Дзяўчына з домрай

Дар’я Парфёнава — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У скарбонцы дасягненняў маладога музыканта шмат узнагарод. Да прыкладу, летась дзяўчына ўразіла журы Х Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча і заваявала дыплом І ступені.

— Дар’я, раскажыце пра першыя творчыя крокі. 

— У дзяцінстве былі розныя інтарэсы, хацелася многае паспрабаваць, таму займалася і танцамі, і спевамі, і маляваннем. Але захапленне музыкай аказалася мацнейшым за іншыя хобі. Каб развівацца ў гэтым напрамку, паступіла ў музычную школу. З усіх інструментаў выбрала невялікую чароўную домру. Неўзабаве пачалася сцэнічная дзейнасць. Першая спроба — адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячай творчасці “Маленькі прынц”, што рэгулярна праводзіцца ў Светлагорску. 

— Дзе працягнулі ўдасканальвацца? 

— У Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. Актыўна ўдзельнічала ў творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню — абласных, рэспубліканскіх і міжнародных. Самае запамінальнае — конкурс “Натхненне роднага краю”, што праводзіўся ў Старабарысаўскай ДШМ пры падтрымцы Беларускага саюза музычных дзеячаў. Тады ўдалося ўбачыць народнага артыста Расіі, прафесара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандра Цыганкова, які быў старшынёй журы. Яркім атрымаўся і ІІІ Міжнародны конкурс “Ветразі мары”, арганізаваны прадзюсарскім цэнтрам народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. На гэтым творчым спаборніцтве заваявала дыплом І ступені. 

— А затым вы апынуліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі… 

— Даўняя мара! Заўсёды захаплялася людзьмі, якія вучыліся тут. З некаторымі была знаёмая і да паступлення. Выкладчыкі — сапраўдныя прафесіяналы. Яны далі мноства каштоўных парад. Да таго ж шмат прыемных уражанняў дорыць удзел у мерапрыемствах, што праводзяцца ў акадэміі. Напрыклад, на III адкрытым конкурсе факультэта народных інструментаў летась я атрымала дыплом лаўрэата III ступені. 

За плячыма — першы семестр. Падводзячы яго вынікі, адзначу: мая сцэнічная дзейнасць стала больш насычанай, з’явілася мноства магчымасцей для рэалізацыі. Гэта і знаёмства з таленавітымі, бязмерна натхняльнымі людзьмі, і новыя цікавыя праекты. Грамадскае жыццё ВНУ таксама надае дням дынамічнасці. 

— Ці лёгка было паступіць у Акадэмію музыкі? 

— Безумоўна, за гэтым стаіць вялікая праца, штодзённая падрыхтоўка. Але іспыты, якія выклікалі столькі хваляванняў і перажыванняў, дзякуючы перамозе ў Х Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча здаваць не прыйшлося. Такая льгота ўсцешыла мяне! 

— А да ўдзелу ў спаборніцтве вас падштурхнула мара? 

— Збольшага так. Матывавала і магчымасць атрымаць новы досвед, убачыць моцных супернікаў, выпрабаваць свае сілы ва ўмовах сумленнай канкурэнцыі. 

— Чым удалося скарыць журы? 

— На розных этапах выконвала творы Валерыя Іванова, Аляксандра Клеванца, П’етра Кастручы ды іншых. Асабліва спадабалася “Элегія” Станіслава Стразава і “Цапатэада” Пабла дэ Сарасатэ. 

Старалася правільна з акадэмічнага пункту гледжання прадставіць сваю праграму, а яшчэ перадаць слухачу эмацыйную “аўру” кампазіцый, пэўны настрой. Уклала ў выступленні ўсю душу! З вялізнай радасцю сустрэла навіну аб тым, што прайшла ў другі тур. Не ўсё давалася лёгка, бо цалкам пражыць твор, прасякнуцца ім — справа энергазатратная. Падрыхтоўка да любых спаборніцтваў патрабуе шмат намаганняў, часам нават большых, чым вучоба. Імкнуся трымаць баланс, каб не адставаць ад адукацыйнага плана. 

— Летась вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як сустрэлі такую навіну? 

— Вельмі здзівілася! Узнагарода аказалася па-асабліваму нечаканай і прыемнай. Знаходзіцца ў ліку стыпендыятаў — ганарова! 

— А які момант конкурсу быў самым напружаным і яркім? 

— Адназначна — праслухоўванне прэтэндэнтаў на гран-пры! Эмоцыі накрылі так моцна, што не адразу ўсвядоміла: мне прысудзілі званне лаўрэата І ступені! Вялікая падзяка выкладчыкам і бацькам, якія заўсёды падтрымлівалі мяне. Асабліва значную ролю ў раскрыцці творчых здольнасцей адыгралі настаўнікі школы і каледжа. Яны сфарміравалі неабходную для далейшага навучання базу. Бясконца ўдзячная педагогам, якіх сустрэла ў акадэміі. Іх дапамога і ўважлівасць — неацэнныя. 

— Чаму аддаяце час, акрамя сцэнічнай дзейнасці? 

— Люблю гуляць па прыгожых вуліцах, наведваць канцэрты і тэатральныя пастаноўкі, чытаць… Імкнуся пашыраць кругагляд. 

— Калі зазірнуць у будучыню, то вы… 

— Працягну развіваць выканальніцкае майстэрства, удасканальваць веды, актыўна ўдзельнічаць у конкурсах і фестывалях! Галоўнае — атрымліваць задавальненне ад абранага шляху і не забываць пра адпачынак, каб не “перагарэць”. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні