Узоры папяровай казкі

Апублiкавана: 17 снежня 2024 Стужка Народная творчасць Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

У Асунсьёне, сталіцы Парагвая, з 2 па 7 снежня адбываецца 19-я сесія Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, падчас якой элемент “Выцінанка, беларускае традыцыйнае мастацтва выразання з паперы” быў уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Агулам падчас сесіі 24 дзяржавы — члены камітэта, якія прадстаўляюць 183 дзяржавы — удзельніцы Канвенцыі ЮНЕСКА, разгледзелі 63 заяўкі на ўключэнне ў спісы Канвенцыі ад 90 дзяржаў. У тым ліку 58 заявак на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, улічваючы пяць запытаў на пашырэнне элементаў, раней уключаных у спіс па заяўках іншых дзяржаў, дзве — на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны з патрэбай у тэрміновай ахове і тры — на ўключэнне ў Рэестр перадавога досведу па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У сувязі са станоўчымі вынікамі мер па ахове, ужытых пасля ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны элементаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай ахове, камітэт таксама разгледзеў тры заяўкі на пераход элементаў са Спіса нематэрыяльнай культурнай спадчыны з патрэбай у тэрміновай ахове ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На цяперашні час у ім — 611 элементаў са 140 краін.

З ГЛЫБІНЬ ВЯКОЎ 

Выцінанка, якую ў розных мясцінах яшчэ называюць выразанкай, выстрыганкай альбо выбіванкай, — від і тэхніка народнага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з паперы. Найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі. Але часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру, з геаметрычнымі, расліннымі, зааморфнымі і антрапаморфнымі ўзорамі. Росквіт выцінанкі прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя, калі ёй аздаблялі вокны, сцены, мэблю, элементы святочных убораў. 

У 2021-м мастацтва выцінанкі ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей. Гэтая адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае комплексны характар і прадстаўлена на тэрыторыі ўсіх абласцей краіны.

Майстар Лізавета Чырвонцава з Маладзечна і яе выцінанка "Віфліемская зорка" 

Дарэчы, мастацтва выцінанкі ўзнікла ў старажытным Кітаі — разам з вынаходніцтвам паперы. У познім Сярэднявеччы выцінанка трапляе праз Блізкі Усход у Еўропу і ў XVIII—XIX стагоддзях пашыраецца амаль на ўсёй яе тэрыторыі, у тым ліку і ў Беларусі — спачатку ў шляхецкім, гарадскім, а пазней і ў сялянскім асяроддзі. Тэхналогія грунтуецца на асаблівасцях матэрыялу. Аркуш можна скласці ў любым парадку і выразаць нажніцамі, паўтараючы ўзор столькі разоў, колькі пластоў утварыла папера. Такога працэсу тыражавання нельга дабіцца ад іншых матэрыялаў. Найбольш распаўсюджаны тэхнічны прыём — складанне аркуша ўдвая або ў чатыры ці восем разоў. Асноўныя рысы народнай выцінанкі — сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў. У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. Выцінанка папулярная не толькі сярод дарослых, але выдатна пасуе і для працы з дзецьмі: каб засвоіць гэты від народнага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, трэба толькі жаданне і крыху цярплівасці, а з матэрыялаў — нажніцы, папера і клей. 

ВЯРТАННЕ САКРЭТАЎ 

Адраджэнне мастацтва выцінанкі ў Беларусі адбылося ў 1970—1980 гады. Адным з ініцыятараў вяртання амаль страчанай традыцыі мастацкага выразання з паперы стала архітэктар рэстаўрацыйнага навуковапраектнага інстытута Міністэрства культуры БССР Валянціна Слюнчанка, якая ўключыла яе ў праграму навучання дзяцей і моладзі ў студыі мастацкай творчасці. У 1987-м яе вучні атрымалі дыплом першай ступені Міністэрства аду кацыі БССР, калі ўпершыню прадставілі свае работы ў тэхніцы выцінанкі на Рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці. 

Сёння ў нашай краіне носьбітамі гэтага мастацтва з’яўляюцца каля сотні майстроў.

На Брэстчыне адраджэнне выцінанкі пачалося ў пачатку 2000-х, калі мясцовая майстрыня Святлана Вяль правяла шэраг майстар-класаў для работнікаў культуры вобласці. Адначасова з тым у Ружанах Пружанскага раёна працаваў майстар выцінанкі Юрый Малышэўскі. У Брэсце развіваць выцінанку пачалі Марына Марчук і Ніна Міхайлава, адна перадавала ўменне студэнтам, другая — навучэнцам сярэдняй школы; вынікам гэтай працы сталі абласныя выставы. 

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” праводзіць абласныя святыконкурсы па выцінанцы і шырока папулярызуе гэты від творчасці. У 2003м сумесна з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава быў выдадзены навучальны дапаможнік “Ажурныя выразкі з паперы”, а ў 2012м — буклет-каталог па выніках абласнога свята конкурсу майстроў выцінанкі “Ажурныя мары”. 

Народны майстар Наталля Адзінец з Любанскага раёна

Мясцовыя майстры працуюць у тэхніцы выцінанкі і ў іншых рэгіёнах краіны, а ўключэнне яе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва будзе спрыяць папулярызацыі гэтага мастацтва ва ўсім свеце. 

Антон РУДАК 

Фота з намінацыйнага дасье