У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава, прысвечаная Льву Альпяровічу. Са з’яўлення на свет прызнанага класіка беларускага выяўленчага мастацтва мяжы XIX і XX стагоддзяў мінула 150 гадоў. Якім быў жыццёвы шлях знакамітага творцы?
У трыядзе славутых айчынных аўтараў даваеннага часу — разам з Юдалем Пэнам і Якавам Кругерам — Лейба Альпяровіч займае асаблівае месца. Ён працаваў у жанры пейзажа, бытавых кампазіцый. Вядомы і як выдатны партрэтыст, чые работы ўдала перадаюць не толькі знешняе падабенства мадэляў, але і характар ды ўнутраны стан. Яго ўнікальная творчая спадчына — гэта тонкае перапляценне рысаў шматлікіх напрамкаў і стыляў.
Будучы класік нарадзіўся 4 снежня 1874 года ў вёсцы Куранец, у якой жылі больш за паўтары тысячы яўрэяў. Часта сярод іх сустракаліся аднафамільцы мастака, звязаныя з ім роднаснай сувяззю. Тут ён жыў да 1882-га, пасля разам з сям’ёй пераехаў у Мінск.
Пачатковую мастацкую адукацыю Лейба (Леў) Альпяровіч атрымаў у Віленскай рысавальнай школе, куды паступіў у 16 гадоў. Дзякуючы падтрымцы пецярбург-скай Акадэміі мастацтваў ва ўстанове праводзіліся выставы і конкурсы, дзе юны творца аднойчы заваяваў сярэбраны медаль.
Наступным прыстанкам стала больш прагрэсіўнае з пункту гледжання выкладання Адэскае мастацкае вучылішча, дзе і раскрыліся выдатныя здольнасці жывапісца. Ён атрымаў малы і вялікі бронзавыя і малы сярэбраны медалі, а ў 1897-м у якасці лепшага вучня паступіў вольным слухачом у Вышэйшую мастацкую вучэльню пры Імператарскай Акадэміі майстэрстваў. Неўзабаве сутыкнуўся з сур’ёзнымі перашкодамі: праз адставанне па агульнаадукацыйных прадметах тры гады заставаўся на першым курсе, потым не здаў іспыт па гісторыі мастацтваў і ў 1899-м быў адлічаны.
Тым не менш пасля разрыву сувязей з вучылішчам некаторы час заставаўся ў тагачаснай расійскай сталіцы. Тут Альпяровіч атрымаў адтэрміноўку ад чатырох гадоў у арміі і паступіў вольным слухачом у майстэрню Ільі Рэпіна.
Сур’ёзныя змены ў жыцці героя адбыліся ў 1902-м. Спачатку жывапісец атрымаў званне мастака з чынам калежскага сакратара за карціну “Апавяданне са Святога Пісання”, пасля асеў у Мінску, дзе сустрэў будучую жонку — дачку вядомага прамыслоўца і півазаводчыка Іцкі-Хаіма Кантаровіча. Маладая пара пасялілася ў доме на Аляксандраўскай вуліцы (цяпер — Максіма Багдановіча). Будынак, дарэчы, захаваўся да нашых дзён.
Сродкі да існавання Леў Альпяровіч здабываў выкладаннем. Заказчыкаў партрэтаў было мала, дзяржаўная служба, як і заснаванне ўласнай школы, творцу не цікавілі, таму прыватныя ўрокі жывапісу былі адзінай крыніцай прыбытку.
Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, Альпяровіч заставаўся вольным мастаком, працягваў пісаць, эксперыментаваць і імкнуўся выстаўляцца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вільні. У Мінску ж імя аўтара прагучала дзякуючы экспазіцыі Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, што адкрылася ў 1906-м. Было прадстаўлена 36 яго твораў: дзевяць жывапісных карцін, дзве шырмы з роспісам і 25 эцюдаў.
У гэтым жа годзе Альпяровіч атрымаў замежны пашпарт і адправіўся ў Берлін. Ад’езд выклікалі рэвалюцыйныя падзеі, што перашкаджалі працы. Часовая эміграцыя не была ўзрушэннем для творцы: ён даўно хацеў пабываць за мяжой, каб, як вынікае з ліста рускаму мастаку Аляксандру Гаўшу, “не завязнуць” на адным месцы.
Што да жыцця ў Германіі, звестак пра той перыяд захавалася мала. Згадкі беларускага класіка ў нямецкіх каталогах выстаў і артыкулах не знойдзены. Тры гады за мяжой дакументаваны толькі карцінамі, дзе пазначана месца іх стварэння. А з прывезеных на Радзіму палотнаў захаваліся толькі два: “Берлін увечары. Над Шпрэе” і “Партрэт Ю.Ю. Клевера”.
Пасля вяртання ў Мінск Альпяровіч актыўна ўдзельнічаў у разнастайных выставах, шукаў уласны мастацкі стыль. Аднак мясцовая крытыка яго жывапіс не прызнавала, “прыемнымі і цёплымі” лічылі толькі жаночыя партрэты. У выніку фінансавыя праблемы прывялі Льва Альпяровіча да працы табельшчыкам на будаўніцтве, а ў 1912-м — выкладчыкам у прыватным яўрэйскім вучылішчы Хайкіна. Годам пазней у “Мінскай газеце-капейцы” з’явілася нататка аб смерці творцы пасля непрацяглай і цяжкай хваробы.
На нейкі час праз вір па дзей Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, рэвалюцыйных ператварэнняў пра мастака забылі.
Толькі ў 1925-м Беларускі дзяржаўны музей выкупіў значную частку работ мастака і прадставіў 20 з іх на Першай Усебеларускай мастацкай выставе. Больш за 300 раней невядомых палотнаў выпадкова знайшлі ў 1939-м. Тады ж адбылася першая персанальная выстава.
Менавіта ў савецкі час творчасць Льва Альпяровіча нарэшце ацанілі, мастацтвазнаўцы прысвячалі яму шматлікія навуковыя публікацыі. Але ў гады ваеннага ліхалецця большасць музейных збораў вывезлі ў Нямеччыну. Праз цудоўны выпадак частку карцін у маі 1941-га адправілі на выставу ў Віцебскую галерэю Юдаля Пэна, дзякуючы чаму яны ацалелі.
Сёння работы выдатнага творцы можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі, дзе працуе выстава “Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя” — даніна памяці выбітнаму беларускаму жывапісцу.
Убачыць на свае вочы палотны класіка можна да 23 лютага.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ