Дзісненская паэтка часоў Асветніцтва

Лёс Тэклі Урублеўскай, адной з першых беларускіх жанчын-літаратараў, падзелены на роўныя часткі XVIII і XIX стагоддзямі. У мінулым нумары мы разблытвалі таямніцы радаводу аўтаркі. Сёння паглыбімся ў жыццяпіс, у якім таксама досыць загадак.

(Працяг. Пачатак у “К” №№ 48, 50, 2024)

НАС СТВАРАЕ ЧАС 

Паэтка нарадзілася напрыканцы існавання Вялікага Княства Літоўскага — дзяржавы яе продкаў. Напэўна, з надзеяй сачыла за намаганнямі перадавой часткі грамадства вырваць краіну з багны, у якую тая ляцела на ўсіх ветразях. Тэкля бачыла падзенне і спробы аднаўлення, што рабіліся на пачатку ХІХ стагоддзя. Праўда, у гэтых ды іншых падзеях дзяўчына магла быць толькі назіральніцай. Як мы ведаем, жанчыны (акрамя прадстаўніц магнацкіх колаў) і тады, і яшчэ даволі доўгі час потым былі выключаны з грамадска-палітычнага жыцця. 

Напрыканцы XVIII стагоддзя ў Еўропе стаў разгарацца рух жанчын, якія хацелі “людзьмі звацца”. Адна з самых вядомых — Алімпія дэ Гуж. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, у 1791-м, пісьменніца і актывістка апублікавала “Дэкларацыю правоў жанчыны і грамадзянкі”, з дапамогай якой дабівалася ўраўнавання ў правах асоб рознага полу. Прынятая новым урадам “Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна” скасавала рэлігійную і саслоўную дыскрымінацыю, але абмінула ўвагай палову французскага грамадства. Дэ Гуж праславілася словамі: “Жанчына мае права ўзысці на эшафот, яна таксама павінна мець права ўзысці на трыбуну”. За свае погляды і творы ў 1793-м Алімпія была пакарана смерцю. 

Касцёл Унебаўзяцця Божага і кляштар місіянераў у Вільні. Зыгмунт Фогель, каля 1800-га

Але не ўсе спробы пасунуць межы, прадпісаныя тагачаснымі нормамі, завяршаліся трагічна. У 1799м кузіны Джэйн і Мэры Пармінтэр у спадніцах штурмавалі альпійскія вяршыні. Так нарадзіўся жаночы альпінізм. Першай жа, хто наважыўся выправіцца ў горы ў нагавіцах, больш прыдатных для паходу, была Мэта Брэвут (1880). Тады кабетам забаранялася насіць мужчынскае адзенне — парушальніц чакала сур’ёзнае пакаранне. Як бачым, час няпросты. І на радзіме Тэклі Урублеўскай, у Навагрудку, ні пра дэкларацыі, ні пра паходы (хоць бы на гару Міндоўга) гаворкі не магло быць. Дзе ж рэалізаваць сябе “абуджаным” жанчынам? Наша гераіня абрала літаратурную ніву. 

НЯЎДАЛЫЯ ВЫСІЛКІ 

Урублеўская паспрабавала надрукаваць свае вершы, аб’яднаныя назвай Zabawki Wieyskie, яшчэ да 1806га. Аб гэтым распавёў ва ўспамінах літаратар з Міншчыны Ігнат Быкоўскі. На той момант ён ужо выдаў некалькі кніг: Wieczory Wieyskie (ч. 1, 1787; ч. 2, 1788), паэму Nocy Wieyskie (1788), Rozmyslania Wieśniacze (1799). Але здарылася дзіўнае. Спадзеючыся апублікаваць работы ў Вільні, Урублеўская накіравала іх піяру Юзафу Бароўскаму. Той чамусьці пераслаў творы Быкоўскаму. Апошні сёетое падправіў, перапісаў сабе тры вершы, пачаў ліставанне з паэткай, пабываў у яе з мужам у гасцях… А ў друк нічога не пайшло. 

І Тэкля на пэўны перыяд замоўкла. Мы абсалютна нічога не ведаем пра яе жыццё паміж 1806-м і 1815-м. Можам толькі здагадвацца, што час літаратарка не губляла. 

ДРУКАР ЮЗАФ ЗАВАДСКІ 

Адразу пасля свят, 2 (17) студзеня 1815 года, Урублеўская піша ліст знакамітаму віленскаму выдаўцу Юзафу Завадскаму, у якім дзеліцца планамі і пакідае важныя сведчанні пра свае творы (два з іх так і не ўбачылі друкарскага варштата): “Вяльможны Мосці Дабрадзею! Даруй… што, хоць і незнаёмая, абцяжарваю Цябе сваім зваротам. Шануючы ў дзейнасці… Пана Дабрадзея асобу, якая клапоціцца пра павелічэнне асветы сярод народа, адважваюся папрасіць, каб меў ласку паведаміць мне пра кошт друку аркуша ў віленскай тыпаграфіі. Я хачу выдаць дзве мае ўласныя трагедыі: адна называецца «Пантэя, каралева Сузы», а другая — «Мустафа і Зеангір»; і дзве, перакладзеныя мною з французскай мовы: «Астарбэ» і «Каліста, ці Прыгожая пакутніца» пана Калярдо. Калі не захавала духу трагедыі, калі, можа, дзе парушыла правілы драмы, няхай даруюць мне, як кабеце, а часам — як чалавеку, з рук якога рэдка што дасканалае выходзіць. Завяршаю на гэтым, просячы… Пана Дабрадзея адказу, атрымаўшы які я паспяшаюся ў Вільню, каб споўніць свой намер… Калі… Пан, маеш ласку мне адпісаць — вось мой адрас: a Madame de Wroblewska, nee de Borzymowska, a Dzisna” (паводле Міколы Хаўстовіча). Ліст быў надрукаваны ў 1935м у зборніку матэрыялаў, што датычацца літаратуры і асветы на Літве і Русі. Хутчэй за ўсё, тады памянялася літара ў дзявочым прозвішчы аўтаркі. Каштарыс, які склаў і адправіў у адказе Завадскі, відаць, не задаволіў Урублеўскую. Таму кнігі выйшлі ў друкарні віленскіх ксяндзоўмісіянераў. Праўда, з затрымкай у два гады. І, на жаль, толькі палова з запланаванага. 

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзісна, 1936

Дарэчы, у тыпаграфіі, заснаванай Юзафам Завадскім, крыху пазней пабачылі свет работы нашых слынных паэтаў Адама Міцкевіча (1822) і Антона Эдварда Адынца (1825), музычныя творы Станіслава Манюшкі. 

КНІГА ПЕРШАЯ 

Дазвол на друк дэбютнага выдання Урублеўскай 7 сакавіка (ст. ст.) 1817 года даў цэнзар ксёндз Філіп Галянскі. Акрамя трагедыі “Пантэя, каралева Сузы”, на старонкі трапілі сем вершаў — напэўна, са зборніка “Забаўкі вясковыя”. На тытульным аркушы слушна пазначана дзявочае прозвішча Тэклі (“z Bórzymowsckich”). Прадмова аўтаркі крыху нагадвае ліст да Завадскага. Тэкля прызнаецца ў недасканаласці твораў, але верыць, што калі “чулы чытач” уздыхне над лёсам Пантэі, дык гэта будзе ўзнагародаю: “Пэўна, зрабіла… вялікія памылкі, размінулася, можа, не раз з правіламі драматычнага мастацтва, у шмат якіх месцах не перадала дух і моц трагедыі… Калі разважны чытач возьме гэты твор у свае рукі, няхай мае ласку памятаць, што нічога дасканалага няма на свеце, што гэта праца кабеты”. Жанчынам, па словах паэткі і драматурга, прыпісваюць прыроджаную слабасць, а іх першапачатковае выхаванне нават аддаляе ад заняткаў літаратурай. Што тычыцца зместу трагедыі, то Урублеўская дадала, што дакладна трымалася “Гісторыі” Герадота. Сярод падпісчыкаў на кнігу (71 чалавек) — нямала знаёмых чытачам “К”: Лапацінскія (сваякі выбітнага архівіста і даследчыка гісторыі мастацтва ВКЛ Яўзебія Лапацінскага), Ромеры (родзічы мастака Альфрэда Ромера), Плятэры (далёкія сваякі Эміліі Плятэр), вядомы літаратар Казімір Буйніцкі (пазней ва ўласнай кнізе згадаў Урублеўскую). Асобнік “Пантэі” каштаваў тры злотыя. 

У 1821-м варшаўскі крытык Ян Савіньскі на друкаваў падрабязны разбор гэтага твора. Праўда, як адзначыў Мікола Хаўстовіч, аналіз быў даволі суровым. Шмат што не спадабалася патрабавальнаму крытыку. “Ён, у адпаведнасці з паэтыкай класіцызму, не прымае прастамоўныя выразы, што «прыніжаюць мову трагедыі, аздобаю якой павінна быць велічнасць і шляхетнасць думкі»”, — напісаў Хаўстовіч. 

КНІГА ДРУГАЯ 

Дазвол на друк другой кнігі Урублеўскай цэнзар ксёндз Ян Хадані (італьянец, прафесар Віленскага ўніверсітэта) даў 24 чэрвеня (6 ліпеня) 1817 года. Сюжэт трагедыі “Мустафа і Зеангір” быў узяты з турэцкай гісторыі: гаворка ішла пра сямейныя інтрыгі пры двары султана Сулеймана. У зборнік уключылі і сем вершаў. У прозвішчы аўтаркі па нядбаласці друкароў з’явілася “о”. Пералік падпісчыкаў у кнізе адсутнічаў, а яе кошт склаў тры злотыя і 15 грошаў. 

Выдавец Юзаф Завадскі. Партрэт ХІХ ст

Ян Савіньскі абмінуў другую трагедыю: як лічыць Мікола Хаўстовіч, “відаць, бачыў у ёй яшчэ больш адступленняў ад правіл паэтыкі класіцызму”. “Ён (Савіньскі. — Заўв. рэд.), зрэшты, адзначаў паэтычныя здольнасці літаратара з Дзісны, сцвярджаў, што «ніхто адразу не стаў вялікім пісьменнікам». Аднак Савіньскі не заўважыў галоўнага: талент Т. Урублеўскай не адпавядаў патрабаванням класіцызму, тым больш жанру трагедыі. Сама пісьменніца адчувала гэта, тым не менш імкнулася выступаць менавіта ў гэтым жанры, не адважваючыся на рэвалюцыйныя змены ўсёй сістэмы тагачасных літаратурных правіл”. 

УСПАМІНЫ АДЫНЦА 

Перш чым мы пяройдзем да трэцяй кнігі, якая стала аб’ектам крытыкі і, напэўна, заламала пяро Урублеўскай, дадзім слова сведку. Ва “Успамінах пра мінулае” паэт і сябра Адама Міцкевіча Антон Эдвард Адынец пакінуў пра нашу гераіню ўнікальныя звесткі. Пачаў з характарыстыкі твораў. 

“Трэба, аднак, прызнаць іх (не кажучы пра іх літаратурную вартасць), што не грашылі перадусім бессэнсоўнасцю і незразумеласцю… Але затое з пункту гледжання эксцэнтрычнасці пані Тэкля з Бажымоўскіх была нібы роднаю сястрою пана Вінцэнта з Цеханаўца. Я не ведаў яе асабіста, бо яна жыла і гаспадарыла на вёсцы ў Мінскай губерні, але наш калега podpiecowy пан Людвік Папроцкі, яе сваяк і добры знаёмы, не раз цешыў усё “Блакітнае кола” (літаратурная секцыя Таварыства філарэтаў у 1820—1823-м. — Заўв. аўт.) апавяданнямі пра яе. Яна была ўжо сталага веку, удава, арандавала даволі вялікі маёнтак, але, здаўшы гаспадарку на сястру, сама займалася выключна паэзіяй, практыкуючы яе таксама і ў штодзённым жыцці. Паклонніца перадусім грэчаскай паэзіі і гісторыі, удавала з сябе Сафо. Апраналася, як грэкіспартанцы, г. зн. напалову памужчынску, заўсёды маючы на скронях нешта накшталт жалезнага шлема ці, хутчэй, дыя дэмы. У садзе мела альтанку на ўзор грэчаскай святыні, без сцен, на калонах; там улетку, як Сібіла на трынозе, звычайна сядзела ў крэсле на ўзвышэнні і назірала за забавамі вясковай моладзі, якія сама для яе кожнае свята ладзіла на ўзор грэчаскіх гульняў і на якіх сама раздавала ўзнагароды. Такса ма тут запрошаныя суседзі мелі магчымасць пачуць яе творы... З той прычыны, што яна была гасцінная, ветлівая і міласэрная, да яе ахвотна наведваліся і любілі ды шанавалі яе. Нават слава паэткі, творы якой друкаваліся, магла істотна імпанаваць слухачам. Інакш гэтую справу бачыў Бароўскі, што па абавязку цэнзара мусіў чытаць яе кепскія творы” (паводле перакладу Яніны Кісялёвай). 

Варта сказаць, што Людвік Папроцкі, які ў філарэцкія часы вылучаўся творчымі здольнасцямі (пазней нават напісаў лібрэта да оперы), сваяком Урублеўскай стаў значна пазней. Яго сястра Зоф’я выйшла замуж за слонімскага ўрадніка Фердынанда Бужымоўскага (брата Тэклі) у 1830-м. 

Пакуль усё. У наступнай частцы распавядзём, як склаўся лёс нашай гераіні ў 1820—1835-м і якія яшчэ пытанні яе жыццяпісу застаюцца без адказаў. 

Газета «Культура» №51 ад 20 снежня 2024 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ