Успаміны і погляд у будучыню

Апублiкавана: 02 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сярод тых, хто сёлета атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, якому 29 студзеня споўнілася 50 гадоў. Наш суразмоўца — дырэктар гэтай навучальнай установы Юрый Ляйко.

— Юрый Аляксандравіч, прэмію каледж атрымаў “за плённую працу ў галіне навучання і выхавання творчай моладзі, актыўную грамадска-патрыятычную дзейнасць”. Пэўна, усё гэта назапашвалася цягам не аднаго года? 

— Безумоўна! Дасягнутае сёння было б немагчыма без усіх ранейшых гадоў існавання каледжа і намаганняў усяго нашага калектыву. Бо калі за 2024-ы нашы выхаванцы атрымалі больш за сотню прэмій і прызоў на разнастайных конкурсах, дык зразумела, гэта вынік не аднаго дня, а ўсяго працэсу навучання. Вельмі важна падтрымліваць, працягваць усталяваныя традыцыі і адначасова рухацца наперад, пастаянна ставіць новыя, усё больш высокія мэты. 

Юрый Ляйко з вучнем

— Далейшы пункт адліку — юбілейны канцэрт да 50-годдзя каледжа? 

— Ён адбудзецца 11 красавіка ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Але ж да юбілею ладзіцца цэлы шэраг справаздачных вечарын, выстаў, адкрытых урокаў, конкурсаў. Дарэчы, мы ініцыявалі яшчэ адно творчае спаборніцтва — правядзём сёлета I Міжнародны конкурс фартэпіяннай музыкі “Інтэрмецца”. Пройдзе ў нас і Адкрыты конкурс харавых кампазітараў імя Уладзіміра Тэраўскага. У юбілейных мерапрыемствах удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх спецыяльнасцей, якім навучаюць у нашым каледжы. І кола такіх спецыяльнасцей больш шырокае, чымсьці ў іншых каледжах. Да прыкладу, 25 гадоў у нас існуе такая запатрабавальная спецыяльнасць, як “Мастацтва эстрады (спевы)”. Адпаведную цыклавую камісію стварыла і ўвесь гэты час узначальвае Алена Атрашкевіч — старшыня Беларускага саюза кампазітараў, прызнаны майстар найперш вакальных твораў, уключаючы мюзіклы. Тры гады таму мы адкрылі завочнае аддзяленне (у іншых каледжах яго няма) і навучаем спецыяльнасці “Народная творчасць”, а менавіта арганізацыі культурна-дасугавых мерапрыемстваў. Завочнікі працуюць ва ўстановах культуры Міншчыны і адначасова падвышаюць навучаннем свой прафесійны ўзровень. Запатрабаванасць нашых выпускнікоў (а ўсяго іх за паўстагоддзя — больш за шэсць з паловай тысяч) вялізная: мы закрываем толькі 65% заявак ад устаноў культуры і творчых калектываў на маладых спецыялістаў. 

— Некаторыя каледжы мастацтваў сутыкаюцца з цяжкасцямі пры наборы абітурыентаў. Вам даводзіцца штосьці прыдумляць, каб завабіць патэнцыйных першакурснікаў? 

— Насамрэч асаблівых праблем пры наборы мы не адчуваем. Паўсюль конкурс, прыблізна 1,2-4 чалавекі на месца, здараецца нават 5 на тую ж эстрадную харэаграфію. Вялікім попытам карыстаецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка. Заўважу, што нашы абітурыенты абіраюць не проста тую ці іншую спецыяльнасць — найперш яны арыентуюцца на выкладчыка, у якога хацелі б вучыцца. А ўсе нашы педагогі — яркія творчыя асобы, здольныя натхніць сваіх выхаванцаў на плённую працу і новыя здзяйсненні. Да прыкладу, у нас выкладае знакаміты баяніст, лаўрэат безлічы прэстыжных міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка — і многія прыязджаюць вучыцца менавіта ў яго. Каледж называецца Мінскім, але прыблізна палова навучэнцаў — з вобласці, яшчэ трэць — з іншых рэгіёнаў. Ёсць і з Расіі, Казахстана. Так што маюць рацыю тыя, хто гаворыць, маўляў, кадры вырашаюць усё. 

— Вы таксама выкладаеце ігру на баяне і акардэоне. 

— І ганаруся, што ў свой час скончыў нашу Акадэмію музыкі па класе легендарнага Міхаіла Солапава — аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай выканальніцкай школы, ветэрана Вялікай Айчыннай, які дайшоў да Берліна. Для ўсіх, хто яго ведаў, ён застаўся ідэалам педагога, сама постаць якога сімвалізавала прафесійныя якасці, памножаныя на патрыятызм і шырокую грамадскую дзейнасць. 

— Ваш каледж ужо не адзін год здзяйсняе разнастайныя грамадска-патрыятычныя праекты, навучэнцы ўдзельнічаюць бадай ва ўсіх значных рэспубліканскіх акцыях, дзяржаўных гала-канцэртах у “Мінск-Арэне”, Палацы Рэспублікі, Вялікім тэатры, на плошчы Дзяржаўнага сцяга, ля стэлы “Мінск — горад-герой”. 

— Яшчэ нашы выхаванцы сталі пераможцамі Нацыянальнага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні “Салдацкі канверт”, творчых праектаў “Лісты ў мінулае” і “Баявы шлях майго дзядулі, прадзядулі”, удзельнічалі ў акцыях “Дарогамі Перамогі”, “30 дзён да Перамогі” і, вядома, у нядаўнім “Марафоне адзінства”. Вельмі важна, што шматлікія падобныя захады ладзяцца і ў самім каледжы. Узгадаю выставу “Яны падарылі нам жыццё”, арт-праект “Там няма мяне”, марафон куратарскіх гадзін “Мая Беларусь. Мая будучыня”, сямігадовую валанцёрскую дзейнасць клуба “Імпульс дабра”. Ёсць і сумесныя акцыі з Маладзечанскім музычным каледжам імя Міхала Клеафаса Агінскага, наладжаны сувязі з навучальнымі ўстановамі Санкт-Пецярбурга, Уфы, Новасібірска. А галоўнае ў гэтым кірунку — патрыятычная акцыя “Зберагчы Беларусь для будучыні”. Мы аб’ядналі трагічныя для нашай краіны падзеі красавіка: Чарнобыльскай катастрофы 1986 года і выбуху ў метрапалітэне ў 2011-м. Сродкамі музыкі, слова, харэаграфіі, відэа даводзім да кожнага, што свет трэба берагчы, змагацца за мір у ім. Праект стартаваў у 2012-м і з таго часу мы штогод да 11 красавіка возім яго па школах Мінска і вобласці. Як і наша валанцёрская дзейнасць у Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай анкалогіі, ён стаў брэндам нашай навучальнай установы.

— Таму і дата юбілейнай вечарыны абрана невыпадкова. Зычым каледжу далейшых поспехаў! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА