Пра не­га­тыў­ную з’яву — на­чыс­тую

Апублiкавана: 03 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Прэс-клуб

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

“Якасць супрацьдзеяння. Закон № 305-З на варце нашых інтарэсаў”— тэма відэаканферэнцыі, якую зладзілі ў прэс-клубе “Культура і Мастацтва” 5 лютага, выклікала цікавасць інтэрнэт-аўдыторыі. Старшы пракурор упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратары Рэспублікі Беларусь Андрэй Федаровічаў распавёў аб вырашэнні складаных сітуацый у практычнай дзейнасці работнікаў культуры і адказаў на іх пытанні.

— Карупцыя з прычыны цяжкіх наступстваў нязменна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі практычна ў любой краіне. У Беларусі гэтая негатыўная з’ява разглядаецца як адна з пагроз нацыянальнай бяспецы. Таму кіраўніцтвам дзяржавы настойліва і мэтанакіравана прымаюцца меры па недапушчэнні пранікнення карупцыі ў дзяржапарат і эканоміку. У шырокім сэнсе карупцыя — гэта любое службовае злачынства. У нашай краіне, нагадаю, дзесяць складаў злачынстваў адносяцца да карупцыйных. У вузкім разуменні ўсё зводзіцца да подкупу і прадажнасці. Дакладнае вызначэнне гэтага тэрміна даецца ў законе аб барацьбе з карупцыяй.

У Беларусі выбудавана збалансаваная сістэма процідзеяння карупцыі, заснаваная на базавых міжнародныхстандартах.

Нараўне з прафілактычнымі і рэгулятарнымі мерамі яна праду-гледжвае дастаткова жорсткія крымінальна-прававыя наступствы. Напрыклад, за атрыманне хабару службовай асобай, якая займае адказнае становішча, тэрмін пазбаўлення волі можа дасягаць 15 гадоў са штрафам у памеры да 5000 базавых велічынь, з канфіскацыяй маёмасці і, натуральна, з пазбаўленнем права займаць у далейшым пасады пэўнага роду. А тэрміны даўніны складаюць 20 гадоў па карупцыйных справах. 

Андрэй Федаровічаў (справа)

Дзякуючы мерам стрымлівання і прафілактыкі, якія прымаюцца ў нашай краіне, на працягу дзясяткаў гадоў у структуры крымінальнай злачыннасці доля карупцыйных злачынстваў не перавышае 2%. Гэта з’яўляецца невялікай колькасцю.

У 2024-м улічана 1031 карупцыйнае злачынства, што на 18% менш, чым у 2023-м.

Можам казаць, што ў нас зменшылася колькасць хабарніцтва, злоўжыванняў уладай і службовым становішчам, крадзяжоў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Павялічылася толькі колькасць перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў. 

Сёння практычна кожнае другое карупцыйнае злачынства — хабар.

Больш за 70% выпадкаў подкупу і хабарніцтва выяўляецца ў закупачнай дзейнасці.

Гэта і выкананне дагавораў, і аказанне заступніцтва інтарэсам камерцыйных структур. 

Калі казаць пра асоб, прыцягнутых летась да адказнасці за карупцыю, то іх колькасць склала 924 чалавекі і засталася практычна на тым жа ўзроўні, што і ў 2023-м. Сярод іх было 14 службовых асоб, якія займалі адказнае становішча. Праваахоўнікаў асабліва непакоіць тое, што значная колькасць прыцягнутых да адказнасці ў сілу сваіх службовых абавязкаў самі павінны былі прымаць меры па барацьбе з карупцыяй у сваёй арганізацыі. Такія факты ўяўляюць падвышаную небяспеку для грамадства і дзяржавы ў цэлым. 

Найбольшая колькасць злачынстваў з карупцыйным складнікам выяўлена ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, дзяржаўнага кіравання, таргоў. У сферы культуры магу прывесці статыстычныя даныя за 2021—2022 і частку 2023 года. У гэты перыяд была апошняя комплексная праверка органаў пракуратуры, калі было ўлічана 53 карупцыйныя злачынствы, учыненыя 18 работнікамі ўстаноў культуры. За 2024 год у арганізацыях, падпарадкаваных непасрэдна Міністэрству культуры, не зарэгістравана ніводнага карупцыйнага злачынства. 

— Гэта прыемны факт… 

— Станоўчая дынаміка ў наяўнасці. Мы разлічваем, што менавіта прынятыя па выніках праверкі меры, у тым ліку праз выкананне акта нагляду, унесенага намі міністру культуры, аказалі сваё дзеянне. Што тычыцца сферы культуры ў шырокім сэнсе — арганізацый, не падпарадкаваных Мінкульту, — факты карупцыйных злачынстваў маюць месца да гэтага часу. Хоць іх і невялікая колькасць. 

Прывяду колькі прыкладаў па ўжо вынесеных рашэннях судоў. Так, асуджаны былы намеснік дырэктара аднаго з тэатраў. Ён на працягу некалькіх гадоў атрымліваў ад арганізатара культурна-масавых мерапрыемстваў хабар за заключэнне дагавораў з гэтай установай. Даказаная сума неправамерна атрыманых матэрыяльных выгод склала 21 тысячу рублёў. Адзначу, што падобныя злачынствы, як правіла, узнікаюць на аснове незаконнага размеркавання прыбытку, атрыманага ад продажу білетаў на культурна-масавыя мерапрыемствы. 

Таксама ў перыяд 2021—2022 гадоў былі выпадкі, калі прыватная арганізацыя, якая не мае права займацца канцэртнай дзейнасцю, выплачвала незаконную ўзнагароду прадстаўніку дзяржарганізацыі, уключанай у Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. І фактычна арганізоўвала выступленні артыстаў пад чужымі рэквізітамі. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Іншым дастаткова распаўсюджаным карупцыйным злачынствам з’яўляецца фіктыўнае працаўладкаванне. У народзе гэтая з’ява вядомая як “мёртвыя душы”. Так, асуджаны дырэктар аднаго з дамоў культуры за крадзеж грашовых сродкаў шляхам фіктыўнага працаўладкавання блізкага сваяка на пасаду метадыста, абавязкі па якой фактычна не выконваліся. Для сферы культуры гэта праблема асабліва актуальная, бо ў раённых арганізацыях дастаткова шмат пасад на палову або на чвэрць стаўкі: качагар, акампаніятар, метадыст, вартаўнік і іншыя. Таму існуе спакуса гэтым злоўжыць. Тут важна размежаваць уласна злачынныя дзеі і, скажам, нейкія дысцыплінарныя правіннасці.

Калі праца, за якую налічаны заробак, фактычна выкананая ў вольны ад асноўнай працы час тым самым чалавекам, якому выплачаныя грошы, размова аб карупцыі не ідзе.

Тут можна казаць аб дысцыплінарнай правіне ў плане парушэння парадку афармлення працоўных адносін або рэжыму працы і адпачынку. Але, як вы разу-мееце, грань тут дастаткова тонкая. 

— Што вы можаце сказаць пра існуючую сістэму ведамаснага кантролю і прафілактыкі карупцыі? 

— У мінулым годзе Генпракуратура акцэнтавала, у тым ліку на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, пытанне аб недастатковасці сістэмы ведамаснага кантролю, яе змяненні і ўдасканаленні. Барацьба з карупцыяй стала выключна справай праваахоўных і кантралюючых органаў. Унутраныя рэсурсы міністэрстваў і ведамстваў задзейнічаны недастаткова актыўна. 

Прывяду вельмі паказальны прыклад, хаця ён і не са сферы культуры. Галоўны бухгалтар аднаго з рэспубліканскіх прадпрыемстваў на працягу 12 гадоў выкрадала грашовыя сродкі. Сама жанчына на допытах сказала: “Крала, таму што мяне ніхто не спыняў”. Іншы бухгалтар, скарыстаўшыся бескантрольным доступам да электроннага лічбавага подпісу кіраўніка арганізацыі, за 6 месяцаў выкрала 1,2 млн рублёў з рахункаў, проста перавёўшы іх заснаванай ёю камерцыйнай фірме. Высветлілася: штогадовая інвентарызацыя грашовых сродкаў у гэтай арганізацыі не праводзілася, ключ з электронным подпісам кіраўніка з парушэннем правілаў захоўваўся ў бухгалтара. Больш за тое, яна аказалася раней судзімай за аналагічнае злачынства. Але з папярэдняга месца працы ў дзяржарганізацыі яе звольнілі па дамове бакоў, што дазволіла схаваць судзімасць. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Хачу нагадаць, што, паводле артыкула 4 Закона аб барацьбе з карупцыяй, кіраўнік дзяржаўнай арганізацыі абавязаны прымаць меры па прадухіленні фактараў і ўмоў карупцыі. Гэты абавязак уключае ў сябе ў тым ліку правядзенне разбору па стаўшым яму вядомым факце здзяйснення карупцыйнага злачынства.

За 2024 год у арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры, не зарэгістравана ніводнага карупцыйнага злачынства.

— Шмат пытанняў паступае аб тым, як карупцыйнае заканадаўства інтэрпрэтуе падарункі кіраўнікам прадпрыемстваў… 

— Так, гэта пытанне нумар адзін практычна на ўсіх сустрэчах. У артыкуле 17 Закона аб барацьбе з карупцыяй гаворыцца, што дзяржаўная службовая асоба і прыраўняная да яе не мае права прымаць маёмасць у сувязі з выкананнем службовых працоўных абавязкаў. Але ёсць выключэнне. Не будзе з’яўляцца парушэннем закона прыняцце падарунка падчас пратакольнага ці іншага афіцыйнага мерапрыемства, калі яго кошт не перавышае 20 базавых велічыняў. 

Распаўсюджанай традыцыяй у працоўных калектывах з’яўляюцца падарункі калегам да дня нараджэння і асабліва да юбілею. Калі такія падарункі робяцца ад усяго калектыву і купляюцца на сабраныя сумесна грошы, тут не прасочваецца нейкі карыслівы намер. Але і тут важна не перайсці рамкі прыстойнасці. Дакладных рэкамендацый няма, але я б раіў межы разумнага вымяраць прадугледжаным для дзяржаўных службовых асоб абмежаваннем у 20 базавых велічынь. А калі хтосьці з падпарадкаваных панясе кіраўніку падарунак індывідуальна, гэта ўжо можа лічыцца хабарам. 

Мы ўсе дарослыя людзі і разумеем, што ў жыцці бываюць розныя сітуацыі. Таму звярну ўвагу на тое, што:

Любы падарунак, атрыманы дзяржаўнай службовай асобай з парушэннем Закона аб барацьбе з карупцыяй, павінен быць ва ўстаноўлены тэрмін перададзены ў адпаведную камісію.

Гэты парадак вызначаецца Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 289 ад 2 мая 2023 года “Аб парадку здачы, уліку, захоўвання, вызначэння кошту і рэалізацыі маёмасці, у тым ліку падарунка”. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА