Гісторыя гэтага сімвала краіны пачалася 23 гады таму. Хаця аб неабходнасці новага будынка для галоўнай бібліятэкі Беларусі спецыялісты пачалі весці гаворку яшчэ на пачатку 1980-х. Але далей за размовы і праекты тады справа не пайшла.
Наступнае дзесяцігоддзе Ленінка правяла ў раскіданым па розных будынках выглядзе. Яе знакаміты галоўны корпус, які ўпрыгожваў першыя 10-рублёвыя банкноты суверэннай Беларусі, даўно не ўмяшчаў усе структурныя падраздзяленні ўстановы. І многіх гэта задавальняла. Але не Аляксандра Лукашэнку: 7 сакавіка 2002 года Прэзідэнт падпісаў Указ №153 “Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»”.
І ўжо 1 лістапада таго ж года Кіраўнік дзяржавы асабіста прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай пачатку ўзвядзення самага вядомага цяпер за межамі краіны будынка Мінска. У прысутнасці Прэзідэнта быў выкапаны першы коўш зямлі на месцы будучага падмурка.
Ініцыятыву Кіраўніка дзяржавы падтрымала ўся краіна. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, будаўніцтва новай духоўнай скарбніцы беларусаў стала сапраўды агульнанароднай справай, яшчэ адным крокам да кансалідацыі нацыі, бо гэтая ідэя знайшла падтрымку практычна ва ўсіх пластах грамадства. Сур’ёзныя патрабаванні ён прад’явіў да якасці будаўнічых работ і абсталявання галоўнага кніжнага сховішча краіны, каб стварыць умовы для развіцця бібліятэкі на многія дзесяцігоддзі.
Унікальны 25-павярховы “алмаз” узвялі па праекце Міхаіла Вінаградава і Віктара Крамарэнкі ў рэкордныя тэрміны. У будаўніцтве ўдзельнічала каля 5 тысяч спецыялістаў, многія тэхналогіі і матэрыялы былі выкарыстаныя ўпершыню.
Цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбылася 16 чэрвеня 2006 года. Аляксандр Лукашэнка стаў першым наведвальнікам бібліятэкі і атрымаў чытацкі білет №1. Замоўленую ім па электронным каталогу кнігу даставілі на тэлеліфце ўсяго за 10 хвілін.
— Прымаючы рашэнне аб гэтай будоўлі, мы марылі ўзвесці будынак, які стане нацыянальным сімвалам нашай маладой незалежнай краіны, нашай візітнай карткай, увасабленнем самых важных рыс характару беларускага народа, — сказаў тады Кіраўнік дзяржавы. — Народа, які ўвайшоў у гісторыю не як агрэсар, захопнік і разбуральнік, а як працаўнік і стваральнік, які даў свету цэлую плеяду духоўных падзвіжнікаў, мысляроў, навукоўцаў і асветнікаў.
Прэзідэнт адзначыў, што сродкі для будоўлі вылучаліся з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў усіх абласцей і горада Мінска. Сюды накіроўваліся грошы, заробленыя на суботніках. Кіраўнік дзяржавы сам двойчы працаваў на будаўніцтве бібліятэкі на суботніках. Многія жыхары Беларусі ахвяравалі на добрую справу.
Будаўніцтва новай Нацыянальнай бібліятэкі паслужыла штуршком для развіцця многіх галін беларускай прамысловасці і мастацтва. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, краіна атрымала шматфункцыянальны інфармацыйны грамадска-палітычны і культурны цэнтр, прыдатны як месца правядзення міжнародных сустрэч на самым высокім узроўні.
Яго словы потым неаднаразова пацвердзіліся. Практычна адразу “алмаз ведаў” зрабіўся новым сімвалам беларускай сталіцы. Яго малююць на сувенірах, уключаюць у розныя сусветныя рэйтынгі. Аглядная пляцоўка на даху карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў, якія могуць убачыць горад з вышыні птушынага палёту. А рознафарматныя міжнародныя сустрэчы высокага ўзроўню даўно сталі тут традыцыйнымі.