Сям’я перадусім

Апублiкавана: 16 лютага 2025 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Мастацка-дакументальная выстава “Мая сям’я” — сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва — распавядае аб радні вялікага паэта.

Сям’я заўжды мела для Максіма Багдановіча выключнае значэнне. Нягледзячы на тое, што ён рана страціў маці (ва ўсіх жанчынах, якія былі побач, майстар слова імкнуўся адшукаць яе вобраз), у творцы заставалася багата родных: бацька Адам Ягоравіч, браты і сёстры, цёткі па лініі таты — Марыя Галаван і Магдаліна Гапановіч, па лініі маці — Ганна Валасовіч і Стэфаніда Секяржыцкая, іх сем’і. Класік таксама вельмі хацеў стварыць уласную сям’ю і марыў пра маленькую дачушку, аднак лёс вырашыў інакш. Дзякуючы нашчадкам сваякоў Максіма Багдановіча, захавалася шмат матэрыяльных сведчанняў пра жыццё паэта і яго блізкіх. 

РОДНАЕ КАРЭННЕ 

Як адзначыў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, у межах праекта прадстаўлена больш за сотню прадметаў. Сярод іх — фотаздымкі з дароўнымі надпісамі, лісты і паштоўкі, побытавыя рэчы, кнігі і дакументы. Усё збераглося дзякуючы непрамым нашчадкам Максіма Багдановіча. Адзін з самых цікавых экспанатаў — гадзіннік для невідушчых адзінакроўнага брата Максіма Багдановіча Паўла. Гэты артэфакт нядаўна трапіў у музей з Яраслаўля. 

У цэнтры выставы — карціна Віктара Маркаўца “Маці паэта”, на якой выяўлена Марыя Апанасаўна разам з маленькім Максімам. Побач размясціліся партрэты двух братоў: старэйшага Вадзіма і малодшага Льва. Сям’я сфарміравала асобу творцы. Яго бацька калісьці ўзяў на сябе адказнасць за будучыню трох сясцёр, вучыў, выхоўваў іх. Менавіта ад цётак Максім чуў аповеды пра беларускую даўніну, гісторыі з мінулага, а таксама песні, казкі і крылатыя выслоўі. 

КАШТОЎНЫЯ ПАДАРУНКІ 

Фонды скарбніцы штогод папаўняюцца. На 15 снежня 2024 года тут захоўвалася 21 504 музейныя прадметы. Летась паступіла 152. Сярод найбольш каштоўных — лісты і паштоўкі Соф’і Арнольдавай да стрыечнай сястры класіка Веры Кунцэвіч. Напрыканцы года Максім Бараховіч з Ніжняга Ноўгарада перадаў у фонды фатаграфію цёткі паэта Марыі Багдановіч. Наш сучаснік даводзіцца праўнукам Магдаліне Ягораўне Гапановіч (Багдановіч). Таксама ў музей увесну завітваў з жонкай Аляксей Ульянаў — праўнук Андрэя Кабанава, любімага ніжагародскага настаўніка беларускага літаратара. 

Унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч падарыла том першага поўнага збору твораў Максіма Багдановіча. Кніга была выпушчана ў міжваенныя гады. Зусім нядаўна трапіў у скарбніцу і асобнік зборніка “Вянок” з дароўным надпісам аўтара для кузіны Веры Кунцэвіч. Гэты экзэмпляр знаходзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў сваякоў паэта і быў перададзены на часовае захоўванне ва ўстанову праўнукам Веры Рыгорам Бараховічам. 

СУВЯЗІ З СУСЕДЗЯМІ 

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка музея, куратара выставы Ірыны Мышкавец, у Ніжнім Ноўгарадзе класік прабавіў амаль палову нядоўгага жыцця. Менавіта тут ён пачаў пісаць і пабачыў першыя публікацыі сваіх твораў. Таму работнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча падтрымліваюць цесныя стасункі з ніжагародскімі калегамі. У лютым 2024 года беларускія адмыслоўцы паўдзельнічалі ў XLVIII Дабралюбаўскіх чытаннях “Духоўна-маральны кантрапункт айчыннай культуры, літаратуры і рэчаіснасці на працягу стагоддзяў. Вакол Пушкіна і Дабралюбава”. У межах форуму, арганізаванага Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем М.А. Дабралюбава, быў прэзентаваны даклад “Кнігі А.С. Пушкіна ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”. 

У сакавіку генеалог Таццяна Грачова ў Цэнтральным архіве Ніжагародскай вобласці выявіла запісы ў метрычных кнігах, звязаныя з сям’ёй Багдановічаў, у тым ліку — аб вянчанні Адама Багдановіча і Аляксандры Волжынай і нараджэнні іх сына Аляксандра. З боку нявесты адным са сведак выступіў цэхавы Аляксей Максімавіч Пешкаў — будучы знакаміты пісьменнік Максім Горкі. Яго жонка, Кацярына Пешкава, стала хроснай маці Аляксандра. Акрамя таго, у метрычных кнігах Ніжняга Ноўгарада знойдзены звесткі аб нараджэнні і хрышчэнні чатырох сыноў Адама Багдановіча і Аляксандры Мякоты. 

У красавіку адбыўся тэлемост “Узаемадзеянне літаратурных музеяў Мінска і Ніжняга Ноўгарада як сродак умацавання культурных сувязей гарадоў-пабрацімаў”. Удзел у ім з беларускага боку ўзялі работнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, а з расійскага — прадстаўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея М.А. Дабралюбава. 

ДАГАВОР АБ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ 

Напрыканцы красавіка прайшла прэзентацыя выставы “Ніжні Ноўгарад мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў у фатаграфіях Максіма Дзмітрыева і яго сучаснікаў”. Гэта сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Рускага музея фатаграфіі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Падчас урачыстасці ўстановы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, дамовіліся аб экспанаванні ў 2025 годзе калекцыі з фондаў расійскай скарбніцы. 

Сёння ў цэнтры ўвагі прадстаўнікоў нашага музея — творчая майстэрня Максіма Багдановіча, яго ліставанне, бібліятэка, дзяцінства з гульнямі і казкамі, інтымныя перажыванні, раздарожжы лёсу, сябры і паплечнікі, невядомыя публікацыі і страчаныя напрацоўкі, смерць і змаганне з ёю. Біяграфія беларускага класіка, які заўчасна пакінуў наш свет, захоўвае яшчэ безліч таямніц. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара