Першая з першых. Марыя Чарноўская

Без згадкі яе імя не абыходзіцца аніводная энцыклапедыя ці публікацыя, прысвечаныя айчынным этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі народнага тэатра. Чым Марыя Чарноўская заслужыла такі гонар? Распавядзём у нашым газетным “серыяле”.

З ЧАГО ЎСЁ ПАЧАЛОСЯ 

Плануючы невялікі артыкул, мы і не думалі, што яму наканавана перарасці ў “серыял”. Бо парадокс у тым, што працы даследчыцы вядомыя, а пра яе саму нашы сучаснікі амаль нічога не ведаюць. Вось мы і вырашылі прадставіць цікаўнай грамадскасці біяграфію Марыі Чарноўскай, складзеную па архіўных ды іншых крыніцах. А таксама згадаем даволі вядомых мастакоў, лекараў і нават вынаходнікаў падводных чаўноў. Як высветлілася падчас нашага расследавання, яны даводзяцца Чарноўскай блізкімі сваякамі…

НАВАГОДНІ ПАДАРУНАК 

За некалькі дзён да таго, як гадзіннік абвясціў надыход 2025 года, я атрымаў невялічкі, але важкі падарунак. Важкі і ў прамым, і ў пераносным сэнсах. Гэта была кніга “Bialorus — Polesie”, што пабачыла свет у 1968-м. Дакладней, адзін з тамоў фундаментальнай працы, прысвечанай фальклору і этнаграфіі земляў былой Рэчы Паспалітай. Аўтар серыі, падрыхтаванай і часткова надрукаванай яшчэ ў ХІХ стагоддзі, вядомы польскі фалькларыст, этнограф і кампазітар Оскар Кольберг (1814—1890). Пасля завяршэння музычнай адукацыі ў Берлінскай гандлёвай акадэміі пад кіраўніцтвам выдатнага кампазітара Юзафа Эльснера (1769—1854), у якога крыху пазней вучыўся наш Станіслаў Манюшка (1819—1872), Кольберг год працаваў хатнім настаўнікам музыкі. У гэты самы перыяд ён пабываў у Вільні, Мінску і Гомелі. Ёсць меркаванне, што менавіта тады Кольберг зацікавіўся народнай культурай, і цікавасць тая перарасла ў справу жыцця. 

Касцёл Св. Яна ў Вільні

Натуральна, такія “меркаванні” не прайшлі міма, і неўзабаве мы пазнаёмім чытачоў з некаторымі беларускімі таямніцамі Оскара Кольберга. А пакуль вернемся да тома №52. Імя Марыі Чарноўскай, згаданай у прадмове як аўтаркі публікацыі, у якой апісваліся звычаі вясковага люду Магілёўскай губерні, падалося знаёмым. 

А пакуль мы яшчэ летась распачалі цыкл публікацый пра жанчын-творцаў, вырашылі наступную частку прысвяціць гэтай асобе. І, забягаючы наперад, скажу: праца па зборы матэрыялаў, датычных яе і яе сям’і, працягваецца. І чытачы змогуць назіраць за вынікамі нашых пошукаў амаль у рэжыме рэальнагачасу. 

КУДЫ НІ ЗІРНІ 

Ёсць некалькі фундаментальных выданняў, у якіх можна знайсці імя Марыі Чарноўскай і згадку яе артыкула, якому не так даўно споўнілася 200 гадоў і які пад назвай “Элементы славянскай міфалогіі, што захаваліся ў звычаях вясковага люду на Белай Русі” выдадзены ў 34-м нумары часопіса “Дзённік віленскі” за 1817-ы. 

Па-першае, гэта знакамітая праца беларускага вучонага, этнографа і фалькларыста, мовазнаўцы Яўхіма Карскага (1861—1931) “Беларусы”, першы том якой выйшаў у 1903 годзе. Слынны навуковец сцвярджаў, што яе публікацыя не страціла каштоўнасці для даследчыкаў. 

Па-другое, важкі том “Анталогіі беларускай народнай песні” (1965), які быў складзены Генадзем Цітовічам (1910—1986) і Рыгорам Шырмам (1892—1978). 

Капліца на віленскіх Росах (фота аўтара)

А яшчэ — энцыклапедычныя выданні. Так, у “Беларускай ССР. Кароткай энцыклапедыі (насельніцтва-мова-этнаграфія-фальклёр-літаратура-мастацтва-архітэктура)”, 1981, Марыя Чарноўская згадваецца тройчы: у рубрыках “Музыказнаўства”, “Фалькларыстыка”, “Этнаграфія”. Прычым таварышуюць ёй такія знакавыя для нашай культуры асобы, як Зарыян Даленга-Хадакоўскі (сапр. Адам Чарноцкі), Ігнат Шыдлоўскі, Ян Чачот, Рамуальд Падбярэзкі, Юзаф Крашэўскі, Ян Баршчэўскі, Яўстах Тышкевіч, Рамуальд Зямкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя, спіс якіх яна ачольвае(!). 

Не менш важныя выданні — “Гісторыя беларускага тэатра” (1-3 т., 1983), “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (1987), энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” (1989), “Беларускі фальклор” (1-2 т., 2006) і “Міфалогія беларусаў” (2011). Да таго ж унікальная акадэмічная серыя “Беларуская народная творчасць” (1-47 т., 1970—2007). Усё яны ані не маглі абмінуць артыкул Чарноўскай. Спіс можна цягнуць, бо прыведзенае — кропля ў моры розных публікацый за ХІХ—ХХІ стагоддзі. Але што ж аўтары змаглі адшукаць пра яе саму? 

СЛОВА КАХАНОЎСКАГА 

У 1987-м выйшаў пяты, апошні том “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”. У ім ці не ўпершыню была змешчана невялічкая біяграма Марыі Чарноўскай, якую падрыхтаваў гісторык, літаратуразнаўца, фалькларыст Генадзь Каханоўскі (1936—1994).

“Марыя Чарноўская, беларуская фалькларыстка і этнограф пач. ХІХ ст. Жыла ў Вільні. У в. Губеншчына Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губ. (цяпер Крычаўскі р-н) запісвала беларускія песні і абрады. У артыкуле «Элементы славянскай міфалогіі, што захаваліся ў звычаях вясковага люду на Белай Русі» («Дзённік віленскі», 1817, т.6 (№34); у перакладзе на рускую мову артыкул друкаваўся ў «Весніку Еўропы» (1818, т. 102) і «Паўночным архіве» (1822, т.4). Упершыню дала ў арыгінальным вымаўленні беларускія народныя песні з нотамі і навуковым каментарыем, апісала Купалле, Радаўніцу і іншыя святы, вобразы народнай міфалогіі, стравы, адзенне, сялянскі побыт беларусаў. Звярнула ўвагу на самабытнасць духоўнай культуры беларускага народа”. 

Вось і ўсё. Шчыра кажучы, небагата. Аказалася, што нават яе знакаміты артыкул цалкам так і не быў перакладзены і перавыдадзены ў Беларусі. Друкаваліся толькі фрагменты. Гэта пацвердзіў вядомы беларускі этнограф, фалькларыст, філолаг Уладзімір Васілевіч, які таксама не раз спасылаўся і цытаваў у сваіх кнігах публікацыю Марыі Чарноўскай. Дарэчы, у прысвечанай малавядомым старонкам беларускай фалькларыстыкі кнізе “Збіральнікі”, што пабачыла свет у 1991-м, Уладзімір Васілевіч апублікаваў творчы партрэт Оскара Кольберга. 

ЗАЛАТЫ К ЛЮЧЫК 

Падаецца, мы ўжо дастаткова прасекліся павагай і цікавасцю да Марыі Чарноўскай. Час на знаходку, якая адразу закрыла некалькі кардынальных пытанняў і дала выхад на новыя ўзроўні генеалагічнай гульні.

Метрыка скону Марыі Чарноўскай 3 ліпеня (21 чэрвеня па ст.ст.) 1870 г.

Першым дакументам-ключом, які ўдалося адшукаць, стала метрыка скону Марыі Чарноўскай з віленскага касцёла Св. Яна. Вось што там напісана: 

“21 июня (3 ліпеня па новым стылі. — заўв. аўт. ) 1870 года скончалась Мария Чарновская от болезни воспаления легких. Была причащена св. таинств. Дворян Иосифа и Петрунели Чарновских супругов имевшая от роду 80 лет. Тело ея по билету І-го стана Виленскаго уезда на кладбище Россе кс. Цейзиком похоронено”. 

Такім чынам, нарадзілася наша гераіня каля 1790-га і пражыла даволі доўгае жыццё, як на тыя часы. Так і не знайшла сабе спадарожніка жыцця, не мела нашчадкаў і была яна пахаваная на знакамітых віленскіх могілках Росы, дзе спачываюць многія беларускія знакамітыя творцы (прыкладам, Уладзіслаў Сыракомля). 

А самае галоўнае, мы даведаліся імёны яе бацькоў, што значна спрасціла далейшыя пошукі, — знайшліся звесткі пра братоў Марыі Чарноўскай, пляменнікаў і пляменніц, дзядзькоў і дзядоў. Многія з іх, дарэчы, пакінулі немалы след у беларускай гісторыі. Адкрыліся і невядомыя да таго геаграфічныя лакацыі, дзе жылі Чарноўскія і іх сваякі. І кожная з мясцін — са сваёй гісторыяй. На падставе архіўных крыніц выявілася, да каго і калі ездзіла на Магілёўшчыну ў 1816—1817 гадах наша збіральніца фальклору. 

“Я ТОЛЬКІ СПЫТАЦЬ!” 

Пэўна, гэтыя словы, многія чулі, чакаючы ў вялізнай чарзе. Прыкладна так атрымалася і ў нашай гісторыі. І лепей, чым апісаў гэта англійскі заолаг і пісьменнік Джэральд Дарэл у культавай для савецкага чытача кнізе “Мая сям’я і іншыя звяры”, не скажаш. А сказаў ён наступнае: “Спачатку кніга была задумана проста як аповесць пра жывёльны свет вострава, у якой было крыху смутку аб мінулых днях. Аднак я адразу зрабіў сур’ёзную памылку, запусціўшы на першыя старонкі сваіх родных. Апынуўшыся на паперы, яны прыняліся ўмацоўваць свае пазіцыі і назапрашалі з сабой усялякіх сяброў ва ўсе главы…” 

Аказалася, што родныя Марыі Чарноўскай, выпадкова знойдзеныя і далучаныя да нашага апавядання, не пажадалі сціпла чакаць сваёй чаргі, а, пробегам кінуўшы: “Я толькі спытаць!” — ледзь не выпхнулі з “серыяла” саму Марыю. Але коштам неверагодных высілкаў нам удалося ўсіх улагодзіць, і кожны выйдзе на сцэну ў свой час. Ніхто не сыдзе пакрыўджаны. Гэта мы гарантуем. 

Працяг будзе. 

Газета "Культура" №6 ад 7 лютага 2025 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара