Хоць імя Марыі Чарноўскай і яе знакамітая публікацыя былі вядомыя ў ХІХ—ХХ стагоддзях далёка за межамі краіны, сёння гэту літаратарку і фалькларыстку мала хто прыгадвае нават на радзіме. Выпраўляючы недахоп, працягваем наш “серыял”.
У першай частцы мы прывялі ўмоўную біяграфію Марыі Чарноўскай — паводле Генадзя Кісялёва, маўляў, жыла ў Вільні ў ХІХ стагоддзі, пабывала ў Губеншчыне (Чэрыкаўскі раён), напісала ў 1817 годзе артыкул. Такая думка прыйшла да даследчыка праз тое, што ў сваёй публікацыі аўтарка параўноўвала Віленшчыну з прылеглымі паветамі і Белую Русь (ваколіцы Чэрыкава).
Тут варта прыгадаць, што ў ХІХ стагоддзі мелася на ўвазе, калі казалі “Белая Русь”. Беларуская губерня Расійскай імперыі з’явілася на мапе неўзабаве пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (праведзены ў 1772-м, зацверджаны на сойме ў 1773—1775-м). У межах губерні былі аб’яднаны частка Полаччыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Пазней імператар Аляксандр І падзяліў Беларускую губерню на Віцебскую і Магілёўскую, але назва Белая Русь замацавалася за тым рэгіёнам. Вёска Губеншчына (Губіншчына, Чэрыкаўскі раён), у якой у 1816 і 1817 гадах Чарноўская праводзіла палявыя назіранні, знаходзілася ў Магілёўскай.
Вільня, Антокаль, касцёл Св. Пятра і Паўла. Юзаф Пешка, 1808
Яшчэ ў папярэдняй публікацыі мы распавялі пра ўвагу, якую надавалі Чарноўскай аўтары розных краін у шматлікіх публікацыях ХІХ—ХХІ ст. Падзяліліся мы і важнай знаходкай — метрыкай скону, без якой і гэтага “серыяла” не было б.
Сёння пазнаёмімся з продкамі Марыі. Чарноўскіх, у адрозненне ад Чарняўскіх або Чарноцкіх, у Вялікім Княстве Літоўскім не было шмат. Храналагічна першая згадка прозвішча, знойдзеная на сёння, датуецца 3 лістапада 1594 года. Падчас Наваградскай кадэцыі Галоўнага трыбунала літоўскага ў судзе разглядалася справа датычная зямянаў Берасцейскага ваяводства Валентыя Чарноўскага, яго жонкі Ганны Пятроўны Брашкоўскай і іх шматлікіх сваякоў.
Далей ад самага захаду краіны мы пераносімся на самы ўсход. У 1650-м у падымным перапісе Смаленскага ваяводства ВКЛ фігуруе Матэвуш Чарноўскі, які меў маёнтак Лявонцьева (з вёскамі) у стане Яленскім (сёння вёска Леанідава каля Ельні ў Смаленскай вобласці), а таксама пляц у Смаленску. У 1654-м гэтыя землі былі страчаны, і Чарноўскія перабіраюцца на захад. У 1690-м мы іх бачым каля Відзаў, дзе нейкі незаможны шляхціц Чарноўскі валодаў Малюшамі. Знайшлася і згадка, што павязвае Чарноўскіх з родам Грушвіцкіх, што жылі блізу Ракава ў Выганічах. Вядома, што Міхал Грушвіцкі, наш выбітны кампазітар (“К” №46 і 49, 2021), меў сына Караля Бернарда, жонкай якога стала Эмілія Стэфанія Чарноўская.
А цяпер зазірнём у Нацыянальны гістарычны архіў, дзе захоўваецца дваранская справа роду Чарноўскіх. Складаецца яна з дакументаў 1825—1868 гадоў — усяго 50 аркушаў. І тычыцца галіны, што жыла ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Але маюцца і згадкі пра віленскую галіну, з якой паходзіла наша гераіня.
Як і кожны шляхецкі род, карані свае Чарноўскія бачылі ў сівой даўніне. Пачынальніка звалі Бальтазар, яго жонку — Алена Астроўская, якія нібыта жылі ў Галіцыі ў сярэдзіне XVII стагоддзя (1654 г.). Сын Бальтазара Станіслаў (другі сын Ян памёр бяздзетным) нарадзіў Міхала (1699), які называецца ў справе падчашым лятычэўскім. Але сярод падчашых і іншых ураднікаў Падольскага ваяводства Чарноўскіх не было, што прымушае насцеражыцца. Міхал нібы набывае ў ліпені 1730 года ад кашталяна віцебскага Юрыя Тышкевіча маёнтак Беразытна. Праўда, Тышкевіч кашталянам стаў толькі ў кастрычніку, што зноў падрывае давер да звестак. А вось інфармацыя з дакументаў Крычаўскай магдэбургіі, Мсцілаўскага і Аршанскага гродскіх судоў, можа аказацца праўдзівай, бо датычацца не настолькі даўніх часоў (1740—1790-х). Жонка Міхала Тарэза Свяціцкая паходзіла са старога роду з Мінскага ваяводства.
Герб Граблі
Дарэчы, у Мінску, насупраць Нацыянальнага мастацкага музея, і па сёння стаіць былы даходны дом Свяціцкіх, дзе арандавала кут архітэктурнае бюро слыннага Генрыка Гая, а таксама быў першы таксаматорны парк, якім кіраваў гаспадар дома Зыгмунт Свяціцкі.
Міхал нарадзіў трох сыноў — Юзафа, Габрыэля і Андрэя. Апошні памёр першым, таму старэйшыя браты падзялілі спадчыну па бацьку і разышліся ў розныя бакі краіны. Габрыэль у 1770-м атрымлівае патэнт на чын ротмістра мсціслаўскага, а ў 1789-м набывае ў Аршанскім павеце маёнтак Карытніцу ў Тадэвуша Карказовіча, старасты кляўскага. Мы яшчэ вернемся да гісторыі гэтай “аршанска-ігуменскай галіны”. А пакуль увагу скіруем на сям’ю Марыі, якая паходзіла з віленскай галіны.
У справе Чарноўскіх Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу прадстаўнікі віленскай галіны згадваюцца ўсяго пару разоў — Юзаф (брат Габрыэля) і яго сын Станіслаў, доктар медыцыны.
Бацька Марыі нарадзіўся каля 1736-га. У кнізе каралеўскіх прывілеяў на розныя ўрады і ганаровыя чыны, што захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве, а таксама гістарычнай літаратуры, мы знайшлі звесткі: 17 сакавіка 1784 года ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў патэнт на ганаровы тытул лоўчага мсціслаўскага. Некалі лоўчыя сачылі за лясной гаспадаркай і за тым, каб вялікі князь літоўскі, прыкладам, не застаўся на паляванні без трафеяў. Але пазней тытул стаў ганаровым, без абавязкаў. Пры гэтым у іерархіі ваяводства ён займаў неблагую пазіцыю, у самым цэнтры, паміж скарбнікам і мечнікам. Калі б усё ішло па плане, то з такой высокай стартавай пазіцыі Юзаф Чарноўскі мог бы прасунуцца вельмі высока. Але так не сталася. Бо неўзабаве знікла дзяржава продкаў і старыя тытулы пераўтварыліся ў дым.
Мікалай Рэпнін, партрэт XVIII ст.
Ажаніўся Юзаф з Петранэлай Ваяводскай герба Абданк. Род гэты выводзіўся з Мінскага ваяводства і быў вядомы там яшчэ з XVII стагоддзя. Петранэла, дачка Барталамея і Канстанцыі, прыйшла на свет 13 ліпеня 1755 года ў Губенічах Гайненскай парафіі. Завершыла Петранэла зямны шлях 8 студзеня 1829 года (27 снежня 1828 па старым стылі). Здарылася гэта ў Вільні, ва ўласным доме Чарноўскіх. Пахавалі старэнькую ўдаву на “могілках касцёла Гары Збавіцеля” (будучых Росах). А пазней пры ёй знайшлі спачын нашчадкі — сын Станіслаў і яго дзеці (сямейная магіла захавалася да сёння).
Згодна са знойдзенымі звесткамі, у сям’і Юзафа і Петранэлы нарадзіліся чацвёра сыноў — Казімір, Міхал (1786— 1861), Людвік, Станіслаў (1789—1856) і дачка Марыя (1790—1870), месца для якой сярод пладоў генеалагічнага дрэ ва Чарноўскіх не знайшлося, бо на малюнках тады пазначаліся адныя мужчыны. Выключэннем з гэтага правіла з’яўляецца радаводнае дрэва Манюшкаў: на ім дзед кампазітара, таксама Станіслаў, загадаў па-даць імёны ўсіх сваіх дачок і сыноў (і дадаў яшчэ дакладны час нараджэння).
Гартаючы ў пошуках каліва інфармацыі электронную падшыўку “Кур’ера віленскага” за 1797 год, у №14 (17 лістапада) выпадкова было зроблена шакуючае адкрыццё. На ўсю першую паласу быў надрукаваны “Універсал правячага Літоўскай губерні генерал-фельдмаршала князя Рэпніна. Усім грамадзянам Літвы”, у якім гаварылася, што была адкрыта змова супраць імператара. Далей ішоў пералік з 12 асоб, дзе сярод віленскіх ксяндзоў, кобрынскіх і іншых ураднікаў (туды трапіў нават прафесар Станіслаў Кандратовіч) на пятым месцы красавала імя Юзафа Чарноўскага, лоўчага мсціслаўскага. Усім пералічаным адмаўлялася ва ўсіх правах, нават у праве “каб людзьмі называцца маглі”.
Павел І, невядомы мастак, канец 1790-х
Удалося напаткаць і гістарычную працу даследчыка Антона Мілера “Pierwsza porozbiorowa konspiracja litewska (1796—1797)” (1936). Гісторыя ў скароце выглядала так. У 1795-м быў праведзены апошні трэці падзел Рэчы Паспалітай, па якім уся тэрыторыя ВКЛ ізноў аб’ядналася ў цэлае, ужо ў межах Расійскай імперыі. Толькі-толькі адрокся ад трона апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (лістапад, 1795) і сканала расійская імператрыца Кацярына ІІ (лістапад, 1796). І вось нібыта супраць заняўшага трон Паўла І пачынае рыхтавацца змова на землях былой Рэчы Паспалітай. Пасля раскрыцця нешматлікага і стракатага падполля адбыліся арышты, допыты і па канчатковым пасяджэнні суда ў сталічным Сенаце (адным з засядацеляў быў сенатар, тайны радца і вядомы пісьменнік Гаўрыла Дзержавін) суполка “карбанарыяў” была адпраўлена ў Сібір. Але пакуль некалькі дзясяткаў рамантыкаў у Вільні думалі аб аднаўленні дзяржавы продкаў, супраць Паўла І у расійскай сталіцы выспявала сапраўдная змова, якая прывяла да адрачэння ад трону імператара і яго забойства гвардзейскімі афіцэрамі ў сакавіку 1801-га.
На гэтым тле ўчарашнія “злачынцы” выглядалі ўжо дробнымі хуліганамі, таму чарговы імператар Аляксандр І у 1801-м даў “падпольшчыкам” амністыю, і яны вярнуліся на радзіму (хто перажыў іспыты Сібіры). Апошнія звесткі пра Юзафа, знойдзеныя на сёння, тычацца чэрвеня 1801-га, калі ён з Табольска пісаў ліст у Вільню да Пятра Храпавіцкага (брыгадзіра расійскіх войскаў?). На гэтым сляды Юзафа Чарноўскага абрываюцца. Але наўрад ці стары лоўчы, а было яму каля 65 гадоў, застаўся б у Табольску і не вярнуўся ў Вільню. Туды, дзе яго чакалі жонка і дзеці, якіх трэба было выводзіць у людзі.
Дом Свяціцкага (фота аўтара).
А літаральна за месяц да арышту, у кастрычніку 1797 года, у віленскім касцёле Пятра і Паўла Юзаф і Петранэла Чарноўскія дапоўнілі святым алеем хрост сына Станіслава, народжанага ў 1789-м. У гэты час бацька Марыі выконваў функцыю адміністратара ў маёнтку Кайраны (усходні прыгарад Вільні). Кайраны належалі беларускаму роду Лапацінскіх, гаспадарыў у іх вядомы рэлігійны і грамадскі дзеяч ВКЛ Юзаф Лявон Лапацінскі (1751— 1803). І тут узнікае пытанне: а ці не там нарадзілася наша Марыя? На жаль, пацвердзіць здагадкі не ўдалося, бо метрычныя кнігі касцёла Пятра і Паўла захаваліся не ўсе.
Дарэчы, з гэтым касцёлам шчыльна звязана жыццё яшчэ адной беларускай знакамітасці. У прамежках паміж прыватнымі ўрокамі музыкі тут працаваў арганістам кампазітар Станіслаў Манюшка (1819—1872). Аднойчы, выйшаўшы з касцёла і ўскараскаўшыся на высокі пагорак побач, з якога Вільня і Вілія былі як на далоні, ён расчулена сказаў: “І не будзь ты пасля гэтага ўсяго ліцвінам!”
Мы вернемся да сям’і нашай гераіні, дакладней да яе старэйшых братоў: мастака і мастацтвазнаўца Міхала, доктара Станіслава, чалавека без асаблівага роду заняткаў, але вядомага ўсёй Вільні Людвіка і брата стрыечнага Казіміра. Таго, якога яшчэ завуць “беларускі капітан Нэма”. Гэты Чарноўскі, седзячы ў Петрапалаўскай фартэцыі, паклаў пачаткі расійскага падводнага флоту. Будзе аб ім і нешта новае.
Газета "Культура" №7 ад 14 лютага 2025 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ