Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адзначае юбілейную дату — 65 гадоў з дня афіцыйнага адкрыцця. Аб творчых праектах, абнаўленні фонду і міжнародным супрацоўніцтве мы пагаварылі з дырэктарам музея Ірынай Мацяс.
Музей у былым доме народнага паэта быў адчынены для наведвальнікаў 4 снежня 1959 года. Зразумела, з той пары прайшло шмат часу, і разам са зменай гістарычных эпох і тэхналагічным прагрэсам стаўленне да музеяў мянялася. Калі раней калектыў падобных устаноў займаўся толькі навуковазбіральніцкай і экскурсійнай работай, то цяпер музей павінен быць паўнавартаснай культурнай прасторай, каб прыцягваць новых наведвальнікаў розных узростаў і інтарэсаў.
— У час, калі пісьменнік жыў у гэтым доме, тут часта збіралася інтэлігентная публіка, — расказвае Ірына Уладзіміраўна. — У тым ліку пачынаючыя паэты, пісьменнікі, рэдактары, мастакі. Натхніўшыся гэтым, мы пачалі дапамагаць моладзі ладзіць першыя выставы і выступленні на базе музея, даваць талентам штуршок для развіцця, як раней рабіў Якуб Колас. Так, у рамках акцыі “На Акадэмічнай” мы праводзім канцэрты маладых спевакоў, а наш праект “Простыя словы” дазваляе як знакамітым, так і малавядомым творцам расказаць пра сябе і прадставіць публіцы свае работы.
Але наша галоўная задача — праз мерапрыемствы розных напрамкаў прыцягнуць у музей новых наведвальнікаў і пазнаёміць іх з вялікай спадчынай пісьменніка. У тым ліку праз імпрэзы, якія на першы погляд не звязаныя з асобай Якуба Коласа. Бо калі нашыя госці ўсведамляюць, што ў гэтым доме сапраўды жыў легендарны пісьменнік, для іх нібы адкрываецца новы свет. Класік раптам перастае быць міфічнай фігурай, робіцца жывым чалавекам. Такім чынам у нас з’яўляецца больш зацікаўленых гасцей, якія паступова ўлюбляюцца ў музей і становяцца нашымі пастаяннымі наведвальнікамі.
Таксама мы надаем вялікую ўвагу развіццю сацыяльных сетак установы і своечасоваму абнаўленню афіцыйнага сайта, каб людзі нават з іншых краін маглі даведацца пра музей. Так, мы не павінны забывацца аб асноўных задачах — навуковай і фондавай рабоце, але адначасова з гэтым мусім пашыраць поле дзейнасці.
Літаратурна-мемарыяльны музей за дзесяцігоддзі свайго існавання стаў сапраўднай скарбніцай інфармацыі аб жыцці і творчасці пісьменніка. Сёння фонд складае больш за 36 тысяч адзінак. У 10 экспазіцыйных залах і архіве захоўваецца больш за 300 фотаздымкаў і каля 500 дакументаў, асабістыя рэчы пісьменніка, арыгіналы рукапісаў і кнігі.
Але было б памылкай лічыць, што ўсе артэфакты, якія тычацца Якуба Коласа, ужо знойдзены і захоўваюцца ў профільнай ўстанове. Калекцыя музея рэгулярна папаўняецца новымі экспанатамі, якія насамрэч бывае досыць цяжка раздабыць. Але работнікі музея паспяхова спраўляюцца з гэтай важнай задачай.
— Якуб Колас быў вядомай асобай, меў шмат сяброў і знаёмых і дасылаў ім паштоўкі, фатаграфіі, кнігі з аўтографамі. Сёння гэтыя рэчы трапляюць на аўкцыёны, і мы стараемся набываць іх. Часам калекцыянеры і нашчадкі пісьменніка дораць артэфакты ці пакідаюць на часовае захоўванне. Іншы раз свае работы, прысвечаныя пісьменніку, перадаюць мастакі — за што, дарэчы, хацелася б выказаць ім вялікую ўдзячнасць. Акрамя гэтага, мы адсочваем перавыданні твораў пісьменніка, каб дадаць новыя кнігі ў наш фонд, — расказвае Ірына Уладзіміраўна.
Важным напрамкам дзейнасці для музея з’яўляецца ўстанаўленне міжнародных сувязяў. Так, пагадненні аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве дзейнічаюць з літаратурным музеем А.М. Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе, літаратурна мастацкім музеем Марыны і Анастасіі Цвятаевых у Аляксандраве і іншымі ўстановамі ў розных гарадах Расіі.
Геаграфія супрацоўніцтва пастаянна пашыраецца. Так, на міжнароднай канферэнцыі “Спадчына пісьменнікаўкласікаў на прасторы СНД. Роля літаратурных музеяў”, якая адбывалася ў чэрвені на базе музеесядзібы Л.М. Талстога “Ясная Паляна”, былі падпісаны пагадненні з кыргызскім Цэнтрам качавой цывілізацыі імя Курманджана Даткі і домаммузеем А.С. Пушкіна, які месціцца ў Кішынёве.
— Мы падтрымліваем цесныя кантакты і з кітайскімі партнёрамі: наладжана шматгадовае супрацоўніцтва з Цзяньцзіньскім універсітэтам замежных моў. Праз камандзіроўкі нашы супрацоўнікі папулярызуюць творчасць Якуба Коласа, абменьваюцца вопытам з замежнымі калегамі. Таму мы шчыра ўдзячны Міністэрству культуры за ўсебаковую падтрымку нашай міжнароднай дзейнасці, якая з’яўляецца для ўстановы вельмі важным напрамкам работы.
Але немагчыма ўявіць сабе музей без яго работнікаў — людзей, якія штодня плённа працуюць дзеля захавання памяці аб вялікім беларускім пісьменніку.
— Мне вельмі пашанцавала з калектывам, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Гэта каманда энтузіястаў, якія шчыра любяць сваю справу, нашу ўстанову і, канешне, творчасць Якуба Коласа. Прыкладам ініцыятыўнасці і шчырай зацікаўленасці нашых работнікаў з’яўляецца намеснік дырэктара музея Марыя Казакевіч, па прапанове якой рэалізуецца праект “Музей навобмацак”, удастоены сёлета гранта Прэзідэнта ў сферы культуры. Дзякуючы яе рабоце экспазіцыя становіцца інклюзіўнай, даступнай для людзей з парушэннямі зроку.
Фотаздымкам супрацоўнікаў музея розных гадоў знойдзецца месца ў новай кнізе “Тут цяпер музей…”, якую мы прэзентуем у рамках святкавання юбілейнай даты. На яе старонках можна даведацца аб гісторыі музея і нашай паўсядзённай дзейнасці: праектах, канферэнцыях, навуковай і даследчай рабоце. І, канешне, аб спецыялістах, якія працуюць ва ўстанове цяпер. Бо менавіта ад іх, таленавітых і адданых справе, залежыць, якім будзе музей надалей.
Данііл ПІЎКАРЭЦ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА