Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр — адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў XVII— XVIII стагоддзяў. А цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці — найменшая з самых шанаваных багародзічных ікон.
У поле зроку Аляксандра Лукашэнкі манастыр аграгарадка Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці патрапіў у 1996-м. Прэзідэнт Беларусі наведаў мясціну і распарадзіўся аднавіць старажытныя будынкі. Ён адзначыў, што дзяржава ў даўгу ў святых людзей, якія, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, захавалі для народа духоўны цэнтр.
Дзякуючы лідару быў прыняты шэраг праграм па адраджэнні манастырскага комплексу. Спачатку святыні вярнулі трохпавярховы будынак, дзе ў савецкія часы знаходзіўся сельгастэхнікум. Гэта першы аб’ект, да аднаўлення якога прыступілі ў канцы 1990-х. Затым адрэстаўравалі і адрамантавалі семінарыю, інтэрнат, трапезныя, добраўпарадкавалі крыніцы, аднавілі званіцу і найстарэйшы брацкі корпус.
Кіраўнік дзяржавы зноў наведаў архітэктурны помнік 25 чэрвеня 2021 года.
— Жыровічы ў нас аграгарадок. І частка гэтага аграгарадка — манастыр і храм. На працягу гэтага года трэба прадставіць мне план мадэрнізацыі паселішча поўнасцю — ад цэнтра да ўскраін. Па прынцыпе гарадскога пасёлка Копысь, — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка. — Трэба прывесці ў ідэальны стан. Гэта павінна быць жамчужына. Я вам абяцаю, што грошы мы цалкам пад патрэбы вылучым.
Чарговая праграма на 2022— 2025 гады прадугледжвае фінальную стадыю прац у галоўным храме Жыровіцкага манастыра — Свята-Успенскім саборы. Ужо заменены дах, зроблена інжынернае забеспячэнне, ацяпленне і водаадвядзенне. Пасвяжэў фасад, добраўпарадкаваны ўнутраны дворык. Абноўлены скляпенні, сцены і падлогі. Рэстаўруецца іканастас — сэрца сабора.
І тут таксама не абышлося без Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня падпісаў распараджэнне № 1рп, якім зацвердзіў рашэнне савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва — выдзеліць мільён рублёў на рэстаўрацыю іканастаса 1676 года.