Шчырасць колераў і ліній

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марына Анішчык яскрава праявіла сябе на ІІІ адкрытых маладзёжных Арктычных Дэльфійскіх гульнях, дзе заваявала залаты медаль, на міжнародным пленэры “Сонечная палітра Усходу” ў Кыргызстане, на рэспубліканскім конкурсе “Майстар года”, шматлікіх выставах. Пра поспехі і планы — у інтэрв’ю з маладым талентам.

— Калі вы адчулі ў сабе творцу? 

— З пяці гадоў я стала наведваць гурток, дзе мы танцавалі, спявалі, чыталі вершы, ладзілі конкурсы. Таксама хадзілі ў музеі, кіно, даследавалі Гродна. Гэта быў сапраўдны рай для мяне. — А што прывяло вас да выяўленчага мастацтва? — Любоў да размалёўвання ўсяго навокал, а яшчэ жаданне прыдумляць і ствараць разнастайныя ўзоры і арнаменты маю з дзяцінства. Хаця спачатку марыла стаць гімнасткай! Бліжэй да 11 гадоў зразумела, што такая кар’ера не для мяне, і накіравалася ў Гродзенскую мастацкую школу. Выразна памятаю звонкую цішыню ў кабінеце: толькі я і два нацюрморты. Сярод сямікласнікаў была адзінай, хто паступаў. На работы, вывешаныя ў калідорах, тады глядзела разявіўшы рот. Думала: няў жо калінебудзь і я змагу? 

— Там і пачалася конкурсная дзейнасць? 

— Так. Згадваецца забаўны выпадак. Аднойчы паехала на пленэр у Карэлічы. Не маючы досведу, знайшла самае складанае месца з усіх магчымых. Каля ракі, у крапіве і брудзе, адмахваючыся ад камароў, сядзела і гераічна пісала эцюд акварэллю. Скончыць яго не паспела, ды і ўзнагароду не атрымала, але пленэры палюбіла незваротна. 

— Хто дапамог раскрыць ваш талент? 

— Цудоўныя педагогі Таццяна Анатольеўна Дзяшко і Ірына Аляксандраўна Курадчык. Яны сфарміравалі неабходную базу, прывілі ўважлівасць да навакольнага свету, стварылі свабодную прастору для самавыяўлення, спроб і памылак. Разам мы наведалі мноства выстаў. Таксама вельмі ўдзячная бацькам, якія заўсёды падтрымлівалі, брату, чые малюнкі захаплялі і натхнялі, прыгожым кнігам і мультфільмам… 

— Дзе працягнулі ўдасканальвацца? 

— У Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на спецыяльнасці “Дызайн”. Штудзіравала партрэт і нацюрморт пад наглядам выдатных выкладчыкаў Віталя Станіслававіча Буйвіда і Сяргея Трафімавіча Асапрылкі. Прафесійных навыкаў і ведаў тут назапасіла яшчэ больш. Затым рушыла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Хацелася далей развівацца ў асяроддзі аднадумцаў. Выбрала кафедру графікі, хаця і не ўяўляла, чым буду займацца. З кірункам, дарэчы, не пралічылася. 

— Якія магчымасці адкрыла ВНУ? 

— Дзякуючы акадэміі пагрузілася ў вялізны і неверагодна займальны свет друкаванай графікі. Літаграфія, ксілаграфія, лінагравюра, афорт, метад сухой іголкі… Дзе яшчэ магла б асвоіць столькі тэхнік, пазнаёміцца з такімі цудоўнымі творцамі, чулымі і мудрымі выкладчыкамі? Бязмерна рада быць часткай гэтай супольнасці. 

— А хто для вас эталон у выяўленчым мастацтве? 

— Нязменнага няма. Але чым не перастану захапляцца ніколі — прыродай. А яшчэ народнай культурай. У ёй шмат шчырасці. — Які момант конкурснай дзейнасці лічыце самым значным? — Перамогу ў Арктычных Дэльфійскіх гульнях, што праходзілі ў Рэспубліцы Комі летась. 

— Як трапілі на гэтае творчае спаборніцтва? 

— Падштурхнула цікавасць. Калі сядзець на адным месцы, нідзе не паказваць сябе, з’яўляюцца шоры. А паездкі, выставы — гэта заўсёды знаёмствы, уражанні, адкрыцці і стымул для далейшага развіцця. Новыя падзеі патрабуюць энергіі і часу, але даюць магчымасці, разуменне месца ў свеце мастацтва. 

— Якія ўражанні прынёс конкурс? 

— Запомнілася атмасфера сяброўства і падтрымкі! Унутры беларускай дэлегацыі склаліся вельмі цёплыя адносіны. Мы абменьваліся досведам, хварэлі адзін за другога. Удалося пазнаёміцца і з цікавымі прадстаўнікамі іншых краін. 

Аўтапартрэт

— Чым вы скарылі журы? 

— Нацюрмортам “Рытмы восені” і “Восеньскім аўтапартрэтам”. На месцы пісала кампазіцыю на тэму “Сям’я”. Хвалявалася, ствараючы работу ў асяроддзі моцных асоб. Да самага канца даймалі думкі, што магу не паспець, пралічыцца з колерам. 

— Дарэчы, у вас ёсць “любімчыкі” сярод уласных прац? 

— “Вечар на дачы” — увасабленне дзіцячых успамінаў, хатняй утульнасці; серыя лінагравюр з людзьмікветачкамі, у якой простасць спалучаецца з неверагодным зарадам кахання, радасці і вясны; ілюстрацыі да кнігі “Пабудзіць прынцэсу” Ксеніі Шталенковай. З часам да многіх карцін пачынаю ставіцца больш крытычна, таму цёплыя пачуцці згасаюць. А бывае, што, наадварот, прачынаюцца. 

— Наконт працы над кнігай. Якім атрымаўся гэты досвед? 

— “Пабудзіць прынцэсу” — казка п’еса з рыцарамі, цмокамі і чараўніцтвам, што цалкам захапіла мяне. Аўтар аказалася пазітыўным і яркім чалавекам, з якім мы хутка знайшлі агульную мову. Досыць доўга падбірала тэхніку і стылістыку, вывучала характэрнае адзенне, элементы архітэктуры, каб выявы годна адлюстроўвалі апісаную ў тэксце эпоху. Працэс быў неймаверна займальным, атрыманыя веды вельмі каштоўныя. 

— Што ў вас у планах? 

— Хачу праілюстраваць яшчэ некалькі выданняў, актыўна ўдзельнічаць у выставах, спасцігаць майстэрства графікі, эксперыментаваць, здзіўляць і дзівіцца. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні