Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня ўручыў спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод узнагароджаных — майстар народных мастацкіх рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, народны майстар Беларусі Ірына Шавельская.
Ірына Францаўна ўдастоена ўзнагароды за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў, адраджэнне народных тэхналогій саломапляцення.
Гераіня прызнаецца: яшчэ ніяк не можа ўсвядоміць, што яе працу так высока ацанілі. Заўважае: гэта не толькі вельмі прэстыжна, але і адказна! Шчыра дзякуе кіраўнікам усіх узроўняў, метадыстам, людзям, якія арганізоўваюць фестывалі і святы, прэсе. Маўляў, калі б з іх боку не было падтрымкі, зацікаўленасці ў рабоце майстроў, то яны працавалі б паціху ў сваіх вёсачках ды цешылі б творчасцю хіба што мясцовых жыхароў. А ў рэальнасці маюць магчымасць шырока папулярызаваць нашы традыцыі, знаёміць з імі вялізную колькасць людзей, выхоўваць на іх моладзь і працягваць улюбляць беларусаў у сваё спрадвечнае.
1990-я. У выпускніцы Ашмянскага сельгастэхнікума Ірыны Шавельскай на руках “свабодны” дыплом бухгалтара. Час няпросты, працу маладому спецыялісту знайсці складана. Нечакана дзяўчына атрымлівае запрашэнне з Прывалкаўскай базавай школы — клічуць арганізатарам культурна-дасугавай дзейнасці. Плён Ірыны не застаўся незаўважаным кіраўніцтвам мясцовага сельвыканкама — прапанавалі ўзначаліць сельскі клуб. Маладая кіраўніца не толькі генеравала ідэі і паспяхова арганізоўвала мерапрыемствы, але і паспявала вязаць, шыць і асвойваць старажытнае беларускае мастацтва — выцінанку. Затым пачалася праца ў Доме рамёстваў.
— Я ўдзельнічала ў семінарах, прай шла некалькі курсаў павышэння кваліфікацыі, — распавядае Ірына Шавельская. — І ўсё больш улюблялася ў саломапляценне. Праўда, спрабаваць баялася: складана, раптам не дам рады. Але неяк сустрэла майстроў з Іўя. Адна з іх уручыла мне пучок саломкі... Вярнулася дадому — і ўсё пазіраю на залацістыя пруткі. Пайшла ў бібліятэку, адшукала кнігі па саломапляценні. Потым “нырнула” у інтэрнэт — па схемы. Паступова захапленне перарасло ў працу. І ведаеце, я шчаслівы чалавек, бо гэта любімая праца!
Жыццё элегантнага саламянага галаўнога ўбору пачынаецца задоўга да таго, як майстар сядзе яго плесці.
— Матэрыял нарыхтоўваю сама: сею на дачы жыта, жну, звязваю ў снапы, сушу, — дзеліцца сакрэтамі Ірына Францаўна. — Потым рэжу на часткі — каленца. Сартую па таўшчыні і колеры, бо калі ўлетку стаяла сонечнае надвор’е, то і саломка атрымліваецца светленькай, чыстай, прыгожай. А калі часта ішлі дажджы, становіцца шараватай — тады яе трэба адбяліць і зноў высушыць. Перад працай пучкі замочваю і прыступаю да пляцення. Для аднаго капялюшыка спатрэбіцца 20 метраў зубаткі (від пляцення). Па ёй спачатку праходжуся качалкай, пасля сшываю. Хтосьці робіць гэта нітачкамі, хтосьці — лёскай. На працэс ідзе дватры дні.
Кожнага майстра па саломапляценні адрознівае почырк. Ён адлюстроўваецца і ў дэталях, і ў тым, якія вырабы ў прыярытэце.
— Мне больш даспадобы скульптура — фігуркі жывёл, птушак, нашы традыцыйныя беларускія лялькі, — кажа Ірына.
Некалькі такіх работ — скажам, вялізнага бусла і калядную Казу,— можна было ўбачыць на адкрыцці выставы дасягненняў суверэннай Беларусі “Мая Беларусь” у Мінскім МВЦ.
Цікавасць наведвальнікаў да вырабаў рукадзельніцы і да яе майстаркласаў вялізная!
Дарэчы аб народных святах: за акном зіма, але Ірына Шавельская ўжо думае, як адлюстраваць у новых работах вясновыя традыцыі беларусаў.
— У нашым рэгіёне існуе ўнікальнае рамяство, якое ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь: выраб велікодных вербаў (пальм) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны, — расказвае майстар. — Гэта аўтэнтычная тэхналогія мяне вельмі зацікавіла, працягваю яе вывучаць. Дадала да галінак, кветак, стужак саломку — з ёй кампазіцыя становіцца сонечнай.
Вясна на парог, а там і лета — актуальнай стане тэма Купалля. Ірына Шавельская зробіць вяночкі, букеты з саломкі, усё — з захаваннем мясцовых звычаяў. А бліжэй да восені — час заняцца “дажыначнай” тэматыкай. І не проста прыгожы сноп звязаць, а, напрыклад, зрабіць з саломкі... млын. Як сцвярджае творца, няма нічога немагчымага!
Свае працы Ірына Францаўна паспяхова дэманструе на розных форумах. Не раз бывала на “Славянскім базары ў Віцебску”, на знакамітым “Купаллі” ў Александрыі, выстаўлялася на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, удзельнічала ў шматлікіх конкурсах, адкуль нязменна вярталася з узнагародамі. Прызнаецца: любіць такія мерапрыемствы, бо там можна пазнаёміцца з іншымі майстрамі, з іх рамёствамі, абмяняцца досведам, набрацца новых ідэй.
Летась Ірына Шавельская ў складзе дэлегацыі прадстаўляла чацвёрты рэгіён Беларусі падчас Дзён Гродзенскай вобласці на ВДНГ у Маскве.
— Расіяне прымалі нас цёпла, — успамінае Ірына Францаўна. — На нашы майстар-класы выстройвалася чарга. Вельмі прыемна бачыць, што беларускае традыцыйнае мастацтва выклікае шчырую цікавасць не толькі ў нашай краіне. А мы, майстры, імкнёмся яго ўсяляк падтрымліваць. Паказваем, як стварыць той ці іншы выраб, расказваем, адкуль пайшло рамяство, што значыла для нашых продкаў, чаму так важна захоўваць нашы карані, нашу беларускую адметнасць.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні