за мяжы.
Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею 12 сакавіка спаўняецца 105 гадоў. Сёння ў яго склад уваходзяць чатыры філіялы: Стары і Новы замкі, музеі гісторыі Гарадніцы і Максіма Багдановіча. Пра станаўленне, асаблівасці, стан і перспектывы адной з найбуйнейшых беларускіх скарбніц распавёў дырэктар музея Юрый Кітурка.
Палац Старога замка — помнік архітэктуры Адраджэння — быў узведзены ў 1580-я для караля Стэфана Баторыя на рэштках старажытнага Верхняга замка. Падчас руска-польскай вайны ў сярэдзіне XVII стагоддзя быў значна пашкоджаны. Пасля перабудовы працягваў выконваць ролю каралеўскай рэзідэнцыі, стаў месцам правядзення генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай. Вялікія страты палацу нанеслі Паўночная вайна і пажар 1735 года, ды ён зноў аднаўляецца, але спрашчаецца архітэктура. У XIX і XX стагоддзях з фасадаў канчаткова знікае дэкор, надбудоўваецца дадатковы аб’ём над былой сталовай залай.
Стары замак сёння
На працягу больш чым 120 гадоў Стары замак належаў ваеннаму ведамству, у 1924-м быў перададзены музею, а ў 1967-м аб’яўлены гісторыка-археалагічным запаведнікам “Замкавая гара”.
Гэта месца шмат дзесяцігоддзяў уяўляла цікавасць для археолагаў, іх даследаванні не спыняюцца і цяпер. Сенсацыйныя адкрыцці былі зроблены ў 1932-м — раскрыты старажытныя руіны мураваных пабудоў княжацкага церама ХІІ ст., а ў 1933-м — падмуркі Верхняй царквы, руіны Ніжняй царквы і драўляныя пабудовы XII—XIV стст. У 1949-м нямала адкрыццяў зрабіла археалагічная экспедыцыя гісторыка і археолага Мікалая Вароніна. Вялікія даследаванні на тэрыторыі Старога замка праводзіліся таксама ў 1986— 1990-х. Наступныя, буйныя, пачаліся ў 2014-м і працягваліся да 2023-га.
У мінулым стагоддзі былі неаднаразовыя спробы адрэстаўраваць Стары замак. Але рэальна справа ссунулася з мёртвай кропкі толькі з пачаткам рэканструкцыі ў верасні 2017-га, якая прадугледжвае тры чаргі. Фінансаванне работ ажыццяўляецца ў рамках абласной інвестыцыйнай праграмы і ў большай ступені за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Ужо адноўленыя замкавая капліца і купал уязной вежы, сярэдняя вежа, галерэя, так званая мерная хата, узведзены будынак пры сярэдняй вежы. Урачыстае адкрыццё экспазіцыі Старога замка пасля завяршэння першай чаргі рэканструкцыі адбылося 5 лістапада 2021 года. У адноўленых памяшканнях была створана экспазіцыя, якая распавядае пра асноўныя этапы забудовы Замкавай гары, пачынаючы з дзядзінца XI— XII стст. і гатычнага замка вялікага князя Вітаўта. Прадстаўлены прылады працы і прадметы штодзённага жыцця, будаўнічыя матэрыялы, зброя, вайсковы рыштунак і шмат іншых цікавых рэчаў.
Цяпер ідзе праектаванне экспазіцыі палаца ў межах другой чаргі рэстаўрацыі. У ім створаць інтэр’ерныя пакоі: спальню і кабінет караля, залы гісторыі палаца, каралеўскага палявання і іншыя. Прадугледжваецца выкарыстанне інтэрактыўнага і мультымедыйнага абсталявання, напісанне навуковых артыкулаў па выніках даследаванняў гісторыі замка і апрацоўцы новых археалагічных артэфактаў, распрацоўка тэматычных экскурсій і музейных заняткаў.
Пасля завяршэння другой чаргі рэканструкцыі Старога замка чакаецца перанос сюды фондаў з Новага замка. Адпаведнае памяшканне размесціцца ў мансардным паверсе, над усім палацам.
Узвядзенне новага палацавага комплексу, які павінен быў стаць каралеўскай рэзідэнцыяй і месцам правядзення генеральных соймаў Рэчы Паспалітай, задумаў яшчэ кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст ІІ. Але стварылі яго пазней, у 1742-м, пры Жыгімонце Аўгусце ІІІ. Праект распрацаваў архітэктар з Дрэздэна Карл Фрыдрых Пёпельман. Атрымаўся велічны будынак у стылі ракако з галоўным корпусам у выглядзе літары “П”, бела-ружовымі фасадамі і дахоўкай насычанага цагельнага колеру.
У правым крыле палаца знаходзіліся каралеўскія апартаменты, а ў левым — памяшканні для прыдворных, слуг, варты. Першая прыёмная караля, Сенатарская і Пасольская залы былі багата аздоблены ляпнымі картушамі, фрэскавай імітацыяй архітэктурных дэталяў. Парадны двор замыкалі аднапавярховыя будынкі — кардэгардыя і пякарня. Паміж імі захаваліся да нашых дзён у першапачатковым выглядзе агароджа са слупамі, увенчанымі шлемамі, і ўязная брама, пілоны якой завяршаюць скульптуры сфінксаў.
Новы палац пэўны час належаў ваеннаму ведамству Расійскай імперыі. У ходзе баёў за Гродна ў 1944-м будынак быў моцна пашкоджаны. Яго аднавілі, але ўжо ў класічным стылі, і прыстасавалі пад Гродзенскі абласны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі. У 1991-м палац перадалі ўстановам культуры, а яго галоўны корпус і левае крыло — музею. Памяшканні рэканструявалі ў анфілады экспазіцыйных залаў, частку адвялі пад фондасховішчы. Цяпер у Новым замку працуюць пастаянныя экспазіцыі і часовыя выстаўкі.
У найбліжэйшых планах — асваенне двух новых будынкаў, якія былі перададзены музею, — часткі палацавага комплексу Новага замка, дзе знаходзіўся былы архіў грамадскіх арганізацый. Такім чынам неўзабаве Новы замак амаль поўнасцю стане музеем.
Калі вы збіраецеся пазнаёміцца са славутасцямі Гродна, пачаць агляд лепей з вуліцы Элізы Ажэшкі, якая ідзе амаль ад чыгуначнага вакзала. Тут шмат цікавінак, адна з якіх — Дом майстра, або Басняцкі домік (“баснякі” — вайсковая варта Гродзенскай каралеўскай эканоміі), прыклад першай на тэрыторыі Беларусі тыповай жылой забудовы. Праект рэстаўрацыі быў рэалізаваны ў 1990-м.
Цяпер у ім размяшчаецца Музей гісторыі Гарадніцы, філіял Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Тут падрабязна раскажуць, і як будаваўся гістарычны раён горада, і пра значныя вынікі рэфарматарскай дзейнасці гродзенскага старосты графа Антонія Тызенгаўза. Напрыклад, менавіта ён у другой палове XVIII стагоддзя вырашыў стварыць у прадмесці Гродна — вёсцы Гарадніца (сучасная плошча Леніна і вуліца Ажэшкі) — культурна-прамысловы цэнтр на 1500 жыхароў. Таксама распавядуць, якую ролю ў жыцці гарадзенцаў адыграў французскі прафесар анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі Жан Эмануэль Жылібер, у гонар якога названы вялізны парк.
У другой зале музея дэманструецца быт рамесніка XVIII стагоддзяў, прадстаўлены інструменты, старажытныя керамічныя вырабы мясцовай вытворчасці, медны посуд. А ў трэцім пакоі размясціліся творы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтва, разьба, вышыўка, кавальства і іншае.
Асноўная экспазіцыя Гродзенскага музея Максіма Багдановіча і аддзел “Гродзеншчына літаратурная” размешчаны ў пабудове 1888-га: драў¬ляны дом з’яўляецца помнікам гісторыі мяс- цовага значэння і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Першая экспазіцыя “Максім Багдановіч, класік беларускай літаратуры, і яго эпоха” адкрылася 16 мая 1986 года.
Цяпер у музеі можна пабачыць матэрыялы, якія распавядаюць аб жыцці і творчасці выдатнага беларускага паэта, даведацца аб літаратурна-грамадскім руху на Беларусі ў канцы XІХ — пачатку ХХ стст., пазнаёміцца з творчай спадчынай таленавітых паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны. Увазе наведвальнікаў — чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, гасцёўня, жаночы і дзіцячы пакоі, дзе прадстаўлены асабістыя рэчы паэта і членаў яго сям’і, прадметы гарадскога побыту і інтэр’еру канца XІХ — пачатку ХХ стст.
У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца амаль 200 тысяч прадметаў асноўнага фонду і больш за 30 тысяч адзінак навукова-дапаможнага, якія падзеленыя на калекцыі. Самая вялікая — археалагічная, што ўключае, апроч іншага, рэшткі першабытных жывёл: чэрап шарсцістага насарога і зуб пячорнага мядзведзя, фрагменты костак, біўня і зубы мамантаў.
Калекцыя рэдкіх кніг і старадрукаў — адна з самых багатых у Беларусі. Самы ранні з экзэмпляраў, які захоўваецца ў музеі, пабачыў свет у 1493-м. Кнігі, выдадзеныя ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года, называюцца інкунабулы. І ў свеце іх зусім мала. А ў Гродзенскім музеі — тры! Таксама тут можна пабачыць асобнікі з бібліятэкі былога гродзенскага кляштара дамініканцаў, 10-тысячны кнігазбор (выданні XV — пачатку XX ст.) з маёнтка Свіслач графа Вандаліна Пуслоўскага. З сучасных рэдкіх выданняў асаблівую цікавасць выклікае паэма Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра” 2009 года, выкананая ў найлепшых традыцыях старажытных майстроў на паперы ручнога адліву.
Сярод перлін музея — копіі кароны, скіпетра і дзяржавы польскага караля, вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Прыцягваюць увагу грошы паўстанцкага ўрада Тадэвуша Касцюшкі і талеры Варшаўскага княства. Цікавасць уяўляюць бронзавая булава 1841—1860-х, княжацкая пячатка Уладзіміра Манамаха, бронзавая гармата часоў Паўночнай вайны, якую рускія ўтапілі ў Нёмане, а таксама слуцкі пояс даўжынёй чатыры метры. Актыўна выкарыстоўваюцца пры перабудове экспазіцый і на выставах дакументы, паштоўкі, прыборы і механізмы.
Музейная калекцыя “Жывапіс” уключае заходнееўрапейскія творы XVIII — пачатку ХХ ст., рускі жывапіс ХІХ — пачатку ХХ ст., беларускі жывапіс 1940—1980-х, творы сучасных айчынных аўтараў. Некаторыя з іх уваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Музей гісторыі Гарадніцы
Калекцыі пастаянна папаўняюцца артэфактамі дзякуючы раскопкам, якія вядуцца на тэрыторыі Старога замка, этнаграфічным і прыродазнаўчым экспедыцыям. Асобныя рэчы музей набывае за бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі, атрымлівае ў якасці падарункаў і перадач з розных устаноў. Сярод апошніх знаходак — шахматныя фігуры часоў Сярэднявечча і кавалачак шахматнай дошкі ХIV стагоддзя, абсалютны археалагічны унікум.
У музеі ведаюць, чым здзівіць наведвальнікаў! Акрамя цікавых экскурсій прапануюць шматлікія выставы, паказы батлейкі і квэсты, канцэрты і музейныя заняткі, тэматычныя творчыя вечарыны і музычныя фестывалі. Папулярнасцю карыстаюцца майстар-класы. Так, у адным з памяшканняў Старога замка, які абсталяваны пад друкарню, можна даведацца, як у даўнія часы стваралі гравюры, і паспрабаваць зрабіць іх самому. Заўсёды шмат жадаючых паўдзельнічаць у традыцыйных мерапрыемствах праекту “Адзін дзень з жыцця горада” з атмасферай розных стагоддзяў.
А хто вытрымае перад прапановай спаткацца з каханым чалавекам у старадаўніх інтэр’ерах замка, пры рамантычнай музыцы і ззянні свечак, калі ўсё гэтае хараство — толькі для дваіх? Ці паўдзельнічаць у сапраўдным балі? Менавіта такі — першы зімовы — адбыўся летась у снежні і сабраў аматараў вытанчаных танцаў і палацавай рамантыкі з розных куткоў Беларусі.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва музея