Ангеліна Самалётава заваявала сярэбраны медаль III Адкрытых маладзёжных Арктычных Дэльфійскіх гульняў у намінацыі “Эстрадныя спевы”. Гэта далёка не першая перамога маладой спявачкі, якая яскрава праявіла сябе ў рэспубліканскім радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусi”, міжнародным фестывалі-конкурсе “Залатая пчолка”, рэспубліканскім конкурсе “Агонь маладзёжных талентаў”, фестывалі “Моладзь за Саюзную дзяржаву”. У апошнім, дарэчы, атрымала званне лаўрэата.
— Ангеліна, як пачаўся ваш шлях у свет музыкі?
— З самага дзяцінства любіла спяваць, танчыць, маляваць… Расла вельмі творчым дзіцем! Маё захапленне музыкай складана было не заўважыць, таму ў дзевяць гадоў маці адвяла ў вакальную студыю ў родным Светлагорску, дзе я навучалася да заканчэння агульнаадукацыйнай школы. Паралельна наведвала музычную і асвойвала фартэпіяна, што вельмі дапамагло ў будучыні.
Цырымонія ўшанавання пераможцаў і ўдзельнікаў Адкрытых дзіцячых і ІІІ Адкрытых маладзёжных Арктычных Дэльфійскіх гульняў прайшла 27 снежня ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
— Цяпер вы студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Чаму выбралі менавіта гэтую ўстанову?
— Першапачаткова хацела стаць перакладчыкам з англійскай мовы, таму вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Добра здала іспыты і практычна на 100 балаў ЦТ… Але зразумела, што мая сапраўдная мара — звязаць жыццё з музыкай. Таму ў апошні момант перакінула дакументы ў БДУКМ на спецыяльнасць “Эстраднаджазавы вакал”. Азіраючыся назад, магу сказаць адназначна: зрабіла правільны выбар!
— Якія магчымасці адкрыў універсітэт?
— Мая канцэртная дзейнасць стала больш актыўнай дзякуючы падтрымцы дацэнта кафедры эстраднай музыкі, таленавітага выкладчыка Таццяны Мікалаеўны Дробышавай. Яна дапамагае развіваць вакальныя дадзеныя, дае шмат каштоўных парад і “выцягвае” з мяне ўсе лепшыя асобасныя якасці! З часам наш творчы саюз становіцца ўсё мацнейшым, разам рухаемся наперад і дасягаем новых вышынь.
— Мець побач такога настаўніка — падарунак лёсу. Тым не менш сумяшчаць вучобу і конкурсную дзейнасць дастаткова складана…
— Неабходна аддаць належнае педагогам БДУКМ. Абсалютная большасць выкладчыкаў актыўна падтрымлівае студэнтаў падчас спаборніцтваў. Я таксама прыкладаю максімум намаганняў, каб захоўваць баланс і не “запускаць” акадэмічную сферу.
— Раскажыце аб Дэльфійскіх гульнях.
— Для многіх маладых выканаўцаў гэта шанц праверыць свае здольнасці, бо ацэньваюць іх сапраўдныя прафесіяналы. Праявіць сябе ў конкурсе такога высокага ўзроўню — каштоўны досвед. Да таго ж Таццяна Мікалаеўна поўнасцю падтрымала мяне. Як вынік — вельмі цікавае, эмацыйнае, захапляльнае падарожжа… І сустрэча з вялікай адказнасцю: якніяк прадстаўляеш сваю краіну на міжнароднай арэне!
— Чым уразілі журы?
— У розных турах выконвала “Дзякую” Яўгена Алейніка, “Fall from the Sky” албанскай спявачкі Арылены Ары, а таксама хіт рокгурта AC/DC “Highway to Hell”. У эмацыйным плане гэтыя кампазіцыі вельмі мне імпануюць.
— Дарэчы, хто з выканаўцаў асабліва вас натхняе?
— На беларускай і расійскай эстрадзе — Ганна Благава, Сяргей Лазараў, Дзіма Білан і Паліна Гагарына. Што тычыцца замежных музыкантаў, вельмі люблю творчасць Майкла Джэксана.
— Плануеце пазмагацца за прэмію Прэзідэнцкага фонду?
— Прызнацца, гэтая ідэя даўно сядзіць у галаве. Мая нядаўняя перамога — выдатны шанц увасобіць яе ў жыццё.
— Чаго яшчэ хочаце дасягнуць?
— Мару прабіцца на вялікую сцэну, выступаць разам з выбітнымі артыстамі і прадставіць Беларусь на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ