Гастролі — незаменны складнік тэатральнага працэсу. Да юбілею Саюзнай дзяржавы іх пабольшала. За пару апошніх тыдняў мінчукі маглі ўбачыць спектаклі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пермі, Разані на сцэнах Вялікага, Музычнага, Маладзёжнага тэатраў і Цэнтральнага Дома афіцэраў.
У дзень 25-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, 8 снежня, Марыінскі тэатр з СанктПецярбурга паказваў у беларускім Вялікім манументальную, вырашаную ў найлепшых рэалістычных традыцыях “Хаваншчыну” Мадэста Мусаргскага, пастаўленую ў 1952-м і адноўленую ў 2000-м. Прыгадалася, як акурат 20 гадоў таму наш тэатр вазіў у Маскву сваю канцэптуальна-сімвалічную версію гэтай оперы. Сёлета ўвосень ён паказваў у Марыінцы “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана.
Дырыжыруе Валерый Гергіеў
Адначасова з “Хаваншчынай” і напярэдадні, 7 снежня, у Цэнтральным Доме афіцэраў ішоў гогалеўскі “Рэвізор” Маскоўскага тэатра Алега Табакова. Ролю Гараднічага выканаў Уладзімір Машкоў. Зноў прыгадваліся шматлікія беларускія і іншыя расійскія пастаноўкі п’есы, што дэманстраваліся на нашых сцэнах.
Тэатр на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга гэтым разам прэзентаваў не класіку, як летась, а сучасную “Зямлю Эльзы” Яраславы Пуліновіч. Творы маладога расійскага драматурга ў нас таксама запатрабаваны, іх увасаблялі ў розныя гады. У пецярбургскім прачытанні сцэна засыпана зямлёй-пілавіннем, адкуль артысты раз-пораз выкопваюць неабходны рэквізіт. У глыбі прасторы часам адкрываецца праём, за якім па чарзе ўзнікаюць прылавак крамы, хор, пакойчык з канапай. А з кулісы выкочваецца цяпліца з раслінамі. Ды ўсё ж у цэнтры аказваюцца не відовішчныя знешнія эфекты, а ўнутраны стан герояў, выдатна перададзены таленавітымі акцёрамі.
У каханне, упершыню сустрэтае ў мудрым сталым узросце, верыш. Пра пачуцці гавораць не столькі словы, колькі інтанацыі, позіркі, лёгкія дакрананні народных артыстаў Расіі Наталлі Кутасавай і Сяргея Паршына. Сумняваюцца ў паэтычнай рамантыцы хіба дарослыя дзеці персанажаў, “зацыкленыя” на матэрыяльным баку жыцця, і ўдзельнікі хору, што відавочна зайздросцяць гераіні. Трагічны фінал немінучы, ды рэжысёр Галіна Зальцман вырашае яго, як і ў п’есе, дваіста: пры жаданні развязку можна зразумець як фантастычна-станоўчую, што і робіць частка гледачоў, захоўваючы веру ў цуд.
Аўтарскі тэатр Сяргея Фядотава “Ля моста” (Перм) прывёз два свае грузінскія палотны, якія летась ужо дэманстраваў у Горкаўскім: “Хануму” і “Мачаху Саманішвілі”. У больш кампактным Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры гэтыя спектаклі ўспрымаліся іначай. Яны літаральна прыбіралі “чацвёртую сцяну” паміж акцёрамі і залай. Да таго ж рэжысёр прынцыпова імкнецца да гістарычнай і нацыянальнай дакладнасці і нястомна паўтарае, звяртаючыся да публікі перад кожным паказам: спектаклі нават рэпеціруюцца ў мясцінах, што апісаны ў творах.
Сцэна са спектакля "Фаўст"
Замест умоўнай сцэнаграфіі — рэалістычнасць кожнай побытавай дэталі (хіба конь і карова несапраўдныя). Адпаведны акцэнт змяняецца ў песнях грузінскай мовай. Пры такім падыходзе разумееш, што п’еса “Мачахі Саманішвілі” паводле грузінскай аповесці напісана расійскімі аўтарамі, прычым у жанры музкамедыі. Вершаваныя тэксты, што аплятаюць дзеянне, разбураюць адчуванне, быццам ты знаходзішся ў грузінскай вёсцы. І тады пачынаеш яшчэ больш цаніць нашы пастаноўкі тых жа твораў: “Выхадкі Ханумы” ў горкаўцаў і “Нявесту з Імерэціі” ў Музычным тэатры.
Другія мінскія гастролі завяршыў 8 снежня Разанскі абласны тэатр драмы. Апроч нашай сталіцы, у мінулыя гады ён наведаў іншыя беларускія гарады: Гомель падчас фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, Брэст — падчас “Белай вежы”. Гэтым разам паказвалася і навагодняя камедыя, і дзіцячая казка (апошняя — двойчы). Творы рускага класіка Аляксандра Астроўскага і сучаснага французскага драматурга Фларыяна Зелера, напоўненыя роздумам пра шчасце, вылучаліся рашэннямі мастака Генадзя Скамарохава. У “Даходным месцы” — паўсюдная гжэль як сімвал дабрабыту. У “Гадзіне цішыні” вобраз грампласцінкі адлюстроўвае хуткаплыннасць жыцця і няўменне пачуць адно аднаго.
Хэдлайнерам гастролей успрымаўся “Фаўст”. Тэкст Гётэ ўзбагаціўся не толькі дадатковымі сэнсавымі лініямі, але і прамым зваротам адразу трох Мефістофеляў у глядзельную залу. Яны прымусілі публіку стоячы слухаць д’ябальскі спіч і пазнаваць у ім сябе. Жорстка?
Сцэна са спектакля "Хаваншчына"
Спектакль, вырашаны ў сцэнаграфіі чорнага кабінета, прывабіў насычанай зместам пластыкай (харэограф — Марыя Сіўкаева), светлавымі эфектамі (відэамастак — Наталля Навумава), музычным афармленнем з перавагай жанру дроўн-эмбіент, заснаванага на напружана-працяглым гучанні. У інсцэніроўцы скарыстаны фрагменты і “Пралога на нябёсах” (фразы Госпада не вымаўляюцца, а ўзнікаюць на экране), і другой часткі трагедыі, у якой Фаўст заняты ўяўным будаўніцтвам дзеля лепшай будучыні чалавецтва. Лейтматывам становіцца лёгкае пастукванне па грудзях. Так правяраецца, ці ёсць у чалавеку душа. У Фаўста ў фінале яе няма — як і ва ўсіх, хто разам з персанажам трапляе ў пекла. Маргарыта апынаецца на нябёсах, бо яе трымае вера, страчаная Фаўстам. Хаця, як лічыць рэжысёр Дзмітрый Акрыш, герой не падпісвае дамову: чорт падманвае яго, “выпадкова” параніўшы Фаўсту палец і “ласкава” працягнуўшы насоўку. Запэцканую крывёй, д’ябал тут жа вырывае яе з рук. І ў чарговы раз вымушае задумацца пра дабро і зло.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва Вялікага тэатра Беларусі