Скарбніца Баранавіччыны

Апублiкавана: 06 лютага 2025 Стужка Музеі Брэст і вобласць

Аўтар: РУДАК Антон

Баранавіцкі краязнаўчы музей — найстарэйшы ў Брэсцкай вобласці — адсвяткаваў 95-годдзе. Якім быў шлях гэтай выдатнай установы і чым яна гатовая здзіўляць наведвальнікаў сёння?

Гісторыя музея бярэ пачатак у 1929-м, калі ўзнікла ідэя выставы пра эканамічнае і культурнае развіццё Баранавічаў і ваколіц. Справа была даручаная выкладчыку малявання гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана Леанарду Турскаму, які прыйшоў да высновы, што нельга абмяжоўвацца часовай экспазіцыяй, а варта стварыць музей з карціннай галерэяй, які б працаваў пастаянна.

Часовая выстава да 95-годдзя музея

Наступны этап станаўлення музея ў Баранавічах звязаны з падзеямі 1939—1940-х, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Установа была ператвораная ў абласны музей выяўленчых мастацтваў, а яе фонды папоўніліся паступленнямі са шляхецкіх маёнткаў і палаца Радзівілаў у Нясвіжы. На жаль, развіццё скарбніцы было перарванае нацысцкай акупацыяй, калі яна назаўжды страціла больш за 1700 музейных прадметаў. 

У пасляваенныя гады Баранавіцкі абласны музей дзейнічаў у Слоніме, але ў 1952-м вярнуўся ў родны горад. Размясціўся ў гістарычным цэн- тры ў двухпавярховым будынку пачатку XX стагоддзя. У 1994—1995-х была адкрытая для наведвальнікаў новая і цяпер дзейная асноўная музейная экспазіцыя, якая месціцца ў пяці залах, дзе прадстаўлены 1887 музейных прадметаў. Сёння збор складае амаль 45,5 тысяч рэчаў, змешчаных у 38 тэматычных калекцыях. 

З УВАГАЙ ДА НАВЕДВАЛЬНІКАЎ 

Дырэктар музея Наталля Шастак распавяла, што ў 2021-м пасля рээкспазіцыі адкрытая новая зала “Прырода роднага краю”, дзе натуральнымі экспанатамі, дыярамамі і фатаграфіямі прадстаўлены натурныя багацці раёна. Для людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі этыкетаж залы і правілы наведвання пераклалі на ясную мову. Гэты праект рэалізаваны адмыслоўцамі музея, настаўнікамі-дэфектолагамі сярэдняй школы № 13, супрацоўнікамі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, а таксама выхаванцамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. 

Наталля Шастак

Асноўная музейная экспазіцыя “Прырода роднага краю. Горад Баранавічы. Баранавіцкі край ад першабытнаабшчыннага ладу да сярэдзіны ХХ стагоддзя” створана ў 1994—1995-х. Выстаўка першай залы прысвечаная гісторыі краю да канца XVIII стагоддзя. Яе адкрывае тэматыка-экспазіцыйны комплекс, які расказвае пра эпоху першабытнаабшчыннага ладу: археалагічныя знаходкі, рэканструкцыі, фатаграфіі, малюнкі і карты ў храналагічным парадку раскрываюць працэс засялення беларускіх земляў першабытнымі людзьмі. Наступны комплекс прысвечаны ранняму Сярэднявеччу — прадстаўлены земляробчыя прылады працы і вырабы старажытных рамеснікаў. Завяршае экспазіцыю комплекс матэрыялаў, які распавядае пра раздзел Рэчы Паспалітай і далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі. 

НА ПЕРАЛОМЕ ЭПОХ 

У экспазіцыі другой залы можна вылучыць тры тэмы: “Баранавічы. Узнікненне і развіццё”, “Першая сусветная вайна” і “Знакамітыя землякі”. Раздзел, прысвечаны ўзнікненню і развіццю горада, адкрывае комплекс матэрыялаў аб чыгунцы, дзякуючы якой у другой палове XIX стагоддзя пачалася гісторыя Баранавічаў. Фотапаштоўкі з відамі горада пачатку ХХ стагоддзя, выпушчаныя мясцовымі выдаўцамі Літваком і Рабіновічам, даюць магчымасць пабачыць, якімі былі Баранавічы больш за сто гадоў таму. 

Тэматыка-экспазіцыйны комплекс аб Першай сусветнай вайне прадстаўлены дакументамі і фатаграфіямі, што расказваюць аб Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, калі яна ў 1914—1915-м размяшчалася ў Баранавічах, і прыездзе сюды цара Мікалая II. Пра ваенныя дзеянні, якія праходзілі на тэрыторыі краю, і Баранавіцкую аперацыю ліпеня 1916 года сведчаць фатаграфіі ўдзельнікаў падзей, іх асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы і зброя. 

ВЕКАПОМНЫЯ ГАДЫ 

Экспазіцыя трэцяй залы ўклю- чае тры раздзелы — “Баранавічы і Баранавіцкі раён у складзе Польскай дзяржавы. 1921—1939 гады”, “Верасень 1939 года. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР” ды “Баранавічы і Баранавіцкі раён у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. Фатаграфіі, дакументы, газеты і ўлёткі распавядаюць аб удзеле жыхароў краю ў нацыянальна-вызваленчым руху ў перыяд 1921—1939-х. Тэме Другой сусветнай вайны, якая пачалася 1 верасня 1939 года нападам нацысцкай Германіі на Польшчу, прысвечаны наступны тэматыка-экспазіцыйны раздзел. Пра ўдзел мясцовых жыхароў у баях супраць гітлераўскіх войскаў у верасні 1939 года сведчаць дакументы, фота, узнагароды, лісты. Наступны комплекс расказвае аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР, стварэнні 4 снежня 1939 года Баранавіцкай вобласці і сацыялістычных пераўтварэннях. 

Большую частку экспазіцыі трэцяй залы і амаль усю чацвёртую займае раздзел “Баранавічы і Баранавіцкі край у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. Тут прадстаўленыя фатаграфіі, дакументы, узнагароды, зброя і асабістыя рэчы ўдзельнікаў абарончых баёў, ваенных дзеянняў на франтах, падпольнага і партызанскага рухаў на тэрыторыі краю, партызанскія газеты і ўлёткі. Завяршае экспазіцыю чацвёртай залы раздзел пра аднаўленне горада і раёна пасля вызвалення ад захопнікаў. 

НОВЫ ЭТАП — НОВЫЯ ЭКСПАЗІЦЫІ 

У 2021-м завяршылася работа над рэ-экспазіцыяй пятай залы, прысвечанай тэме “Прырода роднага краю”. Тут — чатыры раздзелы: “Зараджэнне жыцця на Зямлі”, “Этапы фарміравання ландшафту Баранавіцкага краю”, “Прырода Баранавіцкага краю” ды “Чалавек і навакольнае асяроддзе”. Можна пабачыць косткі маманта і рог першабытнага быка, закамянеласці бесхрыбетных жывёл, пудзілы высакароднага аленя, казулі, янотападобнага сабакі, рысі еўрапейскай, лебедзя-шыпуна, балотнай чарапахі, шэрага жураўля і іншых прадстаўнікоў фаўны Беларусі. 

Наведвальнікам залы “Прырода роднага краю” прапануюцца відэафільмы пра вынікі дзейнасці чалавека ў ХХ стагоддзі: наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, правядзенне меліярацыйных работ на тэрыторыі Беларусі ў 1950-х, а таксама стужкі, прысвечаныя помнікамі прыроды Баранавіцкага раёна. Летась у Дзень народнага адзінства, 17 верасня, у музеі адбылося адкрыццё новай экспазіцыі “Беларусь сучасная. Баранавічы — адзін з найбуйнейшых прамысловых і культурных цэнтраў незалежнай Рэспублікі Беларусь”. Установа працягвае расці і развівацца. 

Антон РУДАК 

Фота з сайта музея