У Кітаі пачаўся новы год — 4722-і па мясцовым календары. Святкаванні, якія разгарнуліся 29 студзеня ў Паднябеснай, закранулі і Сінявокую. Культурныя сувязі паміж краінамі ўзмацняюцца. Айчынныя творчыя калектывы ўсё часцей адпраўляюцца на гастролі ў Кітай. А іх артысты нярэдка выступаюць на нашых сцэнах.
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета прадстаўляе айчынную культуру ў Кітаі даволі часта: такія паездкі пачаліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. А ў 2013-м калектыў падпісаў мемарандум аб двухбаковым супрацоўніцтве з Нацыянальным цэнтрам выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне, што яшчэ больш паспрыяла развіццю творчых сувязей. Не дзіва, што сімфанічны аркестр і вядучыя оперныя салісты тэатра Настасся Масквіна і Станіслаў Трыфанаў правялі ва ўсходняй краіне нядаўнія калядныя тыдні.
Гастролі аркестра і салістаў Вялікага тэатра
— Кітай я наведаў упершыню, — распавёў дырыжор Уладзімір Авадок. — Быў у захапленні ад шматлікіх хмарачосаў, што, як вядома, з’яўляюцца паказальнікам “сталічнасці”. Вельмі ўразіла добрая арганізацыя гастролей. Так, былі і пераезды з горада ў горад, і раннія пад’ёмы, але да артыстаў ставіліся з разуменнем, імкнуліся зрабіць для іх максімальна камфортныя ўмовы. Перад адным з канцэртаў кожнаму падарылі па чырвоным шаліку — у кітайцаў гэты колер сімвалізуе свята, пажаданне дабрабыту. Артысты завязалі іх сабе — было вельмі прыгожа і ўрачыста. Я таксама дадаваў у выкананне тэатральнасці: на польках Штрауса і з пісталета “страляў” (“На паляванні”), і парасонам дырыжыраваў (“Гром і маланкі”). Усюды — вельмі добрая акустыка. У кожным тэатры, дзе мы выступалі, ёсць спецыяльныя канцэртныя дэкарацыі. Яны драўляныя, закрываюць заднік сцэны і кулісы, таму ўвесь гук скіроўваецца ў залу. Праз гэта ў кульмінацыях наш аркестр набываў асаблівую моц: 60 інструментаў гучалі, бы цэлая сотня. Запомніліся і тыя філарманічныя залы, дзе публіка змяшчаецца вакол аркестра і можна сачыць за яе рэакцыяй. Успрымалі нас вельмі добра. Апроч еўрапейскай класікі, у праграме былі беларускія і кітайскія нумары. Адзін з тамтэйшых маршаў настолькі ў іх папулярны, што нам пачыналі падпяваць — і даводзілася кіраваць усёй залай. А пасля вальса з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана быў сапраўдны выбух апладысментаў, прычым нязменна. У фінале твора гучыць удар тамтама, а гэты музычны інструмент кітайцы вельмі шануюць. Яго выкарыстоўваюць нават замест званкоў, што сведчаць пра хуткі пачатак імпрэзы: адзін удар — першы званок, два — другі, тры — трэці. Як бачыце, можна знайсці паралелі і між такімі, здавалася б, рознымі культурамі.
Напярэдадні кітайскага Новага года шмат цікавых творчых імпрэз ладзілі ў нашых каледжах і ВНУ, дзе ёсць замежныя студэнты. З асаблівым размахам прайшла вечарына ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Шэраг выступленняў вакалістаў і інструменталістаў з Паднябеснай правяла па традыцыі Акадэмія музыкі. А 24 студзеня тры кітайскія студэнткі, што вучацца спевам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, далі канцэрт у малой зале сталічнай філармоніі.
Гастролі аркестра і салістаў Вялікага тэатра
— Мне вельмі падабаецца ў Беларусі! — сказала адна з удзельніц вечарыны Сун На. — Навучанне тут прыносіць асалоду. Акрамя заняткаў, часта наведваю філармонію, оперны тэатр. Вельмі ўдзячная, што маю магчымасць выступіць на прэстыжнай сцэне. Ад рэжысёра я атрымала шмат каштоўных парад не толькі ўласна па вакале, але і па сцэнічным выступленні, мастацкім самавыяўленні.
Маці маладой кітайскай артысткі — прафесійная спявачка. І тое, што дачку адправілі вучыцца ў Беларусь, сведчыць пра высокі ўзровень нашай адукацыі. Дарэчы, на сцэне філармоніі Сун На не ўпершыню: летась яна давала тут нават сольны канцэрт.
— Назва цяперашняй вечарыны “Ад захаду да ўсходу” ўзнікла невыпадкова, — сказала рэжысёр і вядучая канцэрта, педагог па вакале Дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Шырмы Вольга Карпей. — Уключыўшы ў праграму заходнееўрапейскую, рускую класіку і творы кітайскіх кампазітараў ХХ—ХХІ стагоддзяў, мы імкнуліся пашырыць веды беларускіх слухачоў і адначасова адлюстраваць агульную сусветную тэндэнцыю руху на ўсход, уласцівую і нашай культуры.
Падчас канцэрта "Ад захаду да ўсходу"
У канцы лютага адбудзецца падобны філарманічны канцэрт — “Ад Вены да Пекіна”. Фартэпіянны дуэт прафесара Акадэміі музыкі Вольгі Бельцюковай і яе выхаванкі Чжу Цзін выканае яшчэ і беларускую музыку розных эпох. Між іншым, у нашых кампазітараў ёсць шмат твораў кітайскай тэматыкі. З іх таксама можна скласці асобную імпрэзу — і не адну.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіваў устаноў